Пазоў да “Народнай Волі” прыпынены


Вышэйшы гаспадарчы суд прыпыніў вытворчасць паводле пазову Міністэрства інфармацыі аб спыненні выхаду газеты “Народная Воля”.

Гэтае рашэнне каментуе галоўны рэдактар выдання Іосіф Сярэдзіч: “Як мы і прадугледжвалі, суд прыняў рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам. Сапраўды, нельга працягваць судовага працэсу, пакуль не вырашаны шэраг іншых пытанняў. Мы звярнуліся ў Вышэйшы гаспадарчы суд з заяваю, з касацыйнаю скаргаю. Пакуль гэтыя дакументы не будуць разгледжаныя, нельга сёння прымаць канчатковага рашэння. Таму, мне здаецца, суддзя правільна ўзважыла ўсё і прыняла адпаведнае рашэнне”.

Спадар Сярэдзіч лічыць, што закрыццё “Народнай Волі” не будзе карыснае нікому: не так і шмат у краіне незалежных выданняў, каб можна было на падставе папярэджанняў закрываць найстарэйшыя газеты Беларусі.

“А самае галоўнае, што ўвесь час “Народная Воля” прытрымлівалася і будзе прытрымлівацца толькі аднаго – аб’ектыўнасці ў асвятленні ўсіх падзеяў нашага жыцця. Памылкі – яны здараюцца ў кожнага, але трэба глядзець, што гэта за памылкі. Мы не агрэсіўная газета. Мы не думаем зрабіць нейкую шкоду дзяржаве, уладзе, грамадству, чытачам нашым. Наадварот – мы імкнёмся сваім словам дапамагчы нашай роднай Беларусі хутчэй выйсці на дэмакратычны шлях развіцця, каб мы не судзіліся з кожнай нагоды праз кожны дзень”, – падкрэслівае галоўны рэдактар.

Разам з тым Міністэрства не адклікае свайго пазову да газеты, і “Народнай Волі” ўсё яшчэ пагражае закрыццё.

belsat.eu

Стужка навінаў