Аналітык: «Ініцыятыва з перамовамі ў Гомлі – гэта прапагандысцкі трук Крамля»


Палітычны аналітык Ігар Ільяш лічыць, што заявы наконт перамоваў расейска-украінскіх перамоваў у Гомлі патрэбныя Маскве толькі для стварэння прапагандысцкага эфекту.

«Ініцыятыва з перамовамі ў Гомлі выглядае як абсалютна безнадзейны прапагандысцкі трук Крамля. Расейская дэлегацыя накіроўваецца на нейкую сустрэчу ў Гомель, хаця афіцыйны Кіеў адназначна заявіў, што на тэрыторыі краіны, адкуль наносяцца ўдары па Украіне, перамовы весціся не могуць. А потым яшчэ кіраўнік дэлегацыі РФ Уладзімір Мядзінскі кажа, што чакаць яны ў Гомлі будуць толькі да 15:00. Выглядае гэта абсурдна.

Відавочна, што ніякай дамоўленасці па перамовах у Гомлі проста не было», – кажа аналітык.

Паводле Ільяша, Расея выстаўляе абсалютна непрымальныя ўмовы для перамоваў і прапануе маніпулятыўны фармат.

«Калі б Украіна пайшла на перамовы ў Гомлі, то гэта можна было б прэзентаваць на прапагандысцкім узроўні як сваю перамогу: зразумела, што на тэрыторыі, якая задзейнічаная ў агрэсіі, мірныя дамовы не падпісваюцца, там могуць падпісваць толькі капітуляцыю. А ў выпадку відавочнай адмовы – Крэмль заявіць, што гэта Кіеў хоча вайны і выступае супраць мірных ініцыятываў.

Па сутнасці, з боку Расеі гэта безнадзейная спроба паправіць свой імідж краіны-агрэсара – ўсё робіцца толькі для загалоўкаў «Украіна адмовілася ад мірных перамоваў». А Лукашэнка да гэтай прапагандысцкай акцыі проста далучыўся – яму вельмі не хочацца выглядаць агрэсарам», – падкрэслівае эксперт.

Сёння, 27 лютага, у Гомель прыбыла дэлегацыя з Расеі нібыта для перамоваў з украінскім бокам. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу распавёў, што пляцоўка ў Гомлі была падрыхтаваная за адну ноч і для перамоваў там усё гатова. Адначасова кіраўнік дэлегацыі РФ Уладзімір Мядзінскі сказаў, што сустрэцца ў Гомлі нібыта было ініцыятывай як раз украінскага кіраўніцтва і расейскі бок будзе чакаць іх да 15:00.

Насамрэч прэзідэнт Уладзімір Зяленскі адназначна заявіў, што тэрыторыя Беларусі не можа разглядацца як месца для перамоваў, бо з Беларусі па Украіне наносяцца ракетныя ўдары. «Не Менск. Варшава, Братыслава, Будапэшт, Стамбул, Баку – гэта мы прапанавалі расейскаму боку», – адзначыў ён.

Прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Юры Нікіфараў заявіў, што Гомель у якасці патэнцыйнага месца для перамоваў сапраўды абмяркоўваўся, але Масква высунула непрымальныя ўмовы: каб украінскія вайскоўцы спачатку склалі зброю. «Таму іх сённяшнія заявы і рашэнні, нягледзячы ні на што, дэманстратыўна ехаць у Гомель – зʼяўляюцца толькі інфармацыйным ціскам і спробай перакласці адказнасць за зрыў на Украіну», – падкрэсліў ён.

Hавiны
Уладзімір Зяленскі звярнуўся да беларусаў
2022.02.27 11:19

РР belsat.eu

Стужка навінаў