Як беларускі бізнес за мяжою будуць правяраць на сувязь з Лукашэнкам? ABBA адмовілася адказаць


Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) 20 чэрвеня ўхваліла рэзалюцыю наконт беларусаў у выгнанні. Пункт 40 датычыў раздзялення бізнесаў на прарэжымныя і тыя, што ўцяклі ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжою (ABBA) магла стацца арганізацыяй, што выдае заключэнні пра сувязь бізнесу з рэжымам. Ці сталася, асацыяцыя адмовілася адказваць «Белсату».

Віктар Шэйман
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Віктар Шэйман, звязаны з Аляксандрам Лукашэнкам і падазронымі бізнесамі ў Афрыцы. Менск, Беларусь. 11 студзеня 2021 года.
Фота: president.gov.by

У тлумачальным мемарандуме да рэзалюцыі (пункт 92) згадвалася, што з 2021 года дзеіць ABBA, што падтрымлівае бізнес, які хоча рэлакавацца за мяжу або ўжо пераехаў, і што ABBA мае сістэму акрэдытацыі, а кампаніі, што далучаюцца да асацыяцыі, мусяць падпісаць код этыкі, у якім пацвярджаюць, што выступаюць супраць вайны ва Украіне і падтрымліваюць дэмакратычныя каштоўнасці. Сама ABBA, як адзначалася, цалкам падтрымлівае санкцыі Еўразвязу.

Выніковая рэзалюцыя ПАРЕ мае такі пункт пра беларускі бізнес за мяжою:

«Прызнаючы цяжкасці, з якімі сутыкаюцца прыватныя асобы, прадпрыемствы ды арганізацыі грамадзянскай супольнасці пры адкрыцці банкаўскага рахунку ў некаторых дзяржавах-чальцах, Асамблея просіць у дзяржаваў-чальцоў заахвочваць свае банкі рабіць адрозненне паміж рэжымам Лукашэнкі і асобамі, якія ўцяклі ад яго, у прыватнасці дазволіўшы правяранне «Ведай свайго кліента» адпаведным і рэлевантным структурам, прызначаным беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў выгнанні».

У рэзалюцыю прапаноўвалі дадаць такія радкі: «Банкам таксама прапануецца правяраць ужо дзейныя індывідуальныя банкаўскія рахункі, прадпрыемствы ды арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія належаць беларусам у Еўропе, або тыя, дзе беларусы могуць быць уцягнутыя, праз сістэму барацьбы з адмываннем грошай (AML)». Прапанову адхілілі.

ABBA, хоць і не згаданая наўпрост у рэзалюцыі, расказвала пра згадку сябе ў тлумачальным мемарандуме – і пісала, што рэзалюцыя будзе «магутным крокам да паляпшэння ўмоваў працы беларускага бізнесу ў Еўропе».

Мы спрабавалі даведацца, што гэта значыць

«Белсат» звярнуўся ў ABBA па каментар 14 чэрвеня. Асацыяцыя абяцала даць адказ і неаднаразова пераносіла тэрмін.

27 чэрвеня, пасля сканчэння чарговага тэрміну абяцанага адказу, ABBA заявіла, што «рыхтуе да выхаду вялікі артыкул для «Зеркала», у якім будзе адказ у тым ліку на вашыя пытанні». Таксама ABBA прасіла звяртацца да свайго кіраўніка Яўгена Бурага. Тэлефон Бурага на момант публікацыі недасяжны, на паведамленні ў Telegram ён не адказаў.

Чаму гэта важна

Сябра Каардынацыйнай рады Аляксандр Кныровіч яшчэ 13 чэрвеня расказаў, што два тыдні чакаў адказу ад ABBA наконт таго, як будзе дзеяць сістэма верыфікацыі бізнесу. Ён непакоіўся, што:

  1. Такая верыфікацыя выходзіць далёка за межы паўнамоцтваў некамерцыйных арганізацыяў ці фондаў беларусаў за мяжою.
  2. Крытэры верыфікацыі невядомыя (Кныровічу прыйшлі ў галаву тры магчымыя падыходы з рознымі наступствамі для бізнесу).
  3. Невядомая працэдура верыфікацыі і тое, на якім этапе мусіць быць верыфікацыя, а таксама тое, на якой падставе ад бізнесу будуць патрабаваць прайсці верыфікацыю.

Кныровіч выступаў супраць «кулуарнага, утоенага ад самых беларусаў» абмеркавання мэтаў, крытэраў і працэдураў такой верыфікацыі. Дый саму ідэю ён лічыў непатрэбнаю:

«Пытанне ўцягнутасці асобных прадстаўнікоў бізнесу ў нярынкавыя сувязі з беларускаю дзяржаваю павінна развязвацца самым стандартным чынам: пунктавым пераследам, скіраванымі намаганнямі ва ўключэнні такіх прадпрымальнікаў у санкцыйныя спісы. Гэта складаная працэдура, але і праўладных прадпрымальнікаў, наўпрост замяшаных у супрацы з рэжымам (калі будзе абраны менавіта гэты крытэр), зусім не шмат. І мэтанакіраванае абмежаванне іх у магчымасці дзеяць, працаваць на тэрыторыі Еўрапейскага Звязу, дасць значна большы эфект, чымся працэдура суцэльнай верыфікацыі».

Hавiны
У Беларусі пачалі хаваць звесткі пра ўдзельнікаў дзяржзакупаў
2023.06.26 13:37

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў