«BELPOL» выдаў вялікае расследаванне пра «Амкадор» і Шакуціна. Сцісла пераказваем


Аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» апублікавала расследаванне пра кампанію «Амкадор». Паводле супольнасці, палітыка Аляксандра Лукашэнкі разбурае прамысловага гіганта, ператворанага ў печ-буржуйку, якая грэе толькі таму, што яе топяць грашыма.

Замест ініцыятыўнага дырэктара прыйшоў лекар з МТЗ з сябрамі-непальцамі

У пачатку расследавання згадваюць, як у савецкія часы з Беларусі рабілі «зборачны цэх», і расказваюць пра гісторыю «Амкадору», якая пачалася ў 1927 года з фабрыкі «Адраджэнне», якая стала заводам «Ударнік», які і запачаткаваў таварыства «Амкадор».

Першым кіраўніком «Амкадору» быў Васіль Шлындзікаў, за якім таварыства актыўна развівалася, нягледзячы на постсавецкі эканамічны крызіс і супрацьстаянне Аляксандра Лукашэнкі такім рэфарматарам – Шлындзікаў у Вярхоўным савеце 13-га склікання (пазней разагнаным Лукашэнкам) быў кіраўніком камісіі па эканамічных рэформах, а таксама быў намеснікам старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Шлындзікаў быў сярод тых, хто падпісаўся за імпічмент Лукашэнкі. У выніку на ім «паставілі таўро» і нават не запрасілі на  юбілей прадпрыемства, згадаў аднартыец і калега Шлындзікава па колішнім Вярхоўным савеце Анатоль Лябедзька.

«Амкадор» некалі пастаўляў прадукцыю ў 25 краінаў свету, а ўсе супрацоўнікі былі акцыянерамі. Ды гэта змянілася з прыходам да кіравання таварыствам галоўнага лекара медцэнтру Менскага трактарнага заводу і дырэктара НПА «Проммедінвест», колішняга трактарыста і лекара-камсамольца Аляксандра Шакуціна ў 1998 годзе. Разам з Шакуціным набылі кантрольны пакет акцыяў «Амкадору» грамадзяне Непалу Махата Упэндра і Шэрстха Кірадж.

Аляксандр Шакуцін
Аляксандр Шакуцін. Менск, Беларусь. 3 лютага 2023 года.
Фота: Аляксандр Кушнер / Sb.by

Паводле «BELPOL», такім чынам рэжым Лукашэнкі узяў пад кантроль паспяховае прадпрыемства, прызначыўшы Шакуціна адказным. Чым Шакуцін гэта заслужыў, дакладна не ведаюць, але былыя сілавікі падазраюць: можа, праз прыцягненне непальскіх партнёраў па «Проммедінвесту» да інвестыцыяў.

Чым цяпер валодае Шакуцін

У 2012 годзе ў выніку дадатковай эмісіі акцыяў уласнікам кантрольнага пакету акцыяў «Амкадору» стала НПА «Інтэрсэрвіс», якое налажыла Шакуціну і ягонаму партнёру Мікалаю Вараб’ю (які быў настолькі малавядомы, што некаторы час лічыўся міфічнай асобай). Акцыямі «Амкадору» напоўнілі ТАА «Наванэп», які належыць аднаму Шакуціну.

Расследaванні
Як Беларусь абыходзіць санкцыі з дапамогай партнёраў алігарха Вараб’я
2022.02.01 18:10

«BELPOL» здабыў спіс буйных акцыянераў «Амкадору»: цяпер 54 % у «Наванэп», 14,6 % у ТАА «Спамаш» (якая належыць Шакуціну), 10,7 % – у ТДА «Сінтэз-інвест Груп», 7,1 % – у Дзяржаўнага камітэту маёмасці. Фізічным асобам належыць 7,5 % акцыяў, з іх нерэзідэнтам Беларусі 0,06 %. На думку «BELPOL», асабіста Шакуціну налажыць 7,4 % акцыяў, агулам разам з ягонымі кампаніямі – 76 %.

Складанай структурай холдынгу  больш як дваццаццю прадпрыемствамі кіруе рада дырэктараў, якую ўзначальвае Шакуцін. Афіцыйны заробак Шакуціна – амаль 6 тысяч рублёў пры сярэднім заробку ва ўсёй кіроўнай кампаніі холдынгу – 1744 рублі.

Праз санкцыі за саўдзел Лукашэнкі на баку Расеі ў вайне ва Украіне «Амкадор» страціў кантроль над кампаніямі «Амкадор-Балтык» і «Амкадор-Укрспецмаш». Але Шакуцін валодае яшчэ доўгім шэрагам кампаніяў, у тым ліку «Рыядаойл» разам з алігархамі Аляксеем Алексіным і згаданым Мікалаем Вараб’ём і турыстычнай фірмай «Шантэр», якую да рэарганізацыі, з 2015 па 2019 гады ўзначальвала былая прэс-сакратарка і памочніца Лукашэнкі Наталля Пяткевіч, якая жыве ў Злучаных Штатах, хоць праз санкцыі ёй можна быць толькі па лініі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў (праз мужа – пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН) у радыусе 25 км ад штабу ААН у Нью-Ёрку. Разам з Шакуціным і Вараб’ём шмат у якіх кампаніях фігуруе Ігар Субоцін.

Расследaванні
Царскія падарункі алігарха для Аляксандра Лукашэнкі
2021.11.29 18:30

«BELPOL» звярнуў увагу на адзін з праектаў «Наванэп» – будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Шантэр Хіл» блізу вадасховішча Дразды на кітайскі крэдыт у 150 млн долараў. Будынак мелі здаць яшчэ ў 2019 годзе, праз шматлікія праблемы з будаўніцтвам і фінансаваннем працягнулі будаўніцтва да 31 снежня 2023 года. Комплекс так і не здалі на момант публікацыі, а тое, што Шакуціну далі працаваць на буйны кітайскі крэдыт і даравалі пратэрміноўкі, сведчыць, на думку «BELPOL», аб блізкасці бізнесоўцы да Лукашэнкі.

Ды і сам Лукашэнка такога не хавае: называў Шакуціна «добрым знаёмым» і рэгулярна браў з сабой на адзін самалёт, а прэс-служба Лукашэнкі публікавала «сямейнае фота» клану Лукашэнкі, на якім быў таксама Шакуцін.

Былыя сілавікі здабылі і паказалі праекты рэканструкцыі галоўнага офісу «Амкадору»: вестыбюль з мармурам, кабінет кіраўніка з дарагой мэбляй, а таксама планы і фота прыватнага трохпавярховага дому Шакуціна ў Вяснянцы, які можа каштаваць ніяк не менш за 1,3 млн долараў.

Гісторыі
Лукашэнку будуюць новую раскошную рэзідэнцыю: «BELPOL» здабыў планы з «душам уражанняў»
2023.09.18 10:39

Прадпрыемствы хранічна стратныя і жывуць на крэдыты

Пры тым прадпрыемствы Шакуціна не прыбытковыя, а адно з прадпрыемстваў – холдынг «Салеа» – знаходзіцца ў працэдуры санацыі. Іншыя – у даўгах, як арыентаванае на Расею «Амкадор-Анега» пад кіраўніцтвам сына Шакуціна, Аляксандра Шакуціна – малодшага, якое пры ўсіх крэдытах і датацыях у 2020 годзе мела чыстыя страты пад паўмільёна рублёў, або «Амкадор-Семаш», якое за першую палову 2023-га мела страты ў 318 тысяч рублёў.

«Амкадор» агулам меў паўмільярда рублёў крэдытнай нагрузкі станам на 1 верасня 2022 года, даведаўся «BELPOL», пры тым штомесяц на сплату адсоткаў па крэдытах ішло 2,7 млн рублёў. У 2023 годзе «Амкадору» ў рэструктурызацыі доўгу, крэдыце на пагашэнне бюджэтнага займу і дадатковым фінансаванні, бо ліміт даўгоў быў перавышаны ў пяць разоў. На 2 лістапада 2023 года «Амкадор» меў перад Міністэрствам фінансаў Беларусі пратэрмінаваную запазычанасць па адсотках ад крэдытаў на 7 млн рублёў і па адным з крэдытаў пад гарантыі ўраду на 38 млн рублёў.

Hавiны
Як кампанія Аляксандра Шакуціна атрымлівае субсідыі з дзяржаўнага бюджэту
2024.01.24 16:05

23 кастрычніка 2023 года Шакуцін і генеральны дырэктар холдынгу Андрэй Яроцкі скіравалі Міністэрству прамысловасці лісты з просьбай пазычыць «Амкадору» 225 млн рублёў на 10 гадоў.

Патрэбу абгрунтавалі санкцыямі, няроўнай канкурэнцыяй на расейскім рынку (дзе кітайскія аналагі могуць каштаваць аж на 60 % танней) і адсутнасць абаротных сродкаў і амаль пагражалі, што без гэтай пазыкі прадпрыемства будзе вымушанае панізіць заробкі працаўнікам, скараціць вытворчасць і спыніць інвестыцыйныя праекты, нават звярнуцца да замежных інвестараў.

Санкцыі «Амкадор» спрабуе абыходзіць. Як высветліў «BELPOL», праз кітайскую «Shenzen 5G Hi-Tech Innovation» іншы холдынг Шакуціна «Салеа» купляе «Амкадору» падсанкцыйныя дэталі для станкоў, электрарухавікі, лазерныя датчыкі і іншае.

Hавiны
Набліжанага да Лукашэнкі бізнесоўца злавілі на шэрым імпарце ў Беларусь заходняй тэхнікі
2023.10.18 22:41

На думку «BELPOL», праблема «Амкадору» ў тым, што прадпрыемства працуе па законах планавай эканомікі, дзеля штоквартальнага падвышэння планавых паказнікаў спачатку вырабляе прадукцыю, а потым шукае рынкі збыту, як і МТЗ ці «Гомсельмаш». Праз гэта іншыя беларускія кампаніі атрымліваюць разнарадку па абавязковым набыцці тэхнікі «Амкадору».

Эканаміст Сяргей Чалы падкрэсліў, што перманентна стратны «Амкадор» раз за разам атрымлівае дзяржаўную падтрымку, а ў выніку становіцца кампаніяй з адмоўнай чыстай вартасцю.

Ад даносаў Ланской на суседзяў па «Каскадзе» праз кветкавы бізнес з Шэйманам да ўдарных беспілотнікаў для Расеі

«BELPOL» звярнуў увагу на згаданае раней фота Шакуціна з кланам Лукашэнкі – і на дзяўчыну на гэтым фота. Гэта спявачка Алёна Ланская (сапраўднае імя – Алена Ляпохіна), якая прадстаўляла Беларусь на «Еўрабачанні» ў 2013 годзе.

Фота сям’і Аляксандра Лукашэнкі. Аляксандр Шакуцін – крайні справа, абведзеная Алена Ланская
Фота сям’і Аляксандра Лукашэнкі. Аляксандр Шакуцін – крайні справа, абведзеная Алена Ланская. Скрыншот: BELPOL / Youtube

Кар’ера Ланской пайшла ўгару пасля таго, як яе заўважыў сам Шакуцін, сцвярджаюць былыя сілавікі. Спявачкай заняўся прадзюсарскі цэнтр «Спамаш», а назва холдынгу «Салеа», як лічыць «BELPOL», была натхнёная назвай песні, з якой Ланская выступала на «Еўравізіі».

Шакуцін, як падазрае «BELPOL», мог падарыць Ланской дарагую кватэру ў квартале «Каскад» (на жыхароў кварталу яна даносіла сілавікам у 2020 годзе) і сярод іншага шкляную статуэтку з партрэтамі Шакуціна і Ланской і подпісам «два гады разам». Але Ланская ў тлумачэнні падаткавікам тлумачыла, што Шакуцін – проста «сябра сям’і», які падарыў ёй усяго толькі $ 51,5 тыс.

Ды ўрэшце Шакуцін знайшоў сабе дзяўчыну на 10 гадоў маладзей за Ланскую, а «Салеа» разарылася.

Агляд
Суды, эміграцыя, званні і «Міратворац». Што стала з беларускімі ўдзельнікамі «Еўрабачання»
2023.05.09 07:00

Шакуцін пажаніўся з мадэллю Марыяй Сакіркінай, якая цяпер разам з сынам Шакуціна і ТАА «Спамаш» удзельнічае ў ТАА «Белмытвілія», якое займаецца не абкладаным падаткам на даданую вартасць рээкспартам кветак у Расею (дырэктар кампаніі – выхадзец з ГУБАЗіК Вадзім Кугач, але 75 % належыць Сакіркінай).

Кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч звяртае ўвагу на статыстыку выручкі кампаніі, экспарту і імпарту ў Вялейскі раён, дзе зарэгістраванае «Белмытвілія»: выходзіць, нібы кампанія «купляла за 2 рублі і прадавала за 1 рубель», а значыць, вялікая частка даходаў ад рээкспарту кветак у Расею ўтойвалася. У схеме з такім «падатковым афшорам» удзельнічалі таксама набліжаныя да Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў і Віктар Шэйман – наўрад ці такое было магчыма без ухвалення Лукашэнкі і прыбытку для ягонай сям’і.

Hавiны
Уладальнік «Амкадора» зарабляе грошы на абыходзе санкцыяў пад выглядам імпартазамяшчэння
2023.09.13 21:15

У час расследавання «BELPOL» зачапілася за словы «ўмацаванне абароназдольнасці» ў адным з лістоў Шакуціна Лукашэнку адносна стратэгіі развіцця «Амкадору». Аказалася, сувязь з абаронай сапраўды ёсць. Малазаўважны «Завод СВТ» у структуры «Амкадору», як высветлілася, не толькі вырабляе асцылографы і вальтметры, але і праводзіць доследна-канструктарскія працы разам з Упраўленнем ракетных войскаў Беларусі над стварэннем артылерыйскага радыялакацыйнага комплексу пад кодавай назвай «Вартавы» і па сваёй ініцыятыве распрацоўвае ўдарны беспілотны квадракоптар пад кодавай назвай «Свіслач» і падобны формаю да самалёта беспілотнік «Свіслач СВТ» (распрацоўку апошняга мелі завершыць паўгода таму).

Гэтая прадукцыя, лічыць «BELPOL», можа зацікавіць Расею, а значыць, быць выкарыстаная ў вайне ва Украіне. Таму былыя сілавікі не здзіўляюцца, што «Завод СВТ» раней трапіў пад санкцыі Украіны.

«BELPOL» абяцаў перадаць здабытую ў расследаванні інфармацыю ўсім зацікаўленым асобам, каб «перакрыць кісларод рэжыму і прыкарытнаму бізнесу».

Hавiны
Набліжанага да Лукашэнкі бізнесоўца злавілі на шэрым імпарце ў Беларусь заходняй тэхнікі
2023.10.18 22:41

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў