Палітзняволеная праваабаронца Наста Лойка завочна стала выбітнай выпускніцай ЕГУ


У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце прайшло адзінаццатае ўручэнне ўзнагароды выбітным выпускнікам. Сёлета выбітнай выпускніцай прызнана завочна палітзняволеная праваабаронца Наста Лойка. Аб гэтым паведамляе «Вясна».

Ксенія Малюкова падчас атрымання ўзнагароды для Насты Лойкі. Вільня, 29 чэрвеня 2023 года.
Фота: «Вясна / Правы чалавека» / Telegram

29 чэрвеня ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў 11-ы раз уручылі ўзнагароду «Выбітнай выпускніцы». Сёлета ў намінацыі перамагла палітзняволеная Наста Лойка, 20 чэрвеня асуджаная за праваабарончы даклад да сямі гадоў зняволення ў калоніі. У гонар Насты ва ўніверсітэце будзе ўстаноўлена імянная таблічка. Трэці год запар узнагарода прызначаецца палітзняволеным.

Паколькі Наста знаходзіцца ў вязніцы, то ганаровы сертыфікат ад яе імя прыняла ейная сяброўка, магістрантка ЕГУ Ксенія Малюкова. Яна выступіла з прамовай, у якой узгадала іншых палітзняволеных, якія атрымалі такую ўзнагароду ЕГУ ў папярэднія гады.

Ксенія падзякавала ўсім, хто намінаваў і галасаваў за мужную праваабаронцу, і адзначыла, што Наста – бясспрэчна жанчына-легенда. Але калі б тое было магчыма, то сяброўка памяняла б усе прэміі свету на свабоду Насты Лойкі.

«Хай хутчэй наступіць лепшы час, у якім не будзе навін, у якіх паміраюць мігранты з Сірыі, Афганістану, Ірану, Іраку, Чачэніі, спрабуючы перабрацца праз памежныя барʼеры. Свабоду ўсім зняволеным па палітычных матывах у свеце!» – сказала Ксенія Малюкова.

Раней «Белсат» паведамляў, што ў Менскім гарадскім судзе 20 чэрвеня 2023 года вынеслі прысуд па справе палітзняволенай праваабаронцы Насты Лойкі. Ёй прысудзілі 7 гадоў калоніі паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці») за падрыхтоўку даклада «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі» (2017-жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і пазіцыя самой Насты невядомыя. Прысуд вынесла Алена Шылько, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Вольга Дзіндзелевіч.

Каментар
Праваабаронцы: Пераслед Насты Лойкі – асабістая помста сілавікоў
2023.06.13 18:31

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў