Латышская казка нон-стоп!

Мой фаварыт мінулага, 86-га з ліку чэмпіянату свету па хакеі з шайбаю, што напярэдадні скончыўся гульнёю за трэцяе месца і галоўным фіналам у фінскім Тампэрэ, – зборная Латвіі. Дасюль у вушах стаіць гучны, дружны, раскацісты, нават у нечым спеўны вокліч тысяч заўзятараў спачатку на «Arēna Rīga», а потым і на «Nokia Arena» ў Тампэрэ.

Прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс фатаграфуецца разам з хакейнай камандай пасля перамогі Латвіі ў барацьбе за бронзу чэмпіянату свету па хакеі з шайбаю. Рыга, Латвія. 29 траўня 2023 года.
Фота: Valsts prezidenta kanceleja / Twitter

Латвія ўвайшла ў сэрца яшчэ і таму, што менавіта яна першаю падняла пытанне немагчымасці правядзення разам з Менскам чэмпіянату свету 2021 года праз жудасныя наступствы прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020-га, калі пасля іх не мінуў і тыдзень. Менавіта латышы, ужо падчас уласна сусветнага першынства, якое ў выніку прынялі самастойна ў траўні 2021-га, не баючыся папрокаў і пакаранняў, недвухсэнсоўна і публічна памянялі дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг Беларусі, узняты на флагштоку разам са сцягамі іншых краінаў – удзельніц турніру, на бел-чырвона-белы – у самым цэнтры сталіцы Латвіі. І гэта зрабілі не хуліганы. Да такой ідэі асэнсавана прыйшлі кіраўнік замежнапалітычнага ведамства краіны Эдгар Рынкевіч і мэр Рыгі Мартыньш Стакіс. Гучная падзея адбылася праз дзень пасля прымусовай пасадкі самалёта кампаніі «Ryanair», які курсаваў з Афінаў у Вільню, але на загад Лукашэнкі дзеля задавальнення ім уласных амбіцыяў, быў прыземлены ў Менску.

Напэўна, Латвія, якая ніколі вышэй за сёмае месца (тры разы) на такіх турнірах не ўздымалася, і была б гэтак сама на мяжы групавога турніру ды першага раўнду плэй-оф, каб не яе надзвычай апантанае натхненне. Каманда паказала сапраўды прафесійны, стабільны, іскрамётны хакей з вялізнаю хуткасцю, роўнаю хуткасцям шведаў, канадцаў і амерыканцаў. Адно што згулялі б і ў вызначальным двубоі, каб замест бязглуздых і абсалютна нявымушаных парушэнняў правілаў з выдаленнямі працягвалі б ціснуць канадцаў у паўфінале і, маючы колькасную перавагу, нарошчваць свой адрыў у ліку. А так двойчы былі наперадзе, але ў выніку скарыліся волі лёсу.

Вельмі нячасты выпадак, калі адной і той жа камандзе даводзіцца сустракацца з паўночнаамерыканскімі хакейнымі дружынамі два разы запар ды яшчэ без дня перапынку. Гульню за трэцяе месца, супраць ЗША, напэўна, і самыя заўзятары не разглядалі ўжо як патэнцыйна паспяховую. А расейскія рэсурсы, падкрэсліваючы, што Латвія ўпершыню ўзнялася вышэй за межы чвэрцьфіналу, смакавалі адзін і той жа выраз: «Латышская казка скончылася!» І селі ў лужыну. Казка не скончылася. Яна вярнулася. І ў матчы за трэцяе месца супраць ЗША гэта была ўжо не казка. Гэта быў сучасны магутны хакей на роўні, а нават і лепей за тых, хто традыцыйна задае моду. Латвія зрабіла яшчэ большую сенсацыю, перагуляўшы зорна-паласатых і абсалютна заслужана заваяваўшы бронзавыя медалі сусветнага першынства. А ў наступным годзе абавязкова пазмагаецца за права згуляць на Белай алімпіядзе – 2026, што адбудзецца ў італьянскіх Мілане і Картыне-д’Ампэцца. І ўжо адчуваецца, што сваё найлепшае дасягненне – 8-е месца на Гульнях-2014 у Сочы – нашыя латышскія сябры абавязкова перакрыюць.

А рыхтавацца ці не рыхтавацца беларусам і расейцам да кваліфікацыі на Гульні, будзе вядома толькі ў сакавіку 2024 года. МФХ (Міжнародная федэрацыя хакею) менавіта тады вернецца да разгляду гэтага пытання. І калі Пуцін ды Лукашэнка застануцца ва ўладзе, гэта амаль стоадсоткава будзе значыць, што і Беларусь, і Расея прапусцяць наступную Алімпіяду (Расея – упершыню).

Хто стварыў найбольшую сенсацыю?

Даходзім да фіналу і найперш задаёмся пытаннем: хто стварыў найбольшую сенсацыю на гэтым чэмпіянаце свету – Латвія ці Нямеччына (фіналіст другі раз пасля 1930 года)? Першынство тут аддам нашым суседзям. Бо немцы былі вышэйшыя за латышоў у рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі хакею і дасюль, займаючы 9-е месца. А цяпер увогуле скокнулі на рэкордны – пяты – радок. Латвіі трэцяе месца дало ўздым толькі на адну пазіцыю. Цяпер бардова-белыя на 10-м радку. Лідаруе Канада, забраўшы ў Фінляндыі тытул дзейнага чэмпіёна свету і памяняўшыся з фінамі першым і другім месцамі ў рэйтынгу. Гэтак, менавіта зборная Краіны кляновага ліста першынствавала сёлета ў чэмпіянаце планеты, як выгульвала яго і ў 2015-м, і ў 2016-м, і ў 2021-м, пераканальна перамогшы ў фінале хакеістаў Нямеччыны – 5:2.

Ахвотна пагадзіўся выказаць меркаванне беларускі журналіст і спартовы аналітык Яўген Асінскі: «Так, латышы больш сенсацыйныя. А немцы ўжо замацавалі за сабою статус моцнага суперніка. Вядома, называць іх фаварытамі было б занадта, але пасля правальнай Алімпіяды-2022, 10-е месца з 12 камандаў, пасля – толькі Латвія і Кітай, 64-х гадовы немец канадскага паходжання, чалец Залы хакейнай славы ФРГ, галоўны трэнер зборнай Нямеччыны Гаральд Крайс правёў выдатную працу над памылкамі».

Латвія святкуе пераможны гол у оўвэртайме супраць ЗША ў матчы за бронзу чэмпіянату свету па хакеі ў Тампэрэ, Фінляндыя. Латвія выйграла з лікам 4-3. 28 траўня 2023 года.
Фота: Pavel Golovkin / AP Photo / East News

Дарэчы, нямецкую зборную праз свае сацыяльныя сеткі павіншаваў Федэральны канцлер краіны Оляф Шольц: «Шчыра віншую каманду з медалём і выдатным выступам на чэмпіянаце свету па хакеі. Вы ўсіх уразілі! І віншую Канаду з тытулам. З нецярплівасцю чакаю хатняга чэмпіянату свету ў 2027 годзе».

«Выступ зборнай Латвіі параўнаю з вынікам футбольнай каманды Японіі на чэмпіянаце свету – 2022 у Катары, – працягвае спадар Яўген. – Калі відавочныя андэрдогі гуляюць з душою, без пазірання на вынік, а Латвія распачала гэты чэмпіянат свету з паразы 0:6 ад Канады, то ў іх атрымліваецца практычна ўсё».

Суразмоўца мяркуе, што поспех латышоў уражвальны не толькі для хакею, але і для ўсяго сусветнага спорту: «Калі ў турніры ёсць зборныя Фінляндыі, гэта алімпійскі чэмпіён, Швецыі, Канады, заняць трэцяе месца краіне з насельніцтвам менш за два мільёны чалавек нават матэматычна выглядае як вялікае шанцаванне, перспектывы якога першапачаткова набліжаліся да нуля».

І сапраўды. Легендзе латышскага хакею Харыйсу Віталыньшу, галоўнаму трэнеру зборнай Латвіі, які ў канцы красавіка адзначыў сваё 55-годдзе, гульцом выступаў пры сваіх 191 сантыметры росту і 100 кілаграмах вагі на пазіцыі цэнтральнага нападніка, удалося прыўнесці ў нацыянальную каманду ўменне выгульваць матчы і цэлыя турніры.

«Досвед буйных перамог у яго ёсць. У складзе трэнерскага штабу зборнай Расеі трыумфаваў на чэмпіянаце свету – 2014, а ў 2018-м упершыню стаўся з ёй яшчэ і алімпійскім чэмпіёнам. А ў сезоне 2011/2012, 2012/2013 у якасці асістэнта галоўнага трэнера прыводзіў маскоўскае «Дынама» да перамогі ў Кубку Гагарына. Менавіта Віталыньш прынёс у каманду ўзаемапаразуменне, чаго ёй гэтак бракавала раней. І, вядома, вельмі важкі факт – заўзятары. Гэта нават не дадатковы гулец, гэта цэлая пяцёрка. Краіна паверыла ў сваю зборную, а тая даказала, што можа дасягнуць амаль нябёсаў», – адзначае суразмоўца.

Ці варта ствараць базавы клуб зборнай, які ці не апошнімі ўва ўсім нашым глабальным хакейным свеце імкнуліся трымаць у Беларусі? Паводле Яўгена Асінскага, гэта перажытак мінулага: «Гегемонія гульцоў з базавага клубу зборнай была цяжкім грузам для зборнай Латвіі, якая ніяк не давала паразумення паміж гульцамі рыжскага «Дынама» і легіянерамі. На Алімпіядзе-2022 у Пекіне было восем гульцоў са сталічнага клубу, на гэтым першынстве – ніводнага. І адсутнасць натуралізаваных хакеістаў, непамернай наяўнасцю якіх апошнімі гадамі грашыла зборная Беларусі, – асобны пункт, за які латышы заслугоўваюць вялізнай павагі».

Калі разглядаць Нямеччыну, то нападнік Домінік Кагун, які нарадзіўся ў Чэхіі, прызнаўся, што ў ягонай краіне не чакалі такога поспеху ад зборнай. Нават прадказвалі вылет з элітнага дывізіёну: «Але мы ледзь не сталіся чэмпіёнамі ўпершыню, маючы таксама максімальнае на Алімпіядах срэбра 2018 года. І гэта вельмі натхняе. Прычым мелі мы яшчэ не самы моцны склад, які маглі выставіць».

І прывяду яшчэ адную думку майго калегі Яўгена Асінскага: «Усё крыецца ў развіцці нямецкага хакею. У мінулым чэмпіянаце Бундэслігі выступілі 150 прадстаўнікоў Паўночнай Амерыкі, у тым ліку ў свой час энхаэлаўцы і былыя прадстаўнікі КХЛ, якія абралі Еўропу пасля сыходу з Расеі. У галоўнай хакейнай лізе ФРГ працуюць з дзесяць амерыканскіх трэнераў. І гэта стварыла сапраўдную хакейную атмасферу ў краіне».

Хакей – гэта і спорт, і шоу, і бізнес. Усе агучаныя тэрміны ніяк не прыклеіш да зборнай Беларусі. Няма ў нас нічога з гэтага. Не ўласціва Беларусі тое, да чаго ў спорце прывыклі і што цудоўна ўмеюць рабіць Еўропа ды Паўночная Амерыка. Чэмпіянат планеты ў 2024 годзе ў тыя ж тэрміны, што і цяперашні, з 12 да 28 траўня, прымуць чэшскія Прага і Острава, у 2025-м гаспадарамі стануцца шведскі Стакгольм і дацкі Гэрнінг, затым чарга Швейцарыі (Цюрых, Фрыбур) і ў 2027-м, як пісалася вышэй, гаспадары – Нямеччына (Дусэльдорф, Мангайм). Расейскія і беларускія стадыёны ў найбліжэйшую пяцігодку як мінімум ад вялікага хакею адпачнуць у цішы дзіцячых, моладзевых і дарослых міжсабойчыкаў, а таксама гульнямі з прадстаўнікамі «сяброўскіх краінаў».

Інтэрв’ю
«Мы коцімся туды, адкуль хутка не вяртаюцца». Аляксандр Апейкін – пра перспектывы прафесійнага спорту ў Беларусі
2023.05.28 15:11

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў