«Будуем нашую кааліцыю». Святлана Ціханоўская паставіла Беларусь на парадак дня ў Генасамблеі ААН


Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская зладзіла шэраг сустрэчаў на палях Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Ейны старэйшы дарадца Франак Вячорка заявіў «Белсату», што лепшага месца, дзе можна ўзняць беларускае пытанне, не існуе. «Нашая задача была – паставіць Беларусь на парадак дня», – падкрэсліў Вячорка.

Святлана Ціханоўская ў залі Генеральнай Асамблеі ААН падчас прамовы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Нью-Ёрк, ЗША. 19 верасня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

19 верасня ў Нью-Ёрку распачалася 78-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН. У ёй бярэ ўдзел абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Палітык не можа выступіць з трыбуны ад імя Рэспублікі Беларусь, але гэта не замінае сустракацца ў кулуарах. І такія размовы могуць мець большы эфект, чымся прамова ў залі Генасамблеі.

Як паведаміў «Белсату» старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, дэлегацыя дэмакратычнай Беларусі на сустрэчах на палях казала ў тым ліку «пра прыцягненне рэжыму да адказнасці»:

«Нашая задача была – паставіць Беларусь на парадак дня, каб пытанне Беларусі прагучала і на Радзе Бяспекі ААН, і ў Радзе правоў чалавека. Мы гаварылі пра прыцягненне рэжыму да адказнасці за выкраданне ўкраінскіх дзяцей, за суўдзел ў вайне, за злачынствы супраць чалавечнасці. Пытанне палітвязняў чырвонай ніткай праз усе сустрэчы праходзіць».

Напярэдадні Ціханоўская паразмаўляла з васьмю міністрамі замежных справаў, узяла ўдзел у двух івэнтах на палях асамблеі. «Заўтра адбудзецца адмысловая дыскусія толькі пра Беларусь, пра пытанні беларускай незалежнасці з удзелам міністраў шэрагу еўрапейскіх краінаў», – адзначыў дарадца.

Святлана Ціханоўская на сустрэчы з намесніцай дзяржсакратара ЗША Узрай Зэяй на палях Генасамблеі ААН. Нью-Ёрк, ЗША. 19 верасня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Паводле Вячоркі, дэмакратычныя сілы шукаюць новых кантактаў, адбыліся сустрэчы з прэзідэнтам Гватэмалы, з прадстаўнікамі шэрагу азіяцкіх краінаў, некаторых афрыканскіх краінаў, з большага – непублічныя.

«Лепшага месца, каб узняць пытанні, што нас хвалююць, у свеце, напэўна, няма. І тое, што тут прысутнічае дэлегацыя дэмакратычнай Беларусі, само па сабе – вялікае дасягненне. Мы будуем нашую кааліцыю, мы ўмацоўваем альянс тых, хто падтрымоўвае дэмакратычную Беларусь, і даем канкрэтныя парады стратэгіі, якая можа спрацаваць», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

Сярод канкрэтных дамоўленасцяў – канферэнцыя ў студзені налета ў Фінляндыі на ўзроўні ўраду і парламента. Яшчэ раней, у лістападзе, у Эстоніі адбудзецца канферэнцыя з удзелам грамадзянскай супольнасці і палітычных актараў.

«З міністаркай замежных справаў Нідэрландаў гаварылі пра працяг падтрымання дэмакратычнай супольнасці, з албанцамі – пра тое, каб узняць перад Генсекам ААН пытанне Беларусі. Трэба, каб дзяржавы-саюзнікі ўзнімалі гэтае пытанне», – заўважыў Франак Вячорка, нагадаўшы, што да канца верасня Албанія старшынствуе ў Радзе Бяспекі ААН.

З намесніцай дзяржсакратара ЗША Узрай Зэяй Ціханоўская абмеркавала, у прыватнасці, спосабы ціску на ўлады ў Менску, а таксама рыхтаванне да стратэгічнага дыялогу Беларусь – ЗША, запуск якога запланаваны на снежань. Гэты фармат дапаможа збудаваць доўгатэрміновыя партнёрскія стасункі паміж ЗША і дэмакратычнай Беларуссю, а таксама ўмацаваць беларускую незалежнасць, запэўніваюць у Офісе абранай прэзідэнткі.

Яшчэ запланаваная сустрэча з каардынатарам амерыканскіх санкцыяў – прадстаўніком Дзярждэпартаменту Джэймзам О’Браенам. «Тут задача распрацаваць механізм закрыцця шчылінаў, каб была сінхранізацыя паміж ЗША і ЕЗ», – удакладніў дарадца Ціханоўскай.

Hавiны
У ААН заклікалі не дэпартаваць беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі
2023.09.20 17:50

Сёння ж Офіс Ціханоўскай распаўсюдзіў ейны відэазварот ад імя беларусаў да прадстаўнікоў ААН. Абраная прэзідэнтка заявіла, што «няма ніводнай хартыі ААН, якую б не парушыў рэжым Лукашэнкі».

Яна таксама заклікала Арганізацыю Аб’яднаных Нацый захаваць Беларусь у ліку прыярытэтаў і выкарыстоўваць усе сродкі, каб дамагчыся вызвалення палітвязняў.

«Я заклікаю суды ААН пачаць разборы супраць рэжыму ў Менску. Таксама заклікаю Раду Бяспекі ААН уключыць у парадак дня Беларусь, каб абмеркаваць пытанне размяшчэння ядравай зброі і пагрозу нашай незалежнасці», – сказала Ціханоўская.

Палітолаг Валер Карбалевіч, разважаючы ў каментары «Белсату» пра ўдзел Ціханоўскай у Генасамблеі, падкрэсліў, што прамовы з трыбуны ні на што не ўплываюць: у каго што баліць, пра тое і гавораць.

«Выступаюць усе, кожны кажа пра сваё, што ў яго баліць. Гэта проста форум, дзе можна выказаць сваю пазіцыю. Прамовы палітыкаў на Генасамблеі ААН ні на што паўплываць не могуць, гэта проста дэманстрацыя, прэзентацыя сваёй пазіцыі, адзінае, што могуць зрабіць нейкі піяр», – заявіў Карбалевіч.

Ён адзначыў, што перамовы ў кулуарах маюць большы эфект у параўнанні з выступам з трыбуны.

«Ціханоўская не можа выступаць з трыбуны ААН ад імя Рэспублікі Беларусь. Яна выступае ў кулуарах, сустракаецца з палітыкамі і грамадскімі дзеячамі, выкладае сваю пазіцыю. Тут важныя кулуарныя размовы, палітыкі выкарыстоўваюць Генасамблею дзеля перамоваў і кантактаў, наладжвання нейкага дыялогу», – падсумаваў беларускі палітолаг.

Аналітыка
Беларуская спецдакладчыца ААН, што адмывае дыктатуры ад санкцыяў. Хто такая Алена Доўгань
2023.09.20 07:10

belsat.eu

Стужка навінаў