У Новалукомлі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «несанкцыянаванае пікетаванне» аштрафавалі ксяндза Мікалая Ліпскага, а ягоны тэлефон сканфіскавалі. Пра гэта паведамляе «Хрысціянская візія».
27 кастрычніка суддзя Чашніцкага раённага суда А.С. Смірнова разгледзела справу святара касцёла Святой Марыі Магдалены ў Навалукомлі Мікалая Ліпскага. Ксяндза пакаралі нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» у сацсетках і «несанкцыянаванае пікетаванне».
Ліпскаму далі штраф у 1850 рублёў і сканфіскавалі ягоны тэлефон.
Да суда ксяндза двое содняў трымалі за кратамі.
Паводле падлікаў «Хрысціянскай візіі», пасля пратэстаў 2020 года 60 святароў розных канфесіяў зазналі ў Беларусі палітычны пераслед.
У сярэдзіне кастрычніка Палата прадстаўнікоў ухваліла ў першым чытанні законапраект, што тычыцца дзейнасці рэлігійных арганізацыяў. Дакумент істотна пашырае магчымасці іх ліквідацыі.
Праз тыдзень пасля гэтага суд у Менску зліквідаваў царкву «Новае жыццё».
СК belsat.eu