Суд ліквідаваў царкву «Новае жыццё». Яе будынак разбурылі яшчэ ўлетку


17 кастрычніка Менскі гарадскі суд вынес рашэнне аб ліквідацыі царквы «Новае жыццё», паведамляе Telegram-канал «Хрысціянская візія». Гэтак улады нібыта паставілі кропку ў шматгадовым змаганні з вернікамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё», адабраным у іх уладамі. Менск, Беларусь. 3 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Пазоў супраць царквы быў пададзены 15 верасня Менскім гарвыканкамам, які сцвярджаў, што царква займалася экстрэмісцкай дзейнасцю, чым парушыла закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях».

Першапачаткова справа аб ліквідацыі царквы мела разглядацца 6 кастрычніка, але працэс быў перанесены на 17 кастрычніка.

Пасля заканчэння суда, яшчэ да вынясення выраку, пастар Вячаслаў Ганчарэнка падзякаваў усім за малітвы і папрасіў працягваць іх.

«Ідзём за Ісусам, стаім у веры», – прыводзіць ягоныя словы «Хрысціянская візія».

Такім чынам, пасля ліквідацыі царква пазбаўленая легальнага статусу, а ейная дзейнасць зрабілася незаконнай.

Аналітыка
Будуць адбіраць Бібліі і Караны? У Беларусі рыхтуюць рэпрэсіўны закон аб рэлігіі
2023.06.16 14:24

Як адзначае Telegram-канал «Słuchać hadko! (былы Rerum Novarum)», царква «Новае жыццё» «настолькі раззлавала рэжым, што яе вырашылі ліквідаваць па-за чаргой, якая для іншых надыдзе з новым законам пра рэлігію». На думку аўтараў, ліквідацыя царквы была «толькі пытаннем часу, а сам суд – звычайнай фармальнасцю, што не мела ніякага дачынення да правасуддзя».

«З прыняццем новага закону ліквідацыя цэркваў і рэлігійных арганізацыяў, відаць, стане на паток. Але пакуль усім астатнім яшчэ раз дадаткова паказалі, якія перспектывы ў хрысціянства ў лукашэнкаўскай Беларусі», – пішуць аўтары.

Аналітыка
Царква імя Лукашэнкі. Якім рэлігійным арганізацыям Беларусі падрыхтавацца да ліквідацыі
2023.10.16 18:52

Канфлікт царквы «Новае жыццё» з уладамі цягнецца ад 2005 года. Тады менскія чыноўнікі прынялі рашэнне аб высяленні царквы з будынку, які быў перароблены ў 1992 годзе з былога кароўніка. Вернікі адмовіліся пакідаць царкву, якая была пабудаваная на іхныя сродкі, і пратэставалі супраць рашэння ўладаў. Дзякуючы таму, што да справы ўдалося прыцягнуць міжнародную ўвагу, улады на пэўны час адступіліся. Але праз колькі гадоў канфлікт разгарэўся зноў.

У лістападзе 2020 года вернікі «Новага жыцця» запісалі відэа з асуджэннем гвалту сілавікоў і рэпрэсіяў у дачыненні мірных грамадзянаў Беларусі.

17 лютага 2021 года міліцыя і камунальныя службы выкінулі царкву на вуліцу. З таго часу прыхаджане былі вымушаныя ладзіць набажэнствы на вуліцы, на паркінгу каля забранага будынку. Улады прызналі сходы незаконнымі, вернікаў пачалі затрымліваць і штрафаваць.

14 жніўня 2023 года сілавікі ГУБАЗіКу ўварваліся ў дом пастара Вячаслава Ганчарэнкі, правялі ператрус, а яго самога затрымалі.

20 чэрвеня 2023 года ўлады распачалі знос будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску.

Hавiны
Пастар царквы «Новае жыццё»: «Ніхто не застанецца непакараным, хто дакрануўся да святога»
2023.06.21 11:37

Раман Шавель, Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў