Не палітыкай адзінай. У Беларусі будзе праведзена даследаванне па праблемах жанчын


Складаныя палітычныя пытанні адсунулі на другі план гендарныя праблемы. Тым часам знішчэнне беларускага НДА-сектару, эпідэмія і вайна не найлепшым чынам адбіліся на становішчы жанчын. Фем-група Каардынацыйнай рады вырашыла зліквідаваць гэты прабел і распачынае даследаванне аб стане і патрэбах жанчын Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Варшаве прайшла акцыя «Жанчыны супраць вайны». Жанчыны ў белым зноў выйшлі на вуліцы разам, каб сказаць «не» гвалту, нянавісці і вайне ва Украіне. Першая такая акцыя прайшла ў Менску 12 жніўня 2020 года як рэакцыя на жорсткія затрыманні і забойствы ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2022 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Гендерная даследніца, дактарантка Інстытуту феміністскіх і гендарных даследаванняў Атаўскага ўніверсітэту і ўдзельніца фем-групы Вікторыя Лаўрынюк распавяла «Белсату» аб прычынах, якія заахвоцілі звярнуцца да гэтай тэмы.

«Жанчыны, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі, і тыя, хто жыве ў Беларусі, сутыкаюцца з новымі выклікамі, якія адбіваюцца на іх здароўі і агулам жыцці. Але апошнія некалькі гадоў даследаванні аб жыцці жанчын і іх дабрабыце не праводзіліся. Памылкова здаецца, што цяпер маюць значэнне толькі палітычныя працэсы. У выніку атрымліваецца, што калі даследаванні і праводзяцца, то ў сферы вывучэння меркаванняў аб палітычных і каляпалітычных пытаннях, а не пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца жанчыны».

Многія сацыяльныя сэрвісы, якія існавалі да нядаўняга часу і дапамагалі жанчынам у складаных жыццёвых абставінах, былі знішчаныя. Даследаванне дазволіць вылучыць найбольш уразлівыя пункты і сферы, дзе больш за ўсё патрабуецца дапамога. У будучыні гэта паспрыяе ў пошуку рашэнняў, як найлепшым чынам арганізаваць падтрыманне жанчын у складаных сітуацыях.

Каб даведацца аб праблемах жанчын, ініцыятары даследавання распрацавалі анкету. Апытанне разлічанае на жанчын 18–65 гадоў, якія знаходзяцца ў партнёрскіх адносінах. Усе звесткі толькі ананімныя. Запоўніць анкету можна тут.

«Мы не збіраем ніякіх персанальных звестак, у любы момант можна закрыць анкету, і мы не атрымаем адказаў, калі вы ў працэсе перадумаеце», – падкрэсліла даследніца. Паводле яе, запаўненне анкеты зойме не больш за 20 хвілін.

Даследнікі прааналізуюць інфармацыю і апублікуюць у незалежных медыях, каб у тым ліку звярнуць увагу грамадскасці на тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца жанчыны.

Вікторыя Лаўрынюк адзначыла, што даследаванне праводзіцца паводле этычных пратаколаў, распрацаваных Сусветнай арганізацыяй здароўя для такіх даследаванняў.

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў