Актывісты надрукавалі аўтарскі каляндар на кожны дзень 2023 года, каб падтрымаць самвыдат у Беларусі


Ініцыятыва ByProsvet яшчэ ў 2020 годзе распачала партызанскі самвыдат у Беларусі – актывісты друкавалі і распаўсюджвалі газеты і ўлёткі. Пасля ўзмацнення рэпрэсіяў частка каманды была вымушаная з’ехаць. Аднак дагэтуль у Беларусі застаюцца людзі, гатовыя далей развіваць самвыдат. Каб дапамагчы ім, актывісты ByProsvet ужо за мяжой выдалі каляндар на кожны дзень 2023 года. Мы пагутарылі з прадстаўніцай ініцыятывы Ксеніяй пра сучасны самвыдат унутры Беларусі і як яго можна падтрымаць, набыўшы каляндар.

Актывісты надрукавалі аўтарскі каляндар на кожны дзень 2023 года, каб падтрымаць самвыдат у Беларусі.
Фота: 2023.calendar/Instagram

«За мяжой пачалі думаць, як мы можам далей заставацца карыснымі для Беларусі»

– Ксенія, распавядзіце, калі ласка, пра вашую ініцыятыву. Калі і навошта яна была створаная?

– BYprosvet – ініцыятыва, якая дапамагае партызанскаму самвыдату ўнутры Беларусі. Мы распачалі гэтую дзейнасць у 2020 годзе. У 2021 шмат каму з нашай каманды прыйшлося выехаць за мяжу. Тады мы пачалі думаць, як мы можам працягваць дапамагаць Беларусі, беларускай культуры, людзям, якія застаюцца ў Беларусі, чым мы можам быць для іх карыснымі. У нас з’явілася ідэя выдаць каляндар, тады яшчэ на 2022 год. Мы зрабілі яго хутка, але, на жаль, друкаваць нам яго прыйшлося толькі ў лютым 2022 года, якраз перад вайной.

– Як пачатак поўнамаштабнай вайны паўплываў на працу вашай каманды?

– Ад самага пачатку мы засяродзіліся на дапамозе ўкраінцам. Але мы ніколі не забываліся на беларусаў. Акрамя падтрымання самвыдату, мы таксама пачалі дапамагаць палітвязням і іхным сем’ям, дзеля гэтага мы супрацоўнічаем з рознымі ініцыятывамі.

Мы таксама гатовыя падтрымліваць праекты за мяжой, якія дапамогуць беларускай культуры, мове не памерці, захавацца. Мы запусцілі праект «Камера 18», выдалі аднайменную кнігу пра рэпрэсіі ў Беларусі на некалькіх мовах, каб як мага больш людзей маглі даведацца пра нашую сітуацыю. Мы далі праекту такую назву, бо ў тыя дні вельмі шмат нашых сяброў былі ў зняволенні, а пад нумарам 18 была вядомая жаночая камера. Мы палічылі, што такая назва будзе вельмі трапнай.

Адначасова мы вырашылі працягваць нашую ідэю з календаром, бо яшчэ летась убачылі, які вялікі на яго попыт. Цяпер мы зрабілі каляндар на 2023 год. Адмыслова для яго мы адкрылі друкарскі цэнтр у Польшчы. Над календаром працавалі ілюстратарка, гісторык – аўтарка тэкстаў, карэктары, рэдактар, які вельмі добра ведае беларускую мову і моцна нам дапамог з тэкстамі.

Дзеўчына, якая нам пісала тэксты, – гісторык паводле адукацыі. Ёй было балюча глядзець, як улады цяпер перапісваюць і на свой лад інтэрпрэтуюць гісторыю, таму яна далучылася да нашай каманды, каб зрабіць унёсак і прасунуць веды пра сапраўдную гісторыю, беларускіх дзеячаў, культуру, мову.

«Над календаром працавалі амаль восем месяцаў»

Актывісты надрукавалі аўтарскі каляндар на кожны дзень 2023 года, каб падтрымаць самвыдат у Беларусі. Адна са старонак календара.
Фота: 2023.calendar / Instagram

– Чым адметны ваш каляндар? Што ў ім будзе цікава беларусам?

– Мы доўга над ім працавалі – амаль восем месяцаў, прадумвалі ўсе дробязі. Нашая ілюстратарка малявала карцінкі на кожны дзень, аўтарка тэкстаў падбірала да іх інфармацыю. Апошнія два месяцы мы працавалі амаль без перапынку. Пры гэтым мы ўсе – больш валанцёры, чым працаўнікі, і нічога не маем з гэтай дзейнасці.

Ад самага пачатку мы ўкладалі ў нашую працу свае сродкі, а таксама нам моцна дапамагалі данаты. Будзем вельмі ўдзячныя тым, хто надалей захоча нас падтрымаць. Данаты, якія мы збіраем, у асноўным ідуць на развіццё самвыдату ўнутры Беларусі, дапамогу палітвязням і іхным сем’ям, а таксама на праекты па-за Беларуссю, скіраваныя на захаванне беларускай культуры і мовы.

Актывісты надрукавалі аўтарскі каляндар на кожны дзень 2023 года, каб падтрымаць самвыдат у Беларусі. Адна са старонак календара.
Фота: 2023.calendar / Instagram

«Самвыдат – гэта спосаб паказаць, што мы ёсць»

– Распавядзіце, калі ласка, пра самвыдат у Беларусі. Наколькі ён усё яшчэ магчымы сёння? Ці не занадта гэта рызыкоўна?

– Людзі, якія працягваюць займацца самвыдатам унутры Беларусі, самі ацэньваюць узровень рызыкі. Мы рэкамендуем звяртацца да нас, калі ёсць пытанні, як працаваць бяспечна. Канечне, мы разумеем, што ўнутры Беларусі вельмі небяспечна, і мы дапамагаем інфармацыяй адносна бяспекі.

Самвыдат дзеліцца на розныя часткі. Ёсць людзі, які гатовыя пісаць артыкулы. Іншыя займаюцца вёрсткай. Ёсць тыя, хто гатовы друкаваць і распаўсюджваць газеты, а ёсць тыя, якія данацяць на самвыдат. Таксама маем людзей, якія гатовыя рэпосціць інфармацыю і дапамагаць рэкламай. Гэта ўсё розныя ўзроўні рызыкі, і для кожнага ёсць свае парады аб бяспецы.

Самвыдат  – гэта спосаб выказаць сваё меркаванне, і гэта больш бяспечна, чым асабістая размова, каментар у інтэрнэце. Таксама гэта даволі бяспечны шлях знайсці аднадумцаў, добры, ананімны, што важна, спосаб быць падтрымкаю адно аднаму.

Яшчэ гэта спосаб паказаць, што мы ёсць, тым, хто лічыць, што ў Беларусі ўжо выпаленае поле, і нічога рабіць не трэба, бо гэта нікому не патрэбна.

– Пра што сёння распавядае беларускі самвыдат?

– Мы пачыналі з палітычных тэмаў, актыўнасцяў, але цяпер стараемся закранаць у тым ліку сацыяльную тэматыку. Раённы самвыдат мы робім у асноўным у фармаце ўлётак – на іх друкуюцца навіны і апісваюцца праблемы раёну, гораду. Таксама распавядаем пра людзей, якія прапаноўваюць рашэнні гэтых праблемаў. Напрыклад, дагэтуль мала хто ведае пра службу 115.бел. Мы распавядалі, як праз яе можна вырашаць лакальныя праблемы.

«Спрабуем адцягнуць увагу людзей ад тэлевізара»

Актывісты надрукавалі аўтарскі каляндар на кожны дзень 2023 года, каб падтрымаць самвыдат у Беларусі. Адна са старонак календара.
Фота: 2023.calendar / Instagram

– Наколькі такая прадукцыя запатрабаваная сярод беларусаў? Ці можа яна мець  уплыў на сітуацыю?

– Вельмі няпроста цяпер ацаніць уплыў і эфект самвыдату. Гэта можна зрабіць толькі на падставах асабістай камунікацыі ўнутры Беларусі, а ў нас няма такой магчымасці. Але большая частка нашай каманды верыць, што ўсё гэта мае сэнс.

Мы не маем ілюзіяў, што самвыдатам мы ўцягнем людзей у актывізм і ўсе пачнуць нечым займацца. Мы ўсё разумеем пра небяспеку і бачым, як актыўнасць людзей падае цяпер. Аднак у Беларусі ўсё роўна застаюцца тыя, хто спрабуе аб’ядноўваць іншых, падштурхоўваць, каб яны камунікавалі, не жылі паводле пазіцыі «мая хата з краю».

Мы рабілі аналіз на пачатку 2020 года, і ён паказаў, што каля 80 % карыстальнікаў нашага тэлеграму ў Менску. З гэтага мы зрабілі выснову, што вельмі мала людзей па-за Менскам чытае рэсурсы, альтэрнатыўныя дзяржаўнай прапагандзе. Насамрэч яшчэ шмат людзей у Беларусі глядзяць тэлевізар і чытаюць газеты. Паколькі мы не можам перакрыць тэлевізар, то спрабуем хаця б адцягнуць ад яго ўвагу сваёй прадукцыяй. Друкаваныя газеты – дагэтуль эфектыўны канал перадачы інфармацыі.

– Як можна замовіць ваш каляндар? Колькі ён каштуе?

– Мы друкуем каляндар у Польшчы. Адпраўляць у Беларусь і Расею хутчэй за ўсё не будзем, бо гэта небяспечна.

Спачатку мы паставілі кошт – 50 еўраў. Мы разумеем, што гэта даволі шмат. 28 лістапада, у кіберпанядзелак, мы робім вельмі значную зніжку, каб у як мага большай колькасці людзей была магчымасць набыць каляндар, бо шмат хто напісаў нам у каментарах, што яны б вельмі хацелі каляндар, але цяпер не могуць яго сабе дазволіць.

Мы лічым, што наш каляндар – вельмі карысная рэч, бо гэта амаль поўнавартасная і вельмі добрая кніга на беларускай мове. І мы бачым, што шмат каму цікава, шмат хто хацеў бы набыць сабе такі кавалачак дому.

Акцыя 28 лістапада будзе дзеяць толькі адзін дзень, да 23.59.59 паводлебеларускага часу.

Замовіць каляндар можна праз спасылку. Таксама на гэтым сайце можна набыць кнігу «Камера № 18». А тут можна спампаваць газеты і ўлёткі партызанскага самвыдату.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў