Зміцер Дашкевіч у карцары, суд над журналісткай Ларысай Шчыраковай. Рэпрэсіі за 27 ліпеня


У чацвер, 27 ліпеня, стала вядома пра пачатак суду над былой журналісткай Ларысай Шчыраковай, а таксама з’явіліся звесткі пра Змітра Дашкевіча, Дзяніса Івашына, былі ліквідаваныя партыя «Зялёныя» і медцэнтр «Новы зрок». Поўную хроніку рэпрэсіяў у Беларусі чытайце ў нашым аглядзе.

Ларыса Шчыракова.
Фота: Ларыса Шчыракова / Facebook

У Гомлі ў закрытым рэжыме распачаўся суд над былой журналісткай Ларысай Шчыраковай. Яе абвінавачваюць паводле арт. 369-1 КК РБ («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь2), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое ажыццяўляецца паўторна»).

Стала вядома, што журналіста Дзяніса Івашына таемна судзілі ў калоніі – яго перавялі на строгі турэмны рэжым. Гэта вынікае з адказу начальніка магілёўскай папраўчай калоніі № 15, які прыйшоў маці Дзяніса Людміле Івашынай. Пра суд, які пастанавіў перавесці журналіста з калоніі на строгі турэмны рэжым, не ведалі ні родныя, ні ягоны адвакат. У лісце ад 18 ліпеня за подпісам начальніка калоніі Лазарэнкі паведамляецца, што над Дзянісам адбыўся суд і што рашэнне выносіў суд Кастрычніцкага раёну Магілёва. Дата суда не ўказаная.

Анестэзіёлаг-рэаніматолаг Сяргей Крыж.
Фота: sb.by

У Гомлі яшчэ некалькі дзён таму быў затрыманы анестэзіёлаг-рэаніматолаг Сяргей Крыж. 25 ліпеня мужчыне прызначылі 15 содняў арышту.

У Віцебскім раённым судзе 21 чэрвеня асудзілі палітзняволенага Канстанціна Ступнікава паводле ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»). Суддзя Міхаіл Зубеня прызначыў Канстанціну два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Віктар Залатарэўскі.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Гомельскі абласны суд вынес прысуд 28-гадоваму Віктару Залатарэўскаму, якога затрымалі 3 сакавіка 2023 года пры спробе выехаць у Літву. Яго абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (арт. 362-1 КК) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК). Крымінальную справу разглядаў суддзя Алег Харошка. Віктару прызначылі два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Hавiны
Кіраўнік МУС Польшчы: на дадзены момант няма ніякіх умоваў, каб вызваліць Анджэя Пачобута з турмы
2023.07.27 23:36

Стала вядома, што палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут зноў у ШІЗА – другі ці трэці раз пасля пераводу ў Наваполацкую калонію. Да яго не пускаюць адваката і не перадаюць лекаў.

Зміцер Дашкевіч.
Фота: Наша Ніва

Палітзняволены Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў карцары СІЗА ў Жодзіна. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на сяброў Дашкевіча:

«Ад першага дня прыезду ў турму Жодзіна Зміцер знаходзіцца ў карцары. Ён вымушаны знаходзіцца там, бо адмаўляецца ісці ў камеру да гвалтаўнікоў, куды яго заводзяць»

Зміцер павінен быў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»).

Суддзя суда Докшыцкага раёну Вячаслаў Елісеенка за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльных сетках пакараў 40 гадзінамі грамадскіх прац кіроўцу філіялу «Докшыцыводаканал» Валерыя Шылько, якому ў 2023 годзе ўлады прысвоілі ганаровае званне «Лепшы работнік транспарту». У судзе высветлілася, што мужчына распаўсюджваў «слоўнае абазначэнне каналаў «Белсат» і «Краіна для жыцця», якія рашэннем суда Цэнтральнага раёну Менску ад 4 сакавіка 2022 года былі занесеныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Hавiны
ГУБАЗіК заявіў пра першыя затрыманні беларусаў, якія трапілі ў фільм Delfi пра пратэсты 2020 года
2023.07.27 20:46

ГУБАЗіК паведаміў аб першым затрыманым пасля выхаду фільму Delfi пра беларускія пратэсты. Падрабязнасцяў сілавікі не распавялі, паабяцалі пазней.

Максім Васільеў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Менску затрымалі студэнта Акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «Актор драматычнага тэатру і кіно» Максіма Васільева. Яго вінавацяць у рэпостах «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Таксама ў «пакаяльным відэа» яго змусілі казаць, што ён удзельнічаў у пратэстах з 10 на 11 жніўня, але «спужаўся і збег, калі пабачыў міліцыю».

Вярхоўны суд зліквідаваў Беларускую партыю «Зялёныя» – яе прызналі неадпавядаючай новаму закону Беларусі аб партыях, , а Міністэрства аховы здароўя пазбавіла ліцэнзіі сетку клінік «Новы зрок», у выніку медцэнтр прыняў рашэнне цалкам сысці з беларускага рынку.

Стала вядома, што журналіста Ігара Карнея перавялі ў СІЗА. Яго не выпусцілі пасля 10 содняў арышту.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў