Улады пракаментавалі звесткі аб дэфектах на БелАЭС


Міністэрства энергетыкі Беларусі 30 ліпеня выпусціла адмысловую заяву наконт апублікаваных у сеціве звестак аб дэфектах на другім энергаблоку БелАЭС.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. БелАЭС.
Фота: Белсат

Тэлеграм-канал «сПокойный Островец» раней паведамляў, што другі энергаблок Беларускай АЭС у 2022 годзе быў запушчаны з больш як 12 500 дэфектамі, прычым на пачатак 2023 года заставалася яшчэ амаль 4000 недаробак. Канал апублікаваў табліцу з пералікам неадпаведнасцяў на БелАЭС. Таксама «сПокойный Островец» распаўсюдзіў дакумент, паводле якога падрадчык адмаўляецца ліквідаваць свае недаробкі праз «вялікую абмежаванасць і цяжкадасяжнасць».

Міністэрства энергетыкі 30 ліпеня выступіла з тлумачэннем наконт гэтых табліцаў. Сапраўднасці апублікаваных дакументаў улады не аспрэчваюць, але сцвярджаюць, што гэтыя звесткі былі няправільна інтэрпрэтаваныя некаторымі інтэрнэт-рэсурсамі.

Паводле ўладаў, «за шматлікімі лічбамі крыецца звычайны працоўны працэс – у табліцах прадстаўленыя тыднёва-содневыя заданні для падрадных арганізацыяў, задзейнічаных у праекце».

«Робіцца гэта для дэталёвага маніторынгу тэрмінаў і якасці выканання працаў. Праект маштабны, ён патрабуе павышанай увагі да кожнага этапу работаў, да кожнай дробязі. Калі нехта не ўкладваецца з выкананнем заданняў у адведзены час або выконвае працу з недастаткова належнай якасцю – інфармацыя заносіцца ў табліцы. Пры гэтым у цэлым гэта датычыць не асноўных, а суправаджальных работаў, якія не ўплываюць на ключавыя функцыі, канструкцыі і сістэмы станцыі. Так прасцей кантраляваць ліквідацыю заўваг – яны ёсць на любой будоўлі.

Аб дэфектах у дадзеным выпадку гаворкі не ідзе», – заяўляюць у міністэрстве.

У ведамстве таксама зазначаюць, што табліцы абнаўляюцца кожны дзень.

«Большасць з прадстаўленых у іх пунктаў даўно выкананая і ўжо неактуальная», – рэзюмуюць у міністэрстве.

Hавiны
Літва накіравала ноту Беларусі з патрабаваннем спыніць эксплуатацыю БелАЭС
2023.07.28 22:46

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў