Ад стварэння міні-арміі Лукашэнкі да хатняга арышту. Які лёс чакае Прыгожына ў Беларусі?


Яўгеній Прыгожын, якому Крэмль дазволіў «уйти в Белоруссию», імаверна, ужо ў Менску: пра гэта заявіў Лукашэнка. Чым кіраўнік ПВК Вагнэр можа заняцца ў нашай краіне і ці не занадта рызыкоўна запрашаць сюды кіраўніка банды галаварэзаў?

Кіраўнік ПВК Вагнэр Яўгеній Прыгожын на пахаванні расейскага «ваенкора» і прапагандыста Уладлена Татарскага. Масква, Расея. 8 красавіка 2023 года.
Фота: Юлія Марозава / Reuters / Forum

Першае знаёмства Беларусі з наймітамі ПВК Вагнэр адбылося напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, калі былі затрыманыя 33 удзельнікі групоўкі.

Дзяржаўныя медыі называлі іх баевікамі; у Следчым камітэце казалі, што яны могуць быць звязаныя з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам; загадчык кафедры сілаў спецаперацыяў факультэту выведкі Вайсковай акадэміі Аляксандр Красноўскі адзначаў, што «нават 30 дасведчаных баевікоў ПВК могуць паўплываць на сітуацыю ў краіне»; галоўны рэдактар выдавецкага дому «Беларусь сёння» Дзмітрый Жук прызнаваўся: «Я не хачу, каб арганізаваны ўзвод, 30 вайсковых адмыслоўцаў, якія маюць баявы досвед, знаходзіўся на тэрыторыі маёй краіны».

Выглядае, што цяпер для тых, хто ў Менску, гэта ўжо не баевікі, і іхнай прысутнасці ў Беларусі ніхто не пярэчыць.

Затрыманне вагнэраўцаў у санаторыі пад Менскам у 2020 годзе. Скрыншот з відэа: АТН / YouTube

Пра тое, што Яўгеній Прыгожын «уйдёт в Белоруссию», у суботу, 24 чэрвеня, заявіў спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў, а напярэдадні, 26 чэрвеня, расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін сказаў, што тым жа кірункам, калі хочуць, могуць пайсці і найміты ПВК Вагнэр.

А Аляксандр Лукашэнка гэтаму і рады. На сённяшняй сустрэчы з міністрам абароны Віктарам Хрэніным ён заявіў, што хоча прагматычна выкарыстаць баевікоў:

«Калі іхныя камандзіры прыедуць да нас і дапамогуць нам… Слухай, яны на перадавой – штурмавыя атрады. Яны распавядуць пра зброю: якая добра працавала, якая – не. І тактыка, і ўзбраенне, і як наступаць, як абараняцца. Гэта бясцэнна. Вось гэта нам ад вагнэраўцаў трэба ўзяць. Баяцца іх няма чаго. Мы ж трымаем вуха востра».

Лукашэнка таксама працытаваў Хрэніна, які сказаў: «Мне б такое падраздзяленне ў войску не нашкодзіла б». «Я згодны», – адказаў на гэта Лукашэнка.

Разбор
ПВК Вагнэра. Успамінаем яе гісторыю і мэты
2023.06.26 20:00

«Выдасць чарговы указік»

Калі Лукашэнка захоча, ніхто яму не забароніць санкцыянаваць працу вагнэраўцаў у Беларусі, заўважыў у размове з «Белсатам» юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, колішні супрацоўнік адміністрацыі прэзідэнта Арцём Праскаловіч:

«Рэжым Лукашэнкі заўсёды імкнецца надаць сваім дзеянням нібыта законную моц, законны выгляд. Ён выдасць чарговы свой указік, і гэта стане нібыта легальна і законна».

Праскаловіч нагадаў гісторыю кампаніі «ГардСэрвіс», дазволенай лукашэнкаўскім указам. Афіцыйна яна надае паслугі аховы, супрацоўнікам дазволена мець і ўжываць зброю, яны маюць быць грамадзянамі Беларусі.

«Атрымліваецца, што ўжо ёсць прававы прэцэдэнт, і дазволіць працаваць ПВК Вагнэр на тэрыторыі Беларусі ніхто не забароніць. Гэта арганізаваная злачынная групоўка, якая будзе дзейнічаць у Беларусі, і беларускія органы, МУС, КДБ будуць спадзявацца на тое, што змогуць неяк стрымаць іх», – мяркуе юрыст.

Крымінальнікі абароняць Беларусь ад Расеі?

Арцём Праскаловіч не выключае, што Лукашэнка хоча стварыць міні-армію лаяльных наймітаў і з іх дапамогаю «супрацьстаяць хваляванням унутры краіны ці нават спробам захапіць Беларусь з боку Расеі»:

«Але ж абсалютна зразумела, што гэтыя спадзяванні марныя. Вельмі верагодна, што ПВК Вагнэр нікому не падпарадкоўваецца, акрамя свайго кіраўніка. Мяркую, што Лукашэнка разумее рызыкі, але, як часта бывае, ён вырашыў зараз выціснуць з гэтай сітуацыі максімум для сябе, а ўжо потым разбірацца з магчымымі наступствамі».

Каментар
Прыгожын – «чорны лебедзь» для Лукашэнкі. Чаму гэта добра, тлумачыць Кацярына Глод
2023.06.26 19:19

Суразмоўца «Белсату» прагназуе, што вагнэраўцы на нейкі час дакладна затрымаюцца ў Беларусі, імаверна, атрымаюць легальны статус і ўмовы свайго існавання:

«Для іх акрэсляць правілы гульні, іншае пытанне, ці стануць яны іх выконваць, бо мы бачылі: арганізацыя дэманструе сябе досыць незалежнаю і свабоднаю ў пытаннях валодання зброяй, ейнага распараджэння і перамяшчэння. Далейшы іхны лёс будзе залежыць толькі ад таго, адчуе ці не Лукашэнка нейкую дадатковую рызыку ад іхных дзеянняў і паводзінаў на тэрыторыі Беларусі».

Аналітыка
Прыгожын – авантурыст, палітычны ледакол ці новы Мусаліні? У чым сэнс мяцяжу вагнэраўцаў
2023.06.25 19:30

Праскаловіч пры гэтым дапускае, што Лукашэнка і не хацеў вітаць у Беларусі галаварэзаў, аднак выбару не меў:

«Мы не павінны выключаць і іншага падыходу: Лукашэнку прымусілі, паставілі ў такую сітуацыю, калі ён не мог зрабіць інакш. Мы не забываем пра тое, што Лукашэнка – марыянетка Пуціна, марыянетка Крамля, і, магчыма, яму не пакінулі выйсця».

Ішлі на Маскву, пойдуць на Дразды?

«Я не ўяўляю сабе, што ПВК Вагнэр з’явіцца на тэрыторыі Беларусі», – адразу супакоіў у сваім каментары «Белсату» палітолаг Валер Карбалевіч. Ён упэўнены: Лукашэнка «не любіць ніякіх некантралюемых структур».

«Не думаю, што Лукашэнку патрэбная такая некантралюемая сіла на тэрыторыі Беларусі, якая ўчора ішла на Маскву, а сёння можа пайсці на Менск, на Дразды. Лукашэнка не любіць ніякіх некантралюемых структур і людзей. Калі Прыгожын тут і з’явіўся, то з невялікай аховаю», – кажа Карбалевіч.

Ён звяртае ўвагу: Лукашэнка стаў трыумфатарам мяцяжу, а абодва бакі канфлікту – і Пуцін, і Прыгожын – зазналі як мінімум рэпутацыйную паразу.

«Дзяржаўныя медыі робяць з яго героя: ён выратавальнік Расеі ад грамадзянскай вайны, ён выратаваў Пуціна, выратаваў Расею ад крывавай міжусобіцы. І ён адзіны, хто стаў бенефіцыярам гэтага канфлікту. З’яўленне тут Прыгожына – частка гэтай трыумфальнай для Лукашэнкі аперацыі», – адзначыў аналітык.

Яўгеній Прыгожын з баевікамі ПВК Вагнэра ў Бахмуце. Скрыншот з відэа: concordgroup_official / Telegram

Прыгожына – пад хатні арышт

Валер Карбалевіч не бачыць у прыездзе Прыгожына ў Беларусь вялікай рызыкі для Лукашэнкі.

«Калі пасадзіць Прыгожына пад хатні арышт, даць яму нейкі асабняк, атачыць яго Службай аховы прэзідэнта – якая ад яго небяспека? Нават не думаю, што ён надоўга тут затрымаецца. Беларусь для яго – нейкі такі прамежкавы транзітны пункт», – мяркуе палітолаг.

Лукашэнка наўрад ці пагодзіцца на рэінкарнацыю ў Беларусі ПВК Вагнэра, падкрэсліў эксперт:

«Тое, як павёў сябе Прыгожын у Расеі, робіць яго фігураю абсалютна ненадзейнаю, таксічнаю з гледзішча інтарэсаў Лукашэнкі, небяспечнаю. Лукашэнка такую небяспеку бачыць за мілю. Таму я не ўяўляю, што ён дазволіць існавання на сваёй тэрыторыі некантралюемай структуры ды яшчэ з такімі вялізнымі амбіцыямі».

Аналітыка
Прыгожына выправілі ў Беларусь – што гэта значыць для беларусаў і Лукашэнкі?
2023.06.26 17:06

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў