У Гомлі пачаўся закрыты суд над журналісткай Ларысай Шчыраковай


Гомельскі абласны суд 27 ліпеня пачаў разгляд крымінальнай справы былой журналісткі і культурніцкай дзяячкі Ларысы Шчыраковай. Судовы працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, паведамляюць праваабаронцы.

Ларыса Шчыракова.
Фота: Ларыса Шчыракова / Facebook

На Ларысу Шчыракову завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб распаўсюдзе ў інтэрнэце заведама непраўдзівых звестак, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь (арт. 369-1, ч. 1), таксама яе вінавацяць у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-4 КК).

Справу журналісткі прызначаны разглядаць суддзя Мікалай Доля, які і раней вёў палітычна матываваныя працэсы.

Паводле версіі пракуратуры, абвінавачаная са жніўня 2020 года да снежня 2022 года падала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце «інфармацыйныя матэрыялы з загадзя непраўдзівымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Таксама яна «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўванне, захоўванне і перадачу аўдыё-, відэа-, фота- і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат», сказана ў паведамленні Генпракуратуры.

Шчыракову затрымалі ў Гомлі 6 снежня 2022 года. Пасля гэтага ейнага 16-гадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў «сацыяльна-педагагічны цэнтр». Хлопца сваякам не аддавалі, спасылаючыся на тое, што чакаюць «законнага прадстаўніка» – бацьку, які жыве ў Новасібірску. Пазней падлетка ўсё ж забраў бацька, які адмыслова прыляцеў з Расеі.

Да 2021 года Шчыракова супрацоўнічала з шэрагам незалежных выданняў. Раней палітзняволеная ўзначальвала краязнаўчую арганізацыю «Талака», якую ўлады зліквідавалі. Дзякуючы Ларысе Шчыраковай шмат хто зацікавіўся беларускай культурай: яна ладзіла святы Купалле, абрад «жаніцьба Цярэшкі», Каляды, іншыя імпрэзы. На ейнае запрашэнне ў 2000-я гады ў Гомель прыязджалі вядомыя гісторыкі і краязнаўцы. У 2018 годзе яна стварыла ток-пляцоўку «Медыяпрастора», дзе праходзілі трэнінгі для журналістаў. Зняла шэраг дакументальных фільмаў.

Са жніўня 2020 года Ларысу неаднаразова затрымлівалі і судзілі паводле адміністратыўных артыкулаў. З пачатку 2021 года ў яе дома прайшло не менш за чатыры ператрусы. Пасля чарговага ператрусу і допыту ў лютым мінулага года на сваёй старонцы ў Facebook яна напісала, што пакідае журналістыку.

Hавiны
Палітзняволеная гомельская журналістка Ларыса Шчыракова сустрэлася з сынам у СІЗА
2023.05.31 14:22

Aлена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў