Вайсковы пераварот, ці палітычны крызіс? Што адбываецца ў Арменіі


Пратэсты ў Ерэване супраць палітыкі Нікола Пашыняна. 25 лютага 2021 г.
Фота: ARTEM MIKRYUKOV / Reuters / Forum

Учора ўвечары ў цэнтры Ерэвана зноў пачаўся антыўрадавы мітынг. Людзі, скончыўшы працаваць, ішлі да будынка парламента, дзе некалькі дзён таму стварылі намётавы гарадок. Частка пратэстоўцаў не пакідае яго ні на хвіліну. Галоўнае патрабаванне прысутных – адстаўка прэм’ер-міністра краіны Нікола Пашыняна, піша vot-tak.tv.

Днём раней, 25 лютага, сыходу кіраўніка ўрада запатрабавалі вайскоўцы Арменіі. На іх думку, улады краіны «больш не ў стане прымаць адэкватныя рашэнні ў крызіснай і лёсавызначальнай для армянскага народу сітуацыі». У адказ Пашынян абвінаваціў ваеначальнікаў у спробе перавароту і заявіў аб звальненні кіраўніка Генштаба ВС. Пасля чаго на мітынгу сваіх прыхільнікаў палітык зазначыў, што пытанне аб яго сыходзе з пасады кіраўніка ўрада павінны вырашыць жыхары рэспублікі.

Прычынай рознагалоссяў Пашыняна і вайскоўцаў сталі заявы прэм’ера аб выкарыстанні расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр» падчас канфлікту з Азербайджанам у Нагорным Карабаху. У прыватнасці, у сваім інтэрв’ю палітык сказаў, што ракеты комплексаў «Іскандэр», якія былі ў рэспублікі, «не ўзарваліся або ўзарваліся толькі на 10%». Каментуючы гэтыя словы, намеснік кіраўніка Генштаба Тыран Хачатран назваў яго заяву несур’ёзнай, пасля чаго быў звольнены па прапанове кіраўніка ўрада. Гэтае рашэнне выклікала абурэнне сярод вайскоўцаў, і яны запатрабавалі адстаўкі прэм’ера і яго каманды, у адказ Пашынян звольніў і кіраўніка ведамства Оніка Гаспарана, палічыўшы патрабаванне вайскоўцаў спробай ваеннага перавароту.

Расейскія міратворцы ў Лачынскім калідоры – шасцікіламетровым горным калідоры, які злучае Арменію і Нагорны Карабах. 24 лютага 2021 г. фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Аднак канчаткова пытанне звальнення кіраўніка Генштаба можа вырашыць толькі прэзідэнт краіны Армен Саркісян. Паводле Канстытуцыі Арменіі, у яго ёсць тры дні на тое, каб падпісаць указ, пацвердзіць або адмяніць звальненне. Акрамя таго, палітолагі паказваюць на праблемы з рэйтынгам у самога Пашыняна.

Саркісян сустрэўся з кіраўніком кіруючай фракцыі «Мой крок» Лилит Макунц, кіраўніком апазіцыйнай фракцыі «Квітнеючая Арменія» Эдмонам Марукянам і сакратаром апазіцыйнай фракцыі «Квітнеючая Арменія» Арманам Абавянам. Паводле афіцыйнай заявы прэс-службы прэзідэнта, бакі «абмяняліся меркаваннямі аб крызіснай сітуацыі ў краіне» і абмеркавалі пытанні, звязаныя з «разрадкай напружанасці і пошукам мірнага вырашэння сітуацыі». Інфармацыі аб канкрэтных прапановах няма.

Аднак, на думку эксперта Цэнтра палітычных і міжнародных даследаванняў Рубэна Меграбяна, вырашыць палітычнае супрацьстаянне магчыма толькі з дапамогай дыялогу паміж палітычнымі сіламі. «Толькі так можна будзе наблізіць унутрыпалітычную развязку», — сказаў ён DW. Заявы сілавікоў, зробленыя раней, ён таксама палічыў «спробай вайсковага перавароту», бо «частка вышэйшага каманднага складу войска насуперак патрабаванню Канстытуцыі ўмяшалася ў палітыку».

«Казаць аб тым, што дні Пашыняна злічаныя, зарана», —дадаў Меграбян.

На палітычны крызіс у краіне ўжо звярнуў увагу прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, які актыўна падтрымліваў Азербайджан падчас апошняй вайны ў Нагорным Карабаху. Ён заявіў, што выступае супраць любых формаў вайсковага перавароту.

«Змена ўлады — права армянскага народу», — цытуе кіраўніка дзяржавы агенцтва Anadolu на сваёй старонцы ў Twitter.

Напярэдадні ў НАТА заклікалі бакі ў Арменіі вырашыць рознагалоссі мірным шляхам, а ў ААН заявілі аб занепакоенасці падзеямі і таксама заклікалі бакі да стрыманасці. Пры гэтым у Вашынгтоне не ўбачылі ніводнага з элементаў вайсковага перавароту ў Ерэване. Дзярждэпартамент заклікаў армянскія сілы праявіць стрыманасць і паслабіць напружанасць.

«Як вы ведаеце, у Дзярждэпартамента ёсць спецыяльны працэс для вызначэння таго, ці адбыўся вайсковы пераварот. 1 лютага, калі дэмакратычнае грамадзянскае кіраўніцтва Бірмы было звергнутае вайскоўцамі, мы расцанілі тое, што здарылася як вайсковы пераварот. Я заявіў тады, што ў Дзяржаўнага дэпартамента ёсць тры крытэрыі для гэтага вызначэння. У дадзеным выпадку, вядома, ні аднаго з гэтых крытэрыяў няма», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента Нэд Прайс.

Пры гэтым ён нагадаў «што «узброеныя сілы не павінны ўмешвацца ва ўнутраную палітыку».

Нікол Пашынян на мітынгу ў Ерэване.
Фота: Stepan Poghosyan/Photolure / Reuters / Forum

Пашынян жа лічыць за лепшае, каб абмяркоўваць абстаноўку ў краіне не з прадстаўнікамі ЗША, а з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Ён сам патэлефанаваў расейскаму палітыку.

«Была абмеркаваная сітуацыя ў Арменіі… Пуцін выказаўся на карысць захавання парадку і спакою ў Арменіі, урэгулявання сітуацыі ў рамках закона», — адзначыў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Ён паказаў, што расейскі прэзідэнт заклікаў усе бакі да стрыманасці.

Адметна, што сёння ў Мінабароны Расеі зусім абверглі выкарыстанне Арменіяй «Іскандэраў» падчас канфлікту ў Нагорным Карабаху.

Як паведамляе армянская служба «Радыё Свабода», пакуль у цэнтры Ерэвана працягваецца мітынг з патрабаваннем адстаўкі прэм’ер-міністра, з прэзідэнтам краіны Армэнам Саркісянам сустракаюцца лідары «Руху за выратаванне Айчыны»: адзіны кандыдат у прэм’ер-міністры Вазген Манукян, Артур Ванецян, Ваграм Багдасаран і Арцвік Мінасян. Паводле звестак крыніцы, Саркісяну прапанавалі не адхіляць ад пасады начальніка Генштаба і накіраваць пастанову Пашыняна ў Канстытуцыйны суд, каб аспрэчыць яго законнасць. Прадстаўнікі руху не паведамляюць аб сваіх далейшых дзеяннях, але людзі, якія сабраліся на акцыю пратэсту, падчас шэсця спыніліся ля будынка Генпракуратуры і запатрабавалі арыштаваць Нікола Пашыняна. Апазіцыя абвясціла аб пачатку цэладзённых пратэстаў.

  • Чарговая хваля эскалацыі канфлікту ў Нагорным Карабаху пачалася 27 верасня 2020 года з узаемных абвінавачванняў Ерэвана і Баку ў абстрэле памежных тэрыторый. Пагадненне аб спыненні баявых дзеянняў у Нагорным Карабаху было падпісанае прэзідэнтамі Расеі, Арменіі і Азербайджана 9 лістапада. Згодна з дакументам, Азербайджанскія вайскоўцы застаюцца на занятых імі пазіцыях, а Карабах выводзіць свае ўзброеныя фармаванні з часткі сваіх тэрыторый. Арменія перадасць Азербайджану частку тэрыторый Карабаха і раёнаў, якія заставаліся ў яе пад кантролем з 1990-х гадоў. Урэгуляванне будзе праходзіць пад кантролем расейскіх міратворцаў.
  • У выніку баёў за Нагорны Карабах загінулі больш за 4000 мірных жыхароў, пацярпелі больш за 8000 чалавек. Уцекачамі сталі дзесяткі тысяч чалавек.

Марк Падбярэзін/АА / Вот Так

Стужка навінаў