Новыя экстрэмісты, следства супраць жонкі Дашкевіча і «справа Слаўнікавай». У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі


Палітзняволеную журналістку Ірыну Слаўнікаву абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання, ёй пагражае да 7 гадоў зняволення.

Слаўнікава абвінавачваецца паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх» (ч.1 арт. 342) і «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 арт. 361-1). Апошні артыкул прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Наста Дашкевіч стала падазраванай па крымінальнай справе. Цяжарную жонку палітвязня Змітра Дашкевіча падазраюць па артыкуле 342 – «Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Беларусцы Яне Пінчук працягнулі тэрмін утрымання пад вартай у расейскім СІЗА да 31 ліпеня.

Раніцай 29-га красавіка быў затрыманы старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу ААТ «Гродна Азот» Андрэй Ханевіч.

You-Tube-канал, Telegram-канал, чат і лагатып «Жизнь-малина» прызнаныя «экстремісцкімі матэрыяламі».

Дачку беларускага пісьменніка і журналіста Міхася Скоблы 26-гадовую Сафію Скоблу затрымалі ў Менску 26 красавіка і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Учора над дзяўчынай адбыўся суд. Па папярэдняй інфармацыі, міліцыянты склалі на яе пратакол за бел-чырвона-белы бранзалет на руцэ. Гэта расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне» (арт. 24.23 КаАП). Скоблу прызналі вінаватай і арыштавалі на 15 сутак, паведамляе «Вясна».

Як стала вядома праваабаронцам, у Менскім раённым судзе ў лістападзе 2021 года да аднаго года пазбаўлення волі асудзілі 34-гадовую Святлану Саўчанка. Яе абвінавацілі ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК) за тое, што 2 верасня 2020 года на праўладным аўтапрабегу «За адзіную Беларусь» у Новай Баравой яна сарвала з адной машыны пластмасавы флагшток і некалькі разоў стукнула па машыне Land Rover, якая ўдзельнічала ў ім.

Палітзняволеную Зінаіду Міхнюк абвінавачваюць на аснове матэрыялаў праслухоўвання. 60-гадовую жанчыну абвінавачваюць па артыкуле 369 КК «Абраза прэзідэнта». Паводле інфармацыі іншага зняволенага, Міхнюк абвінавачваюць на аснове матэрыялаў з праслухоўвання, якая стаяла ў яе як актывісткі прафсаюзу РЭП.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў