Ціханоўская пра масавыя ператрусы: «Злачынцы тыя, хто ператвараюць Беларусь у турму»


Святлана Ціханоўская пракаментавала хвалю ператрусаў, якія праходзяць у Беларусі 28 лістапада. Трэба дапамагаць тым, хто мае ў гэтым  патрэбу, і працягваць працу, лічыць яна.

Святлана Ціханоўская.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

«Рэжым вядзе сапраўднае паляванне за беларусамі, якія кожны дзень працуюць дзеля пераменаў у краіне, і запалохвае іх сваякоў. Але тады, па логіцы рэжыму, у Беларусі кожны трэці – тэрарыст і злачынец. Лукашэнка працягвае ціснуць на ўсіх нас за тое, што, нават знаходзячыся ў выгнанні, мы ўсё роўна працягваем працу. Нас называюць тэрарыстамі, выстаўляюць пагрозай для грамадства, бяруць у закладнікі нашых блізкіх. Але сапраўдныя злачынцы – зусім не актывісты ў выгнанні, а тыя, хто працягваюць ператвараць Беларусь у турму. Тыя, хто сілай знішчаюць любое іншадумства. Таму я прашу вас паклапаціцца пра сваю бяспеку і бяспеку блізкіх. Людзі – наша галоўная каштоўнасць», – падкрэслівае Святлана Ціханоўская.

Каментар
Навошта ўладам Беларусі ладзіць пагромы ў сваякоў чальцоў КР і НАУ? Губарэвіч мае тлумачэнне
2023.11.28 15:43

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету просіць беларусаў супакоіць блізкіх і ўдакладніць, ці патрэбна ім дапамога.

«Праверце, ці можаце вы хоць чымсьці дапамагчы тым, хто ўжо трапіў у бяду, ці баіцца патрапіць. Разам куды лягчэй перамагчы паніку і знайсці шляхі вырашэння праблем. Калі ласка, не забывайце і пра тых, хто ўжо апынуўся за кратамі, і іх сваякоў. Мае дарагія, мы павінны трымацца разам і працягваць працу, каб пакласці канец гэтаму бязмежжу і прыцягнуць усіх вінаватых да адказнасці», – працягвае Ціханоўская.

28 лістапада сілавікі ў Беларусі правялі шматлікія ператрусы ў прадстаўнікоў дэмсілаў.

«Сілавікі прыходзілі і працягваюць прыходзіць да прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады, офісу, Абʼяднанага пераходнага Кабінету, Народнага антыкрызіснага кіравання і да іх семʼяў, а таксама да блізкіх прадстаўнікоў іншых дэмакратычных структур. Гэта адзін з самых маштабных і варварскіх нападаў рэжыму з 2021 года», – адзначае Ціханоўская.

У прыватнасці, сілавікі разграмілі падчас ператрусу кватэру аналітыка Сяргея Чалага.

На гэтым фоне Следчы камітэт распавёў пра крымінальную справу супраць удзельнікаў Каардынацыйнай рады. Паводле звестак сілавікоў, па справе праходзіць больш за 100 чалавек.

Каментар
Латушка пра хвалю пагромаў: сілавікі ўзброеныя, арыштоўваюць маёмасць сваякоў актывістаў
2023.11.28 15:13

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў