Лукашэнка і Расея моцна псуюць імідж Беларусі ў Польшчы – апытанне Цэнтру Мерашэўскага


«Хвілінка міжнароднай славы» Беларусі скончыліся пачаткам расейскага ўварвання ва Украіну, у якім актыўна ўдзельнічала лукашэнкаўская дзяржава, што зрабіла сваю тэрыторыю даступнай для сухапутнага наступу, а потым і для рэгулярных абстрэлаў ды бамбаванняў украінскіх гарадоў і аб’ектаў інфраструктуры», – чытаем ва ўступе да апублікаванай сёння справаздачы Цэнтру Мерашэўскага на падставе апытанняў грамадскай думкі наконт стаўлення палякаў да Беларусі і беларусаў.

Беларускі Марш вольнасці ў Варшаве ў 2022 годзе.
Фота: Света Фар / Белсат

Раней цэнтр праводзіў даследаванне на тэму стаўлення палякаў да ўкраінцаў і расейцаў. Таксама вывучалася стаўленне ўкраінцаў і расейцаў да Польшчы. Гэтым разам гаворка ішла пра польска-беларускія дачыненні. Сёння выйшла справаздача пра тое, што палякі думаюць пра Беларусь і беларусаў, неўзабаве будуць апублікаваныя вынікі даследаванняў сярод беларускіх уцекачоў і эмігрантаў на тэму Польшчы і палякаў.

«У 2020–2021 гадах Польшча стала адным з найважнейшых месцаў прытулку для беларускіх актывістаў, дзеячаў культуры і прадпрымальнікаў. Пратэст беларускага грамадства супраць дыктатуры Лукашэнкі выклікаў вельмі пазітыўны водгук у Польшчы, зламаў шматлікія стэрэатыпы пра беларусаў, якія нібыта змірыліся з лёсам і няздольныя да масавых паўстанняў у імя абароны асноўных правоў і свабодаў. У той жа час жорсткасць расейскай агрэсіі, у якой удзельнічала і Беларусь, выклікала масавае абурэнне, што было і застаецца накіраваным найперш супраць расейцаў, але таксама і супраць беларусаў», – сказаў дырэктар Цэнтру Мерашэўскага доктар Эрнэст Выцішкевіч, калі абвяшчаў публікацыю справаздачы.

Разбор
Пяць непрыемных сюрпрызаў, якія могуць чакаць беларусаў з легалізацыяй у Польшчы
2023.06.22 19:45

Ён звярнуў увагу на тое, што ў апошнія гады сярод палякаў у дачыненні Беларусі назіраецца сутыкненне двух працэсаў.

«Мы пастанавілі, што варта больш дэталёва разгледзець, як цяпер палякі бачаць Беларусь і беларусаў, як эвалюцыянуе іхнае стаўленне, якую ролю ў гэтым працэсе маюць згаданыя палітычныя падзеі», – дадаў ён.

Даследаванне праводзілася метадам сацыялагічных інтэрв’ю на выбарцы з 1002 рэспандэнтаў з усіх ваяводстваў Польшчы, розных узроставых групаў, з розным узроўнем адукацыі, з розных асяроддзяў. 48 % апытаных – мужчыны, 52 % – жанчыны.

Аналітыка
Навошта беларускія прадпрымальнікі перабіраюцца ў Польшчу, і што яны тут знаходзяць
2022.10.04 08:33

Аказваецца, большасць палякаў у той ці іншай ступені заяўляюць пра цікавасць да Беларусі і пра пэўныя повязі з ёй, напрыклад, праз знаёмых, сямейныя сувязі, падарожжы і г. д. Ажно 29 % палякаў, паводле апытання, ведаюць нейкага беларуса ці беларуску. Пры гэтым старэйшыя пакаленні палякаў цікавяцца Беларуссю больш за маладых.

Крыніца: Centrum Mieroszewskiego

«Беларуская тэма, хай сабе і азмрочаная расейскай агрэсіяй, дагэтуль даволі жыва цікавіць палякаў. Апытанне таксама пацвярджае […], што ў Польшчы пераважае прынцып салідарнасці з беларусамі», – падкрэсліваюць аўтары справаздачы.

Hавiны
Для беларусаў Беластоку адкрылі «Новую Зямлю»
2022.12.03 19:08

З 24 лютага 2022 года, на думку апытаных, стаўленне да Польшчы ва ўсіх суседзяў палепшылася, акрамя Расеі, зразумела, і, як высветлілася, таксама Беларусі. Як падкрэсліваюць аўтары справаздачы, «відавочна, што Расея ёсць «каменем на шыі» беларусаў, калі ідзецца пра ўплыў на іхнае ўспрыманне ў Польшчы», бо пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну, якому дапамагае рэжым Лукашэнкі, недавер і нелюбоў да беларусаў значна выраслі.

Крыніца: Centrum Mieroszewskiego

Хаця беларуская апазіцыя і, магчыма, большасць беларусаў адмаўляюць Аляксандру Лукашэнку ў легітымнасці кіраваць краінай і рэпрэзентаваць Беларусь, у Польшчы ён больш за ўсё асацыюецца з Беларуссю. Ягоныя імя і постаць ведаюць 88 % рэспандэнтаў. Тое ж самае пра лідарку Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Святлану Ціханоўскую сказалі 37 % рэспандэнтаў, як і пра Анджэя Пачобута, і 32 % – пра Анджэліку Борыс. Іншыя дзеячы беларускай апазіцыі вядомыя значна менш.

«Аднак гэтае назіранне мусіць паслужыць важным сігналам як для беларускай дыяспары ў Польшчы, так і для польскіх уладаў наконт неабходнасці супольных і незалежных ініцыятываў, скіраваных на падвышэнне прэстыжу беларускай культуры, як сучаснай, так і старадаўняй. Важным элементам маглі б стаць польска-літоўска-беларускія праграмы, што нагадвалі б пра нашую супольную гісторыю і спадчыну, каб гістарычна ўкараніць нашага суседа ў польскім менталітэце і выкараніць савецкія асацыяцыі», – гаворыцца ў дакладзе.

Hавiны
У Польшчы стала больш замежных студэнтаў. На другім месцы паводле колькасці – беларусы
2023.06.17 18:20

Сённяшняя Беларусь у палякаў асацыюецца з таталітарызмам, аўтарытарным кіраваннем, Аляксандрам Лукашэнкам (42 %), супрацаю / залежнасцю ад Расеі (14 %), варожым стаўленнем да Польшчы (7 %), крызісам на мяжы (6 %), вайною (5 %). Толькі 3 % дэкларуюць пазітыўнае стаўленне да нацыі, у адрозненне ад улады.

Беларускія ўлады даволі выразна ўспрымаюцца рэспандэнтамі як памагатыя ў расейскай агрэсіі супраць Украіны (87 %), пры чым 53 % мяркуюць, што яны ўстрымліваюцца ад вайсковага ўдзелу ў агрэсіі, а 34 % мяркуюць, што яны падтрымліваюць яе як у палітычным, так і ў вайсковым плане. 42 % палякаў, гаворыцца ў справаздачы, думаюць, што беларускі народ праяўляе хутчэй абыякавасць або пасіўнасць наконт агрэсіі супраць Украіны.

Аналітыка
Польшча ў лідарах. Топ-10 краінаў для працоўнай міграцыі беларусаў у 2022 годзе
2022.10.30 08:00

Нягледзячы на такую дыстанцыяванасць ад беларусаў, 79 % рэспандэнтаў згодныя ці схільныя пагадзіцца з тым, што свабода і дэмакратыя ў Беларусі адпавядае інтарэсам Польшчы. Паводле апытання, большасць рэспандэнтаў добра памятаюць пратэсты 2020 года. Каля паловы апытаных думаюць ці схільныя да думкі, што беларусам у гэтым трэба дапамагаць.

43 % мяркуюць, што Польшча мусіць дапамагаць беларускім палітычным уцекачам, а 37 % думаюць, што трэба дапамагаць нават эканамічным мігрантам з Беларусі, напрыклад, прапаноўваць ім доступ да рынку працы.

Аналітыка
«Сталае адчуванне бяздомнасці». Як беларуская грамадзянская супольнасць жыве ў выгнанні
2023.06.14 08:00

Цікавыя погляды наконт польскай меншасці ў Беларусі. 34 % думаюць ці схільныя да думкі, што палякі ў Беларусі культурна бліжэйшыя да іншых грамадзянаў Беларусі, чым да палякаў у Польшчы. 60 % думаюць ці схільныя да думкі, што палякі ў Беларусі бліжэйшыя да польскіх грамадзянаў. Думкі наконт таго, ці мусіць Польшча ў сваёй палітыцы перш за ўсё дбаць аб правах польскай меншасці, нават калі для гэтага трэба падпісваць дамовы з Лукашэнкам, больш ці менш падзяліліся. Пераважная большасць апытаных мяркуе, што палякі ў Беларусі асабліва дыскрымінуюцца рэжымам Лукашэнкі.

У рэзюмэ аўтары сцвярджаюць, што вялікі сацыяльны патэнцыял стасункаў з беларускім народам яшчэ ёсць, але «крэдыт даверу», які палякі далі беларусам у 2020 годзе, заканчваецца. Цэнтр Мерашэўскага бачыць у гэтым выклік для ўладаў і грамадзянскай супольнасці.

Аўтары таксама звяртаюць увагу на яшчэ адзін важны аспект.

«Варта звярнуць увагу на праблему, што не ўвайшла ў даследаванне, а менавіта – на няпростыя адносіны паміж грамадска і палітычна заангажаванымі беларусамі ды ўкраінцамі ў Польшчы. […] У святле глыбокіх і пазітыўных зменаў, што адбываюцца ў польска-ўкраінскіх грамадскіх дачыненнях, важна было б праз беларускую дыяспару наладзіць стасункі з украінскімі суполкамі, каб паступова аднавіць давер […] Большы цяжар тут, нягледзячы на іх меншую колькасць і ўплыў, ляжыць на беларусах, якія жывуць у Польшчы».

Крыніца: Centrum Mieroszewskiego

Цэнтр дыялогу Юльюша Мерашэўскага – гэта дзяржаўная ўстанова пад наглядам Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Місія цэнтру – ініцыяванне, падтрыманне і правядзенне акцыяў для народаў Усходняй Еўропы – у прыватнасці, украінцаў, беларусаў, грузінаў і малдаванаў – каб умацаваць незалежнасць іх краінаў на фоне спробаў Расеі перагледзець межы і аднавіць рэгіянальную гегемонію, дзеля спрыяння працэсам пабудовы развітых дэмакратыяў, набліжэння да еўраатлантычных структураў і ўзмацнення сувязяў з Польшчай. Патрон цэнтру – Юльюш Мерашэўскі, адзін з найбуйнейшых польскіх палітычных мысляроў ХХ стагоддзя. Цэнтр вядзе навукова-даследчую, выдавецкую і папулярызатарскую дзейнасць.

Цалкам даследванне можна прачытаць тут.

MaH/belsat.eu

Стужка навінаў