«Ведаў, што былі на зямлі і горай палоны». Беларус з «Азова» распавёў, як перажыў палон


«У мяне ёсць няскончаная справа», кажа беларус Аляксей (імя змененае), які ваяваў у складзе батальёна «Азоў», абараняў Марыупаль, а потым больш за год знаходзіўся ў расейскім палоне. Цяпер ён праходзіць рэабілітацыю і збіраецца зноў ваяваць. Аляксей распавёў палку Каліноўскага, як выжыў у зняволенні.

Баец «Азова», які быў у расейскім палоне. Крыніца: полк Каліноўскага

Да «Азову» Аляксей далучыўся яшчэ ў 2016 годзе. Першы дзень поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну сустрэў у Марыупалі.

«Мяне разбудзілі, ужо былі абстрэлы. Мы сабраліся і рушылі са сваёй групай у іншае месца дыслакацыі. Перавезлі туды сваё абсталяванне і бралі ўдзел у баявых дзеяннях», – кажа добраахвотнік.

Калі расейскія вайскоўцы штурмавалі «Азоўсталь» і быў дадзены загад здавацца, Аляксея і іншых абаронцаў Марыупалю павезлі ў Еляноўку.

Усё, як у «Архіпелаг ГУЛАГ»

«Наколькі я ведаю, там не здалося адзін ці два чалавекі. Астатнія выканалі загад, – працягвае ён. – Былі прыёмкі. Прыёмка – гэта калі ты прыязджаеш, цябе прымаюць і, адпаведна, былі следчыя дзеянні. Зразумела, што на следчых дзеяннях не па галоўцы людзей гладзілі. У Еляноўцы ўтрымлівалі, згодна з Жэнеўскіх канвенцый, ніяк. Мы жылі ў бараках, як на лагерах. У нас барак быў на 100 чалавек – нас жыло 400-500. На падлозе спалі, куды хто».

Палонных практычна не кармілі.

«Расея вельмі вялікая краіна па тэрыторыі. Даваць людзям палонным па тры кавалачкі хлеба, па ледзь-ледзь кашкі або вады… усе людзі, якія адтуль прыходзяць, губляюць па 20-30 кілаграмаў. Ім павінна быць сорамна хоць бы таму, што такой велізарнай тэрыторыяй можна пракарміць цэлую Афрыку. А яны не маглі пракарміць усяго толькі 3000 ваеннапалонных. Ну ці гэта было зроблена адмыслова. Тады гэта на іх сумленні», – кажа Аляксей.

Каб зразумець, як уладкаваны быў у палоне, трэба прачытаць «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына, кажа мужчына:

«Вось я чытаў – па тых жа методыках яны і працуюць. У прынцыпе нічога не памянялася».

Пасля лагера быў этап у Расею, дзе ваеннапалонных змясцілі ў СІЗА.

«Нам сказалі, што гэта абмен. Я адразу зразумеў, што гэта не абмен, таму што стаялі “КАМАЗы”, нам заматалі вочы, рукі закруцілі, паставілі як селядца ў гэты “КАМАЗ” і мы паехалі.

У СІЗА пачалася так званая прыёмка. Цябе сцягваюць з “КАМАЗа” і б’юць, пакуль ты да камеры не дайшоў – усё. Палкамі, электрашокерам, рукамі, нагамі. Чым захацеў, тым і ўдарыў», – кажа Аляксей.

У СІЗА выклікаюць на «следчыя дзеянні».

«І пачынаюць весці незразумелыя допыты. Ці там людзі неадэкватныя. Пытанне, дапусцім, аб узарваным драмтэатры ў Марыупалі з дапамогай авіяцыі. Я на іх адказваў, што ў нас жа не было авіяцыі. Пасля гэтага мяне, вядома, па галоўцы не пагладзілі. А адказваць на варʼяцкія пытанні не было сэнсу, разумееце?», – распавядае добраахвотнік.

Інтэрв’ю
Анастасія «Север» Махамет – пра тое, чаму сышла з палку Каліноўскага і чаму праўда пра вайну нікому не патрэбная
2024.01.28 07:00

Прыйшлося слухаць «Любэ» і спяваць гімн Расеі

Побыт у СІЗА быў лепшы, чым у лагеры. Раз на тыдзень можна было пайсці ў лазню, у камеры была халодная вада. Калі пашанцуе, то раз на месяц давалі кавалак гаспадарчага мыла. У лагеры мыла не было зусім.

Дні звычайна праходзілі аднолькава.

«Устаў, спяваеш гімн, потым у цябе сняданак з 9 раніцы. Да 12-13 “следчыя дзеянні”. Потым абед і да 17-18 зноў следчыя дзеянні. Потым пасля вячэры гадзіну – дзве тупіш. Бывае раніцай праверка перад сняданкам і ўвечары. І ў 22 гадзіны адбой. Перад сном таксама трэба гімн праспяваць. Але наогул дурная задума спяваць гімн. Я б не дазволіў спяваць гімн сваёй краіны нейкім ваеннапалонным. Не па гонару спяваць мой гімн нейкім іншым людзям. Але яны гэтага не разумеюць, таму ў іх такая і краіна», – кажа Аляксей.

Інфармацыі ніякай не было, акрамя прапаганды. Яшчэ грала музыка.

«38 песень. Я прама палічыў. Усё гэта прапагандысцкае – “Любэ” – любімая група Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна. З 6 раніцы да 10 вечара – музыка, гімн і прапаганда пра Сцяпана Бандэру, Яўгена Канавальца», – працягвае баец «Азова».

Допыты праходзілі па-рознаму. Звычайна задавалі пытанні накшталт: «Марадэрыў? Забіваў?».

«Я так разумею, ім трэба было шукаць злачынствы, каб усё, што яны нарабілі, на кагосьці пераважыць. Як маленькія дзеці», – распавядае Аляксей.

Гісторыі
Задакументаваць пекла на зямлі: расеец фіксуе злачынствы РФ у Марыупалі і просіць дапамогі
2023.06.11 16:30

Пра катаванні добраахвотнік кажа неахвотна.

«Давайце гэтае пытанне апусцім. Я зразумеў, на што вы намякаеце. Калі хтосьці хоча зразумець, як адбываюцца катаванні, трэба самому гэта адчуць. Не заўсёды, я ж кажу, былі катаванні. Усё залежыць ад нейкіх іх чалавечых якасцяў. Я не буду казаць некаторых нюансаў. Там сядзяць людзі. Білі, было. Пачынаючы з сакавіка – красавіка 2023 года нас наогул ніхто не чапаў, дзе я знаходзіўся. Пачалі плюс-мінус добра карміць і ніхто не біў. Таму тут усё залежыць ад чалавека ці ад месца.

Мы з вамі зараз сядзім у цяпле. Хлопцы сядзяць там цяпер у палоне, у голадзе, у холадзе. Яны ж [расейцы. – Рэд.] там выглядваюць усякія такія тэмы. За кожнае маё лішняе слова хтосьці будзе адказваць. Але не вы з кавай цяпер тут», – падкрэслівае добраахвотнік.

У палоне думкі былі ў асноўным пра ежу.

«Есці хацелася. І ўсё. І параўноўваў гэтую сітуацыю, з тым, што вычытваў у кнігах. Я ведаў, што былі на нашай зямлі і горай палоны. Дапусцім, [калі паланілі] тых жа кітайцаў падчас Другой сусветнай, калі японцы над імі вопыты ставілі. Калі людзі там вытрымлівалі, то і мы вытрымаем. Гэта першае. Другое – кожнаму дадзена на плечы толькі тое, што ён можа вынесці. Я палічыў так, што калі мне гэта дадзена на плечы, я гэта і панясу. Калі Творца мяне стварыў, ён жа не стварыў мяне пакутаваць. Ён стварыў мяне быць шчаслівым. А ўсё, што са мной ні адбываецца, я вынесу», – кажа Аляксей.

Потым ваеннапалонным сказалі, што будзе абмен, запісалі з імі відэа, быццам прэтэнзіяў да адміністрацыі СІЗА няма і павезлі да мяжы з Украінай.

«Першая думка, калі апынуўся ва Украіне?», – пытаецца прадстаўнік палка Каліноўскага.

«Хацеў закінуцца снюсам [некурыльны тытунёвы выраб. – Рэд.] і паесці зефіру. І ўсё», – адказвае Аляксей.

Ён называе ўсё тое, што адбылося, жыццёвым урокам.

«Перанёс чатыры аперацыі. Тры на целе, адна – на калене. Яшчэ рэабілітацыю праходжу па калене. Там у мяне разбураныя суставы каленныя, таму трэба цяпер яшчэ рабіць другое калена і ўсё. Новыя звязкі, новыя суставы. Трэба распрацоўваць – гэта яшчэ месяцы тры-чатыры. Дзесьці так я думаю. І вяртаюся ў строй. У мяне ёсць няскончаная справа», – адзначае баец «Азова».

«Як ты зразумееш, што скончыў яе?», – удакладняе прадстаўнік ПКК.

«Вы таксама зразумееце. Усё будзе добра, я ў гэтым упэўнены», – заключае добраахвотнік.

Ваяры
Былы кантрактнік Лукашэнкі параўнаў армію Беларусі і ЗСУ
2024.01.28 18:45

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў