Яўгена Прыгожына пахавалі на Парахаўскіх могілках у Санкт-Пецярбургу


Днём 29 жніўня адбылося пахаванне Яўгена Прыгожына. Заснавальніка ПВК Вагнэра пахавалі на Парахаўскіх могілках на поўначы Санкт-Пецярбурга побач з ягоным бацькам. Цырымонія прайшла ў закрытым рэжыме.

Парахаўскія могілкі на поўначы Санкт-Пецярбурга, Расея. 29 жніўня 2023 года.
Фота: «Вот Так» / Белсат

Прэс-служба Яўгена Прыгожына паведаміла, што развітанне з ім «адбылося ў закрытым фармаце» і «ахвотныя развітацца могуць наведаць Парахаўскія могілкі». Аднак перыметр могілак ачапілі сілавікі, наведвальнікаў туды не пускаюць. Адзін з сілавікоў у ачапленні сказаў карэспандэнту «Осторожно Media», што прайсці на могілкі можна будзе толькі раніцай.

На Парахаўскіх могілках выданню MSK1 паведамілі, што пахавалі Прыгожына «каля 16 гадзін дня». На могілках на пытанне, чаму пра месца пахавання раней не паведамлялася, адказалі: «Так пажадалі сваякі».

Выданне «Агенство» са спасылкай на супрацоўніка могілак піша, што на пахаванні было 20–30 чалавек, а ўся цырымонія цягнулася каля 40 хвілінаў. На ёй былі толькі блізкія і сваякі і не было людзей у ваеннай форме. Таксама паведамляецца, што вайсковых ушанаванняў, якія належалі Прыгожыну як Герою Расеі падчас пахавання, верагодна, не было.

Парахаўскія могілкі на поўначы Санкт-Пецярбурга, Расея. 29 жніўня 2023 года.
Фота: «Вот Так» / Белсат

Раней прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў паведаміў журналістам, што Уладзімір Пуцін на пахаванне Прыгожына не прыйдзе.

Парахаўскія могілкі на поўначы Санкт-Пецярбурга, Расея. 29 жніўня 2023 года.
Фота: «Вот Так» / Белсат

Самалёт з кіраўніцтвам ПВК Вагнэра разбіўся ў Цвярской вобласці Расеі 23 жніўня, праз два месяцы пасля спробы вайсковага мяцяжу. 27 жніўня Следчы камітэт РФ пацвердзіў асобы загінулых. Паводле неафіцыйных версіяў, або бізнес-джэт Прыгожына быў збіты СПА, або на борце выбухнула бомба. У выніку загінулі сем пасажыраў і трое чальцоў экіпажу.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў