Псіхолаг раіць, што рабіць, калі чакаеш пераменаў, а добрых знакаў няма


Тым, хто чакае пераменаў, нельга даваць разбураць сябе знутры.

Намёку на замірэнне з боку ўладаў няма, толькі адваротныя заявы. Канстытуцыйны рэферэндум калі і будзе, то ў лютым. Палітычных вязняў выпускаюць адзінкамі, а іхная колькасць толькі расце. Санкцыі, якія маглі б паўплываць на рэжым Лукашэнкі, увядуць хіба праз месяц. У рабочых – перадзабастовачны стан.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Яўген Атцецкi

Самапрыгнёт вядзе да самаразбурэння

Беларускі псіхолаг расказвае «Белсату»: шмат хто вакол яе кажа пра каласальную і працяглую дэпрэсію, што выражаецца ў нізкім эмацыйным стане, сур’ёзнай трывожнасці, нежаданні рабіць справы і развівацца.

Дыктатура дамагаецца ад беларусаў самакантролю і самапрыгнёту. У людзей нарастае ўнутраны канфлікт, які можа прывесці да разладу, стану фрустрацыі, расчаравання ў ідэях, справах і ў сабе. Эскалацыя негатыўных пачуццяў вядзе да ямы, балота, у нікуды.

«Жорсткі кантроль абсалютна разбурае псіхасаматычны стан чалавека, бо ён усяго баіцца, – адзначае псіхолаг. – Нядаўна жанчына расказвала, што ў яе бялізна бела-чырвоная, дык яна баіцца яе вывешваць, таму сушыць удома. Такія рэчы абсурдныя, але яны разбураюць перадусім здароўе чалавека».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Яўген Атцецкi

Псіхолаг заклікае не заганяць сябе ў кут, не разбураць сябе і не ператварацца ў безасабовага, безыніцыятыўнага і бездапаможнага. Ад чалавека, які давядзе сябе да такога, можна чакаць здрады, чаго заўгодна. Імкнуцца трэба наперад, да развіцця, бо іншы шлях – да дэградацыі. Сённяшні пераходны перыяд трэба асэнсоўваць, казаць пра яго.

Hавiны
«З атрыманаю калектыўнаю траўмай беларусы будуць змагацца гадамі». Размова пра паслявыбарчую сітуацыю з псіхатэрапеўтам
2020.09.07 14:33

Што ж рабіць?

Калі людзі зрабілі выбар на карысць развіцця і пераменаў, трэба заставацца здаровым, адзначае псіхолаг. І дае тры асноўныя парады.

  1. Абавязкова займайцеся сваймі думкамі, падтрымлівайце сябе, культывуйце веру. Кажыце сабе, напрыклад: «Усё, што я раблю, – правільна і неабходна. Я адкрыты да зменаў у сабе і да зменаў у Беларусі». Асэнсаваным стаўленнем да таго, што робіць кожны сам, культывуецца калектыўнае несвядомае. Думкі, якія падтрымліваюць аднаго чалавека, у выніку падтрымліваюць усіх.
  2. Як бы цяжка ні было, якога б самакантролю ні дамагаліся ўлады, прыхільнікам пераменаў трэба займацца нейкаю пратэставаю дзейнасцю: хай і малою, хай і раз на тыдзень, але рэгулярна. Пішыце лісты палітычным вязням, малюйце пратэставыя карцінкі, рабіце пратэставыя ўлёткі. Псіхолаг з захапленнем згадвае адну знаёмую жанчыну, якой «многа-многа гадоў», але яна начамі ходзіць і расклейвае пратэставыя ўлёткі. Хтосьці, кажа псіхолаг, спявае, хтосьці навучае іншых. Такія маленькія кроплі ствараюць прастору для зменаў.
  3. Давайце сабе адпачынак: з’ездзіце кудысьці, дзе можна бяспечна пакрычаць і пабыць сабой. Увесь час быць у стане напружання нельга.

Як доўга можна вытрываць такі стан?

На гэтае пытанне псіхолагу цяжка адказаць: пытанне, хутчэй, рытарычнае. Але калі чалавек робіць глабальны выбар на карысць пераменаў, то ўжо не думае, доўга ці нядоўга, а робіць, кажа суразмоўца:

«У нас другі год хутка пойдзе. Як чалавек аптымістычны і дзейны, кажу: цярпенне чалавека не гумовае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Яўген Атцецкi

Але глядзіце: нас жа шмат. Калі мы займаемся гэтым працягла, фармуецца ідэйная вера. Нічога само сабою ніколі не рабілася, нічога не рабілася раз – і ўсё. Усё роўна змены адбудуцца раней ці пазней, бо над гэтай ідэяй працуе шмат людзей. Калі мы ставімся да жыцця як да развіцця, то гэта мусіць адбыцца, і ўжо не настолькі істотна – раней ці пазней».

Парады
Што трэба ведаць пра псіхалогію міграцыі і як не ўпасці ў дэпрэсію
2021.09.01 08:30

АА belsat.eu

Стужка навінаў