Новыя цэны, падаткі і ядравая зброя. Што чакае беларусаў у ліпені


Сярэдні месяц лета падрыхтаваў беларусам шмат зменаў як у галіне цэнаў і фінансаў, так і на заканадаўчым узроўні. У прыватнасці, змены чакаюць людзей, не занятых у дзяржсектары. У цэлым жа Беларусь стане яшчэ бліжэйшай да статусу ядравай калоніі Расеі.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: «Белсат»

Размяшчэнне ядравай зброі

7–8 ліпеня, паводле прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, павінна скончыцца рыхтаванне збудаванняў для захоўвання тактычнай ядравай зброі ў Беларусі. Пасля гэтага пачнуцца «мерапрыемствы, звязаныя з размяшчэннем на вашай тэрыторыі адпаведных відаў узбраення». Праўда, як заяўляюць беларускія чыгуначнікі, першы этап увозу ядравай зброі ўжо адбыўся ў чэрвені.

Крэдыты патаннеюць

Нацбанк зацвердзіў значэнні разліковых велічынь стандартнай рызыкі (РВСР) на ліпень. Паводле новых крэдытаў у рублях для юрыдычных асобаў РВСР складзе 10,82 % гадавых (у чэрвені – 11,66 % гадавых), для фізічных асобаў – 14,61 % гадавых (у чэрвені – 14,89 % гадавых). Гэта, а таксама тое, што з 28 чэрвеня Нацбанк зноў знізіў стаўку рэфінансавання да 9,5 % гадавых, павінна прывесці да патаннення крэдытаў. І памяншэння ставак па дэпазітах.

Адначасова з 4 ліпеня зменіцца склад звестак, што ўключаюцца ў крэдытную справаздачу. Ён будзе залежаць ад мэты атрымання. Калі справаздача запытваецца для крэдыту, там можа быць больш інфармацыі, чым калі б вы запыталі яе для іншай мэты. Як запэўнівае Нацбанк, гэта дасць магчымасць павысіць абароненасць грамадзянаў пры афармленні крэдытаў.

Здаць валюту будзе прасцей

Банкі з 1 ліпеня павінны ўкараніць адзіныя падыходы да вызначэння прыкметаў плацежнасці замежнай валюты. Раней кліенты сутыкаліся з праблемамі пры продажы і абмене валютных купюраў з прычыны розных патрабаванняў да іх выгляду, цэласці і іншых характарыстык. Цяпер гэтыя прыкметы ўніфікуюць.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: «Белсат»

Беларускія санкцыі

Беларусь з 1 ліпеня яшчэ на паўгода – да 31 снежня 2023-га – падоўжыла забарону на ўвоз з «недружалюбных» краінаў (ЗША, Канады і амаль усёй Еўропы) асобных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі і харчоў. Таксама забараняецца ўвоз з Літвы і Польшчы піва і слабаалкагольных напояў. Але з 1 да 31 ліпеня дазволена ўвозіць «недружалюбныя» яблыкі.

Таксама з 3 ліпеня ўступае ў сілу забарона на перамяшчэнне ў Беларусі зарэгістраваных у Польшчы прычэпаў і паўпрычэпаў. Усе яны павінны пакінуць Беларусь да гэтай даты, інакш тых, хто парушыў забарону, прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці.

Цыгарэты даражэюць, вэйпы – паводле ліцэнзіі

З 1 ліпеня на 15 капеек падаражэюць цыгарэты «Rothmans» і «Lucky Strike», на 20 капеек – «Chapman Кампакт» і некаторыя віды «RB Perliamutr». На 30 капеек стануць даражэйшымі некаторыя цыгарэты марак «Магнат», «Менск», «Прэм’ер», «Фэст», «Dove», «Queen», «Credo», «Minsk», «Matrix», «Red Bor», «Pall Mall», «RB Perliamutr», «Mac», «Kalipso», «LD», «Monte Carlo», «Camel», «Winston», «Richmond», «Sobranie», «NZ», «Portal». На 35–45 капеек вырастуць цэны на некаторыя віды «NZ», «Portal», «Карона» і «Форт».

Таксама з 1 ліпеня для гандлю нетытунёвымі вырабамі, якія ўтрымліваюць нікатын, і вадкасцямі для электронных сістэмаў курэння спатрэбіцца ліцэнзія. Раздробны гандаль імі без ліцэнзіі цягне адміністратыўную (ч. 1 арт. 13.3 КаАП) або крымінальную (арт. 233 КК) адказнасць.

Жыроўкі паводле новых тарыфаў

З 1 чэрвеня выраслі тарыфы на цеплавую і электрычную энергію, прыродны і звадкаваны газ на мэты ацяплення, і ў ліпені беларусам прыйдуць жыроўкі з новымі лічбамі. Гэтак, тарыф на ацяпленне і падагрэў вады складзе Br 24,7187 за 1 Гкал (было Br 21,9245). Кошт кубаметра газу ў доме ці кватэры, дзе ёсць лічыльнікі пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў, вырас да Br 0,2062 (было Br 0,1993).

Новыя падаткі

Рамеснікі і ўладальнікі аграсядзібаў, якія не атрымаюць дазволу мясцовых уладаў плаціць падаткі па-старому, абавязаныя з 1 ліпеня прымяняць падатак на прафесійны даход (ППД). Асноўная стаўка ППД складае 10 % ад валавой выручкі, але пры працы з беларускімі арганізацыямі звыш Br 60 тыс. яна вырасце да 20 %. Стаўка ўключае ў сябе таксама адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Для асобаў, якія атрымліваюць пенсію, яна памяншаецца да 4 %. Не абкладаецца падаткам сума памерам Br 2 тыс. Цяпер рамеснікі і ўладальнікі аграсядзібаў выплачваюць адпаведна Br 6 і Br 37 на месяц.

Таксама павінны ўступіць у сілу змены законаў у пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці. ІП змогуць займацца толькі пэўнымі відамі дзейнасці, але гэтыя змены яшчэ не зацверджаныя.

Найманне замежнікаў

З 1 ліпеня наймальнікам дазволілі не афармляць спецыяльнага дазволу на прыцягненне замежнікаў пры працаўладкаванні больш за 10 чалавек. Ён не спатрэбіцца, да прыкладу, працаўнікам пасольстваў на тэрмін да 2 месяцаў; спартоўцам і трэнерам, якія працуюць у інтарэсах нацыянальных камандаў Беларусі і прадстаўляюць краіну на міжнародных арэнах; культработнікам, якія прыязджаюць з канцэртамі, і арганізацыям, якія іх прымаюць; сезонным працаўнікам. Таксама Міністэрства працы дазволіла наймаць замежнікаў без пастаяннага ВНЖ для працы кіроўцамі, слесарамі, трактарыстамі, швачкамі, электраманцёрамі, медыкамі і інжынерамі.

Уступная кампанія

У Беларусі працягваецца цэнтралізаванае тэставанне. 2 ліпеня абітурыенты будуць здаваць геаграфію, 4 ліпеня – гісторыю. Рэзервовыя дні правядзення ЦТ: 11, 13 і 15 ліпеня. Зарэгістравацца на рэзервовыя дні можна з 1 да 6 ліпеня.

Падаць дакументы ў большасць ВНУ можна з 17 да 25 ліпеня. На два дні даўжэй будуць прымаць дакументы на вочную форму навучання на спецыяльнасці «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя», «Рыбная гаспадарка» і «Ахова працы» і на ўсіх спецыяльнасцях у Вайсковай акадэміі і Інстытуце памежнай службы, а таксама на бюджэт на вайсковых факультэтах і вайсковым інстытуце без права юрыдычнай асобы ў ВНУ.

Платнікі, якія не здаюць уступных іспытаў, павінны падаць дакументы з 17 ліпеня да 3 жніўня (Акадэмія МУС, Магілёўскі інстытут МУС, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС), з 17 ліпеня да 10 жніўня (вочная вучоба на сельгасспецыяльнасцях), з 15 лістапада да 5 снежня (завочнікі ў ВНУ сельгаспрофілю), а таксама з 17 ліпеня да 9 жніўня (іншыя ВНУ).

Таксама з 17 да 19 ліпеня падаць дакументы павінны выпускнікі профільных класаў педагагічнай і спартова-педагагічнай накіраванасці, якія паступаюць на адпаведныя спецыяльнасці, а таксама выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку, якія паступаюць на тэхніку і тэхналогіі, а таксама на натуральныя навукі.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: «Белсат»

Уступныя экзамены пройдуць з 26 да 28 ліпеня ва ўніверсітэце МНС, з 28 да 29 ліпеня – на вайсковым факультэце ГарДУ імя Янкі Купалы, з 26 ліпеня да 2 жніўня – у іншых ВНУ. Уступныя выпрабаванні для вочнай формы навучання на сельгасспецыяльнасцях пройдуць з 28 ліпеня да 2 жніўня, для завочнікаў – з 6 да 15 снежня.

Да 30 ліпеня залічаць бюджэтнікаў у сілавыя ВНУ і на вайсковыя факультэты, да 4 жніўня – у іншыя дзяржаўныя ВНУ (акрамя завочнікаў у сельскагаспадарчыя ВНУ). Платнікаў залічаць амаль ува ўсе ВНУ да 11 жніўня. Апошнімі – да 20 снежня – залічаць завочнікаў у ВНУ сельгаспрофілю.

Што тычыцца сярэдніх спецыяльных навучальных установаў, то тым, хто паступае пасля 9-га класа на вочную бюджэтную форму, дакументы неабходна падаць з 20 ліпеня да 3 жніўня, на платную – да 14 жніўня. Калі платнікам неабходна здаваць уступны экзамен, то дакументы трэба прынесці да 3 жніўня. Старэйшым абітурыентам для вучобы на бюджэце неабходна падаць дакументы з 20 ліпеня да 12 жніўня, платнікам – да 20 жніўня. На спецыяльнасці з уступным выпрабаваннем дакументы трэба падаць да 12 жніўня, на сельгасспецыяльнасці і ветэрынарыю – з 15 кастрычніка да 30 лістапада.

Электронныя накладныя

З 1 ліпеня пры вядзенні знешнегандлёвай дзейнасці адмяняюцца папяровыя накладныя, транспартавыя і іншыя дакументы, якія пацвярджаюць перамяшчэнне тавару. Узамен прапанавана перайсці на электронныя накладныя. Таксама дзяржарганізацыі будуць выкарыстоўваць адзіную сістэму ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асобаў.

Абследаванне дачных электрасетак

Энергазабеспячальныя арганізацыі 1 ліпеня пачнуць абследаваць электрасеткі садаводчых таварыстваў. З улікам гэтага сфармуюць графікі перадачы электрасетак ва ўласнасць энергазабеспячальных арганізацыяў на 2024 год. Указ № 155 «Аб садаводчых таварыствах» вызначае парадак такой перадачы.

Спрасцілі продаж канфіскату

Міністэрства юстыцыі з 1 ліпеня змяніла парадак правядзення электронных гандляванняў для продажу арыштаванай маёмасці. Калі раней электронныя гандляванні заканчваліся роўна а 18:00, то цяпер стаўкі, зробленыя пасля 17:30, будуць падаўжаць электронныя гандляванні кожны раз на 30 хвілінаў.

Таксама з 1 ліпеня запрацуе абноўленая Інструкцыя аб ажыццяўленні дзейнасці заказчыка, забудоўніка, кіраўніка праекту.

Новаўвядзенні ў спорце

З 1 ліпеня пачнуць дзеяць змены і дапаўненні ў Закон аб фізічнай культуры і спорце. Гэтак, вызначаныя гарантыі працаўладкаваным удзельнікам афіцыйных спартова-масавых мерапрыемстваў, калі ўдзел у гэтых мерапрыемствах не ўваходзіць у іхныя працоўныя абавязкі. Таксама ўводзіцца цэнзура сімволікі, якую можна выкарыстоўваць на спартовых падзеях. Змяняюцца падыходы да права на ажыццяўленне дзейнасці для развіцця фізічнай культуры і спорту, скарэктаваныя нормы для супрацьдзеяння допінгу, забаронены подкуп удзельнікаў ці арганізатараў спаборніцтваў.

Падумаюць над дапамогай і палічаць «дармаедаў»

У ліпені стане вядома, ці перагледзяць з 1 жніўня памер пражыткавага мінімуму (БПМ), да якога прывязаныя памеры мінімальных працоўных і сацыяльных пенсіяў, а таксама памер дапамогі, якая выдаецца пры нараджэнні дзяцей. Таксама да 21 ліпеня трэба паспець падаць у камісіі каардынацыі працы для спрыяння занятасці дакументы, якія пацвярджаюць занятасць, каб у жніўні вас не палічылі «дармаедам».

Беларусаў будуць вывучаць

З 1 ліпеня да 31 кастрычніка пройдзе дэмаграфічнае сацыялагічнае даследаванне, ініцыяванае Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Удзельнікам абяцаюць поўную ананімнасць. Задача даследавання – выявіць асаблівасці дэмаграфічных паводзінаў беларусаў, шлюбна-сямейныя адносіны і сямейныя каштоўнасці, каб потым распрацаваць рэкамендацыі для ўдасканалення сямейнай і дэмаграфічнай палітыкі.

Куды паехаць

«Белавія» працягне выконваць чартарныя палёты ў сталіцу Катару да 25 ліпеня. Вылеты выконваюцца ў суботы. Турыстам прапануецца правесці ў Катары сем дзён, што ўключае пляжны адпачынак, экскурсіі, SPA-гатэлі.

З 19 ліпеня наўпроставыя рэйсы з Пскова ў Менск запусціць «Nordwind Airlines». Рэйсы будуць выконвацца двойчы на тыдзень, у серады і суботы.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: «Белсат»

Беларуская чыгунка з 1 ліпеня мае намер зняць два маршруты на кірунках Магілёў – Крычаў і Ходасы – Крычаў. Тая ж БЧ на 8 і 9 ліпеня прызначыла 14 дадатковых цягнікоў для дастаўкі гасцей і ўдзельнікаў свята «Купалле» на радзіме Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым з 6 ліпеня значна вырастуць тарыфы на праезд у цягніках.

Славянскі базар

Асноўныя падзеі XXXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» сёлета пройдуць з 13 да 16 ліпеня. Шматлікія ўдзельнікі фестывалю застаюцца пад санкцыямі за падтрыманне вайны. Без візаў на яго могуць прыехаць людзі з 73 краінаў. Пропускам будзе білет на фестываль.

Макар Мыш /ІР belsat.eu

Стужка навінаў