Абноўлены даклад ААН пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі


Рэпрэсіі ў Беларусі ад 2020 года толькі ўзмацняюцца. Тысячы вязняў, уключаючы палітычных, беспадстаўна катуюць за кратамі, а на іхных родных і блізкіх жорстка ціснуць. Рэжым Лукашэнкі паслядоўна парушае таксама і міжнароднае права праз саўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны, у незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей і міграцыйным крызісе на межах з Еўразвязам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Абноўлены даклад пра сітуацыю ў Беларусі ад вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека Фолькера Турка заслухалі сёння ў Жэневе ў межах 54-й сесіі Рады ААН у правах чалавека. У гэтай падзеі брала ўдзел дарадца Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.

«Для нас, для беларусаў гэта значыць, што пытанне выканання правоў чалавека ў Беларусі і іх парушэнне рэжымам дагэтуль застаюцца ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці».

Падчас рыхтавання дакладу аўтары вывучылі тысячы фактаў, узялі сотні інтэрв’ю. У папярэдняй рэдакцыі, апублікаванай у сакавіку, Фолькер Турк канстатаваў у Беларусі грубыя парушэнні правоў чалавека, якія могуць быць прыраўнаваныя да злачынстваў супраць чалавечнасці. І сітуацыя толькі пагаршаецца. Управа вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека да трыццатага лістапада працягне збіраць інфармацыю.

«Прадстаўнікі гэтай місіі ездзяць па краінах, дзе вельмі шмат беларусаў, апытваюць іх і дапаўняюць яго як фактамі, так і новым абвінавачваннямі ўладаў у парушэнні правоў чалавека. Хутка яны будуць і ў Грузіі», – патлумачыў юрыст, праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Напярэдадні прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінету ўзялі ўдзел у сайд-івэнце «Пагроза незалежнасці Беларусі і міжнародны адказ». Гаворка ішла аб працягу санкцыйнага ціску на Лукашэнку і прыцягненні яго да адказнасці за саўдзел у вайне супраць Украіны.

Беларускі сход у Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя падтрымкі беларускіх жанчын-палітвязняў у Варшаве. Варшава, Польшча. 12 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Пра небяспеку размяшчэння расейскага войска і ядравай зброі ў Беларусі таксама адбылася размова з выканаўчаю дырэктаркаю Міжнароднай кампаніі за забарону ядравай зброі Мэлісаю Парк.

«Дамовіліся пра каардынацыю, пра тое, каб мы рабілі нейкія супольныя дзеі, – распавёў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі. – Гэтая кампанія працуе вельмі ўдала па гэтай праблематыцы, ужо не першы раз мы з імі супрацоўнічаем. Але думаем, што гэты патэнцыял трэба развіваць».

Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў знайшла паразуменне з заходнімі партнёрамі адносна захадаў для ўмацавання субʼектнасці беларускага народу. Вялікую ўвагу выклікаў праект пашпарта новай Беларусі.

«Амерыканскія і еўрапейскія дыпламаты адзначаюць, што гэта беспрэцэдэнтная рэч, – дадаў Валер Кавалеўскі. – Але разам з тым, гэты прэцэдэнт – менавіта пазітыўны, станоўчы. І ён здольны вырашыць сурʼёзныя праблемы, якія ўстаюць не толькі перад беларусамі, але і перад іншымі краінамі».

Вынікам супольнай працы з экспертамі Еўракамісіі маюць стаць рэкамендацыі для краінаў Еўразвязу, накіраваныя на спрашчэнне легалізацыі беларусаў за мяжою. Еўразвяз прыкладзе намаганні для ўмацавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама рэпрэсаванага прыватнага сектару, спыніўшы супрацу з рэжымам Лукашэнкі.

Той, дарэчы, сёння ў Салігорску чарговы раз прыгразіў разагнаць урад праз падзеж быдла.

А Святлана Ціханоўская з камандаю ў Нью-Ёрку працягне агучваць беларускі парадак дня на самай прадстаўнічай пляцоўцы свету – у Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў.

Марына Яновіч, «Белсат»