Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў пра тысячу цяжкавікоў на мяжы з Польшчаю


Памежны камітэт Беларусі абвінаваціў Польшчу ў стварэнні транспартавага калапсу на мяжы. У чарзе перад пунктам пропуску «Казловічы» ў Берасці, паводле ведамства, – тысяча цяжкавікоў.

Сітуацыя на польска-беларускай мяжы. 21 лютага 2023 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі ў сваім Telegram-канале апублікаваў свежую інфармацыю пра чэргі на мяжы. Ведамства сцвярджае, што перад пунктам пропуску «Казловічы» ўжо тысяча цяжкавікоў. Гэта адзіны памежны пераход на беларуска-польскай мяжы, дзе афармляюць грузавы транспарт.

«Польшча стварыла транспартавы калапс», – заяўляе Памежны камітэт.

Паводле ведамства, чэргі цяжкавікоў адзначаюцца таксама перад усімі пунктамі пропуску на мяжы з Літвою (у прыватнасці ў «Каменным Лозе» – 370, у «Беняконях» – 290). У Латвію заезд фураў вольны.

Што датычыць пасажырскага транспарту, то найвялікшая чарга – у Берасці на пераходзе «Варшаўскі мост». Там 300 легкавікоў. Таксама чэргі назіраюцца амаль на ўсіх пунктах пропуску на літоўскай мяжы: ад 30 да 50 машынаў.

Hавiны
Ці ахвяруе Лукашэнка «паланафобіяй» у абмен на «Баброўнікі»? Што кажуць эксперты
2023.03.23 22:18

Польская мяжа стала закрывацца для беларусаў з часу пандэміі ковіду, калі Варшава з меркаванняў эпідэмічнай бяспекі пастанавіла прыпыніць працу шэрагу пунктаў пропуску. Праз міграцыйны крызіс Польшча закрыла пераход «Брузгі – Кузніца», а пасля прысуду журналісту і актывісту незалежнага Саюзу палякаў Анджэю Пачобуту – «Бераставіца – Баброўнікі».

Раней міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі паабяцаў адкрыць пункт пропуску «Баброўнікі» пры адной умове:

«Беларускі бок мае поўную яснасць наконт гэтага. Калі Анджэй Пачобут будзе заўтра вызвалены, то паслязаўтра будзе адкрыты пераход у Баброўніках».

Hавiны
Вызваліце Пачобута – атрымаеце «Баброўнікі». Польшча выставіла свае ўмовы і пагрозы Менску
2023.03.23 15:53

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў