Беларусь забараніла завозіць піва з Літвы і Польшчы


Прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка падпісаў пастанову, паводле якой у Беларусь забаронена ўвозіць піва з Польшчы і Літвы. Пра гэта паведамляе прэсавая служба Савету міністраў. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: spring96.org

28 чэрвеня Савет міністраў РБ абнавіў забарону на завоз пэўных відаў аграпрадукцыі і ўвёў забарону на завоз з Польшчы і Літвы піва і слабаалкагольных напояў. Адпаведную пастанову падпісаў прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка.

Урадавая прэс-служба паведамляе, што агульная прычына забароны на экспарт аграгаспадарчай і харчовай прадукцыі – недружалюбнасць краінаў яе паходжання. Аднак для забароны імпарту яблыкаў зрабілі выключэнне, іх можна будзе пастаўляць у перыяд з 1 да 31 ліпеня.

Што да забароны на завоз з Літвы і Польшчы піва і слабаалкагольных напояў, то ён уводзіцца «з улікам вытворчасці аналагічнай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь у дастатковых абʼёмах».

Забарона для ўсіх згаданых відаў прадукцыі ўведзеная да 31 снежня 2023 года ўключна. Ці тычыцца забарона фізічных асобаў, не паведамляецца.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў