news
Аналітыка
«Выказванне заклапочанасці не такое бессэнсоўнае, як можа здавацца». Ці трэба рэфармаваць ААН?
У неэфектыўнасці ААН вінаватыя краіны-ўдзельніцы.
27.11.202307:01

Пасля сканчэння Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе, каб не дапусціць паўтарэння падобнай трагедыі, краіны антыгітлераўскай кааліцыі стварылі Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў. Яе мэтамі назвалі падтрыманне і ўмацаванне міжнароднага міру і бяспекі, папярэджванне будучых войнаў, супрацу паміж дзяржавамі. Сёння на адрас ААН гучыць шмат крытыкі, абвінавачванняў у неэфектыўнасці, бюракратызме. Выказванне заклапочанасці ААН зрабілася тэмаю для жартаў і мэмаў у інтэрнэце, а асабліва шмат пытанняў да гэтай арганізацыі з’явілася сёлета пасля таго, як Рада бяспекі ААН не асудзіла «Хамасу». Якое значэнне сёння для свету мае ААН? Мо яе трэба рэфармаваць ці замяніць на нешта іншае? Абмяркоўваем з прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўлам Латушкам ды Валерам Кавалеўскім і адмысловаю спавяшчальніцай ААН пра сітуацыю ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Denis Balibouse / Reuters / Forum

Рэформа ААН

Крытыка і размовы пра неабходнасць рэформы ААН не новая з’ява, зазначае намеснік Святланы Ціханоўскай, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, былы амбасадар Беларусі ў Францыі і сталы прадстаўнік Беларусі пры ЮНЭСКО ў 2012–2019 гадах Павел Латушка:

«Сёння ёсць як тыя, хто лічыць, што без ААН не можа існаваць сусветны парадак, гэтак і скептыкі, якія сумняюцца ў мэтазгоднасці яе існавання, прынамсі ў цяперашнім выглядзе. Я памятаю, калі прыйшоў працаваць у МЗС у 1995 годзе, ужо тады на парадку дня Генеральнай асамблеі ААН стаяла пытанне рэформы. Быў створаны адпаведны камітэт. Гэтая рэформа абмяркоўваецца на працягу дзесяцігоддзяў і ніяк не можа прыйсці да лагічнага завяршэння».

Сам спадар Павел даволі скептычна ставіцца да эфектыўнасці працы ААН у сучасным свеце, аднак зазначае, што ў структуры ёсць арганізацыі, якія працуюць добра. Агулам жа, паводле кіраўніка НАУ, сёння трэба прызнаць, што бюракратыя перамагае ААН, а арганізацыя, якая тэрмінова патрабуе рэфармавання, – гэта Рада бяспекі ААН.

Рада бяспекі нясе галоўную адказнасць за падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі. Пастановы Рады, у адрозненне ад іншых структураў, абавязковыя для ўсіх краінаў – удзельніц ААН. Сёння Рада бяспекі складаецца з 15 чальцоў, 5 з іх – сталыя: ЗША, Расея, Вялікая Брытанія, Францыя і Кітай. Яшчэ 10 абіраюцца. Даўно ідзе гаворка пра неабходнасць пашырыць склад сталых чальцоў Рады, каб былі рэпрэзентаваныя краіны, якія развіваюцца. У прыватнасці, прапаноўваецца далучыць такія буйныя эканомікі свету, як Бразілія, Індыя і Нямеччына, зазначае Павел Латушка.

Дэрасеізацыя ААН

Самая балючая тэма адносна Рады бяспекі на сёння – гэта права вета сталых чальцоў, кажа кіраўнік НАУ.

Людзі трымаюць транспарант перад будынкам ААН падчас дэманстрацыі ў першую гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Жэнева, Швейцарыя. 24 лютага 2023 года.
Фота: Cecile Mantovani / Reuters / Forum

«Такой практыкі прыняцця рашэнняў няма ў іншых міжнародных арганізацыях. Напрыклад, у АБСЕ рашэнні прымаюцца кансэнсусам мінус адзін, то бок голас краіны, зацікаўленай у прыняцці рашэння, не ўлічваецца, – тлумачыць Павел Латушка. – Таму менавіта гэты інструмент у ААН найбольш крытыкуецца».

Аднак працэдуру адмовы ад права вета трэба правесці праз рашэнне цяперашняга складу Рады, і тут выходзіць зачараванае кола, тупік: калі адзін з чальцоў Рады бяспекі не пагодзіцца, ён можа накласці вета на такую рэформу, зазначае намеснік Святланы Ціханоўскай.

Моцна крытыкуецца права Расеі ўвогуле прысутнічаць у складзе сталых чальцоў Рады бяспекі. Пасля нападу Расеі на Украіну выходзіць, што права вета належыць агрэсару, які парушае прынцыпы ААН і Рады бяспекі, скіраваныя на захаванне міру і стрымліванне ваенных канфліктаў. Праціўнікі прысутнасці Расеі ў Радзе бяспекі згадваюць, што фармальна Расея ніколі не была прынятая ў склад ААН – адным з заснавальнікаў арганізацыі быў СССР разам з Беларускай і Украінскай ССР.

«Тэарэтычна можна ставіць пытанне пра адсутнасць права Расеі быць чальцом Рады бяспекі ААН, аднак на працягу дзесяцігоддзяў фактычна ўсе пагадзіліся і прызналі права пераемнасці Расеі. Таму гэтае пытанне не вырашаецца», – зазначае спадар Павел.

Агулам жа, не зважаючы на складанасць развязання пытання з прысутнасцю Расеі ў Радзе бяспекі, цяпер у ААН назіраецца пэўная дэрасеізацыя. Напрыклад, расейскага суддзю Кірыла Геваргяна не абралі ў новы склад суддзяў Міжнароднага суда ААН. Упершыню Расея не мае там свайго прадстаўніка. Таксама Расею не абралі ў выканаўчую раду ЮНЭСКО.

«Заставаліся чатыры месцы, і ў выніку на іх былі абраныя Сербія, Албанія, Славаччына, Чэхія, а Расея не атрымала падтрымання. Хоць, калі я працаваў сталым прадстаўніком у ЮНЭСКО, існавала няпісанае правіла, што ўсе чальцы Рады бяспекі ААН, як правіла, абіраюцца і ў кіроўны орган ЮНЭСКО», – зазначае кіраўнік НАУ.

Hавiны
Расею не абралі ў Раду ААН па правах чалавека на наступныя тры гады
2023.10.10 20:21

За эфектыўнасць ААН адказныя дзяржавы-ўдзельніцы

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах, колішні дыпламат Валер Кавалеўскі зазначае: калі мы крытыкуем ААН, гаворым пра неабходнасць рэформы, трэба памятаць, што ААН не праводзіць уласнай палітыкі, а яе рашэнні – гэта рашэнні дзяржаваў-удзельніц.

«Таму калі мы кажам, што ААН нічога не вартая і не можа справіцца з праблемамі, то мы павінны казаць, што гэта дзяржавы не могуць дамовіцца, каб эфектыўна выкарыстоўваць механізм ААН, – адзначае спадар Валер. – ААН – гэта інструмент у руках дзяржаваў, якім яны дасюль не навучыліся правільна карыстацца праз розныя палітычныя сістэмы, нацыянальныя інтарэсы. У выніку арганізацыя не выкарыстоўвае таго патэнцыялу, які ў яе закладаўся. Таму вінаваціць ААН у неэфектыўнасці можна, але з разуменнем таго, што краіны – удзельніцы ААН нясуць адказнасць за гэтую эфектыўнасць».

Значэння ААН у сённяшнім свеце, на думку прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах, нельга недаацэньваць. Гэта адзіная ў свеце ўніверсальная арганізацыя, якая мае глабальны ахоп і займаецца любымі пытаннямі, што стаяць сёння на парадку дня ў міжнароднай супольнасці: правамі чалавека, эканамічным развіццём, узгадненнем стандартаў на выкарыстанне авіяцыі, тэлекамунікацыі, міграцыйнымі пытаннямі, бяспекаю. То бок гэта адзіная ў свеце арганізацыя, у якой ёсць функцыянал ува ўсіх пытаннях, сабраная вялізная тэхнічная экспертыза, палітычныя сувязі. ААН прысутнічае паўсюль. Фактычна ўсе краіны свету сёння, 193 дзяржавы, – удзельніцы ААН.

Чаму ААН не асудзіла «Хамасу»

Пра тое, што галасуе не ААН, а яе ўдзельніцы, варта памятаць і тады, калі мы абмяркоўваем непрыняцце рэзалюцыі пра асуджэнне «Хамасу» Радаю бяспекі 8 кастрычніка, пасля нападу «Хамасу» (прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША, Еўразвязе, Ізраілі) на Ізраіль, падкрэслівае Валер Кавалеўскі. Такія вынікі галасавання выклікалі вельмі шмат крытыкі і абурэння на адрас ААН.

Hавiны
Амбасадар Ізраілю ў ААН заклікаў кіраўніка гэтай арганізацыі сысці ў адстаўку
2023.10.24 21:26

«Трэба адзначыць, што антыізраільская рыторыка досыць трывала ўкаранілася ў дзейнасць ААН, але гэта адлюстроўвае ў пэўным сэнсе антызаходнія, антыамерыканскія пазіцыі некаторых краінаў-удзельніц, якія выкарыстоўваюць такія галасаванні як нагоду выказацца супраць Ізраілю, – адзначае суразмоўца. – Гэтае галасаванне можна лічыць індыкатарам таго, што часам антыізраільская пазіцыя засланяе сабою сапраўдныя аб’ектыўныя факты. Бо тое, што адбывалася 7 кастрычніка ў Ізраілі, – сапраўдны тэрор, які нагадвае пра самыя горшыя прыклады парушэння правоў чалавека, злачынстваў супраць чалавечнасці, ваенных злачынстваў, генацыду. Здавалася б, тут абсалютна адназначная сітуацыя, якую трэба адпаведным чынам ацэньваць. Але галасуе не ААН, галасуюць дзяржавы».

Тое сама датычыць сёлетняга прызначэння Ірану як старшыні ў Радзе правоў чалавека – праз тое, што ў ААН сёння рэпрэзентаваныя амаль усе краіны свету, магчымыя такія камбінацыі, якія цяжка зразумець, зазначае спадар Валер:

«Сёлета, напрыклад, Расея цэлы месяц старшынявала ў Радзе бяспекі ААН, што таксама выклікала шмат абурэння. Але не трэба перабольшваць значэння гэтага. Старшынёўства Ірану ў Радзе правоў чалавека не азначае, што Рада пачне праводзіць лінію Ірану. Ёсць механізмы, якія стрымліваюць, кантралююць, не даюць магчымасці прымаць рашэнні, якія будуць адступаць ад генеральнай лініі ў тых ці іншых структурах ААН. Гэтыя прызначэнні рэгулююцца статутнымі дакументамі ААН, памяняць якія вельмі складана. Гэта пытанне зноў да дзяржаваў: наколькі вы гатовыя папярэджваць такія сітуацыі? Яшчэ адна праблема ў тым, што шмат якія краіны глядзяць на Іран іншымі вачыма, для іх такія практыкі могуць быць нармальныя, хаця б для Лукашэнкі, які захоўвае права голасу ў ААН».

У чым важнасць ААН для Беларусі?

Валер Кавалеўскі звяртае ўвагу на асаблівую важнасць ААН для дэмакратычнай Беларусі. Палітык вылучае тут тры кірункі. Першы – пытанне правоў чалавека.

«Сюды залучаем літаральна ўсе правы, якія сёння парушаюцца ў Беларусі: сацыяльныя, эканамічныя, культурніцкія, палітычныя, грамадзянскія. Нам вельмі важна, каб ААН працавала над маніторынгам сітуацыі ў Беларусі, бо заключэнні экспертаў ААН становяцца асноваю для палітыкі шмат якіх дзяржаваў у дачыненні Беларусі. Яны глядзяць на сітуацыю ў нашай краіне менавіта праз справаздачнасць гэтых экспертаў, якія ёсць незалежнымі, праводзяць аб’ектыўны аналіз таго, што адбываецца, і робяць свае высновы ды рэкамендацыі», – адзначае прадстаўнік Аб’яднанага кабінету.

На сёння ёсць два мандаты ААН, якія працуюць у дачыненні Беларусі: адмысловы спавяшчальнік пра сітуацыю з правамі чалавека і даследчая група, якая збірае сведчанні пра парушэнне правоў чалавека. Гэтыя арганізацыі справаздачацца ў Жэневе, дзе месціцца офіс вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, а таксама ў Нью-Ёрку на сесіі Генеральнай асамблеі ААН і ў Трэцім камітэце, што спецыялізуецца на правах чалавека.

Аналітыка
Беларуская спецдакладчыца ААН, што адмывае дыктатуры ад санкцыяў. Хто такая Алена Доўгань
2023.09.20 07:10

Другі кірунак, важны для Беларусі, – пытанне бяспекі.

«Рада бяспекі ААН сёлета неаднаразова разглядала пытанне Беларусі. Адно з паседжанняў у сакавіку было прысвечанае менавіта тэматыцы Беларусі і праблеме размяшчэння расейскай ядравай зброі на нашай тэрыторыі. Таму ААН – важнае месца для таго, каб на самым высокім узроўні абмяркоўваць складаныя праблемы», – нагадвае Валер Кавалеўскі.

У чэрвені 2023 года адбылося галасаванне наконт кандыдатураў у Раду бяспекі ААН, куды балатаваўся і Лукашэнка. За ягоную кандыдатуру прагаласавалі 38 краінаў – прыкладна 20 % ад усёй колькасці краінаў у ААН.

«Гэтак глабальная супольнасць фактычна выказалася пра сітуацыю ў Беларусі. Гэта быў вердыкт Лукашэнку, ягонай палітыцы і мадэлі кіравання, парушэнням правоў чалавека, суўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны», – зазначае прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Трэці кірунак – ААН як глабальная пляцоўка, на якой можна гаварыць пра Беларусь.

«У Нью-Ёрку працуе сакратарыят, Генеральная асамблея, і менавіта там – найлепшае месца, каб наладжваць сувязі з іншымі краінамі па-за нашым рэгіёнам – гэта краіны глабальнага Поўдня, дэмакратычныя краіны Паўднёва-Усходняй Азіі. Мы выкарыстоўваем кожную такую магчымасць, каб распавядаць пра сітуацыю ў Беларусі, і менавіта там – тое месца, дзе сказанае слова будзе пачутае паўсюдна, – апавядае спадар Валер. – Калі ў верасні Святлана Ціханоўская выправілася з другім візітам у Нью-Ёрк на тыдзень высокага ўзроўню, яна таксама скарысталася гэтымі магчымасцямі і правяла шэраг публічных захадаў, дзе даводзіла інфармацыю пра Беларусь».

Агляд
«Будуем нашую кааліцыю». Святлана Ціханоўская паставіла Беларусь на парадак дня ў Генасамблеі ААН
2023.09.20 21:46

Чаму маўчаць установы ААН унутры Беларусі?

У той жа час Валер Кавалеўскі крытыкуе дзейнасць ААН у Беларусі і зазначае, што ўстановы ААН, рэпрэзентаваныя ў нашай краіне, мусяць праяўляць сябе больш актыўна:

«Напрыклад, ЮНІСЭФ, які займаецца правамі дзяцей, ЮНЭСКО, якое займаецца правамі медыяў, культурай, адукацыяй. Мы не чуем нічога ад гэтых арганізацыяў. Ці Міжнародная арганізацыя міграцыі, Управа вярхоўнага камісара ў справе ўцекачоў – яны маглі б значна больш рабіць, каб адлюстроўваць і ацэньваць абставіны, у якіх апынуліся беларусы за гэты час, але яны маўчаць».

Установы ААН, прысутныя ў Беларусі, часам адмыслова імкнуцца сцішыць свой крытычны голас, каб захаваць сваю прысутнасць у нашай краіне і працягваць дзейнасць. Але ў выніку атрымліваецца, што палова мандату не выконваецца, і яны не да канца адпрацоўваюць свае функцыянальныя абавязкі, кажа намеснік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі:

«І гэта нагода для нас крытыкаваць. Нашая прысутнасць у ААН у Нью-Ёрку, Жэневе, Вене, дзе месціцца аддзяленне ААН, важная, каб звяртаць увагу на неадпаведнасць дзейнасці гэтых арганізацыяў тым мандатам, якія ім былі вылучаныя, калі яны прымалі рашэнне пра размяшчэнне сваіх аперацыяў у Беларусі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Martial Trezzini / Keystone / AP / East News

Валер Кавалеўскі зазначае, што пакуль яшчэ беларускія дэмакратычныя сілы дзеляць прастору ААН з рэжымам Лукашэнкі, аднак манаполію ў гэтым пытанні ўжо забралі:

«Цяпер мы можам дзеяць там больш свабодна, дацягвацца да самых розных дэлегацыяў, арганізоўваць свае захады, каардынавацца з іншымі краінамі, абменьвацца інфармацыяй пра Беларусь, узгадняць важныя для нас дзеянні».

Нягледзячы на ўсе праблемы, сёння ААН – пляцоўка, крытычна важная ў камунікацыі паміж дзяржавамі, мяркуе суразмоўца. Гэта тое месца, дзе сустракаюцца краіны, якія ў двухбаковым фармаце не могуць размаўляць нармальна. І хоць сёння гучыць шмат крытычных водгукаў у дачыненні ААН, патэнцыял гэтай арганізацыі немагчыма параўнаць ні з чым іншым, яе роля будзе заставацца вельмі высокаю, мяркуе Валер Кавалеўскі.

Чым ААН дапаможа Беларусі, калі выкажа заклапочанасць?

Пра тое, што ААН – гэта сродак, які дазваляе дзяржавам разам шукаць развязанне праблемаў, з якімі сутыкаецца сучасны свет, але асноўныя суб’екты права – гэта дзяржавы, кажа і адмысловая спавяшчальніца ААН аб сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн. Наяўнасць арганізацыі, што яднае амаль усе дзяржавы свету, вельмі важная, бо «без дыялогу развязанне рознагалоссяў немагчымае». Але як і ў якіх мэтах гэтая арганізацыя выкарыстоўваецца, як дзяржавы выконваюць свае міжнародныя абавязанні, залежыць у канчатковым выніку ад іх.

Аб’ектыў
Абноўлены даклад ААН пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі
2023.09.22 22:41

Пра свой мандат адмысловай спавяшчальніцы аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн кажа, што яго заданне не проста назіраць за становішчам у галіне правоў чалавека ў Беларусі, але і дапамагаць ураду Беларусі выконваць міжнародныя абавязкі:

«На жаль, замест таго каб з карысцю выкарыстоўваць гэты інструмент, улады Беларусі занялі канфрантацыйную пазіцыю ў дачыненні майго мандату, адмаўляюць мне ў доступе ў краіну і не жадаюць канструктыўна абмяркоўваць праблемы, на якія я звяртаю ўвагу ў сваіх спавешчаннях і паведамленнях. Што датычыць маёй працы, магу толькі сказаць, што рэсурсаў, вылучаных адмысловаму спавяшчальніку, яўна недастаткова ў святле маштабу парушэнняў правоў чалавека, які мы назіраем у сённяшняй Беларусі. І насамрэч без супрацы ўладаў Беларусі часам адзінае, што я магу зрабіць публічна ў адказ на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, – гэта выказаць заклапочанасць».

Выказванне заклапочанасці праз ААН, якое крытыкуюць і з якога жартуюць беларусы, не такое бессэнсоўнае, як можа здавацца на першы погляд, адзначае спадарыня Анаіс:

«Па-першае, публічныя заявы адмысловага спавяшчальніка прыцягваюць увагу дзяржаваў, міжнародных арганізацыяў, транснацыянальных карпарацыяў ды іншых удзельнікаў міжнародных дачыненняў да парушэнняў Беларуссю яе міжнародных абавязкаў. Гэта стварае глебу для палітычнага і эканамічнага ціску на ўлады Беларусі з боку сусветнай супольнасці. Па-другое, у сітуацыях, як у Беларусі, калі ўнутраныя прававыя механізмы не працуюць, пакаранне злачынцаў – гэта шматгадовы працэс, які часта патрабуе ўмяшання міжнароднага крымінальнага правасуддзя. Трэба набрацца трываласці і карпатліва дакументаваць парушэнні».

Расследаванне здзейсненых у Беларусі злачынстваў, якое праводзіць Управа вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека пры падтрыманні мандату адмысловага спавяшчальніка аб правах чалавека, – гэта залог таго, што ў будучыні злачынцаў пакараюць. А значыць, будзе закладзеная аснова, каб злачынствы не паўтарыліся, зазначае суразмоўца:

«Па-трэцяе, не варта забывацца, што не ўся дзейнасць майго мандату, гэтак жа, як і іншых механізмаў ААН, асвятляецца публічна. Памылкова недаацэньваць ролю «ціхай дыпламатыі».

Адмысловая спавяшчальніца ААН аб сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі зазначае, што міжнароднае права правоў чалавека, як і ААН, было адным з галоўных вынікаў усведамлення жахаў Другой сусветнай вайны.

«Нашае заданне сёння – захаваць гэтую спадчыну і не даць дзяржавам забыць пра ўніверсальныя прынцыпы павагі да чалавечай асобы, якія яны самі абвесцілі», – рэзюмуе спадарыня Марэн.

Ганна Ганчар belsat.eu