NATO: Расея страціла ў вайне з Украінай 300 тысяч забітымі і параненымі


Страты расейскай арміі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну перавысілі 300 тысяч асобаў забітымі і параненымі, заявіў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг. Пра гэта паведамляе DW.

«У вайсковых адносінах Расея страціла значную частку сваіх звычайных узброеных сілаў», – падкрэсліў Стольтэнбэрг у Бруселі 29 лістапада, пасля заканчэння сустрэчы міністраў замежных справаў дзяржаваў Альянсу, у якой удзельнічаў таксама кіраўнік МЗС Украіны.

Ён не ўдакладніў, колькі з 300 тысяч асобаў былі забітыя, а колькі атрымалі раненні.

Акрамя таго, Расея страціла «сотні самалётаў і тысячы танкаў», сказаў генеральны сакратар NATO.

Пры гэтым Енс Стольтэнбэрг перасцярог ад спадзеваў, што вялікія страты прывядуць да хуткага завяршэння вайны ва Украіне. Паводле генеральнага сакратара, у прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна «высокі парог талерантнасці», калі размова ідзе пра ахвяры.

Аналітыка
Ад 100 да 500 тысячаў. Якія страты зазнала Расея і Украіна за 1,5 года вайны
2023.08.24 09:32

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны ў зводцы за 29 лістапада паведамляў, што страты расейскага войска з пачатку вайны склалі ўжо 327 580 асобаў.

Журналісты выданняў BBC і «Медиазона» на дзень 17 лістапада здолелі высветліць імёны 37 052 загінулых расейскіх вайскоўцаў. Гаворка выключна пра пацверджаныя факты гібелі, звесткі пра якія з’явіліся ў адкрытых крыніцах. На падставе гэтага спісу журналісты BBC прыйшлі да высновы, што паводле найбольш кансерватыўнай ацэнкі страты расейскага войска забітых можа быць удвая болей. Плюс яшчэ мінімум 20 тысяч байцоў маглі загінуць у складзе ўзброеных фармаванняў непрызнаных ЛНР і ДНР. Паколькі звычайна на аднаго забітага прыпадаюць 3-4 параненыя, то агульныя страты сапраўды могуць быць каля 300 тысячаў.

У кастрычніку брытанская выведка ацаніла страты Расеі загінулымі і цяжкапараненымі прыкладна на 190 тысяч вайскоўцаў, а з улікам параненых, якія здольныя вярнуцца на поле бою пасля акрыяння, – да 290 тысяч асобаў.

18 жніўня аўтарытэтнае выданне «The New York Times» са спасылкаю на афіцыйных асобаў ЗША паведаміла, што сумарныя страты РФ ва Украіне набліжаюцца да 300 тысячаў асобаў: 120 тысячаў загінулых і 170–180 тысячаў параненых.

Аналітыка
Расея нападзе на NATO праз 6-10 гадоў? На чым грунтуецца гэты прагноз і што азначае
2023.11.22 17:08

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў