Медыі: Амерыканскія кангрэсмены прынялі дзясяткі тысяч долараў ад лабістаў, звязаных з кітайскай «Huawei»


Заканадаўцы ад абедзвюх амерыканскіх партыяў прымаюць ахвяраванні ад лабістаў кітайскай кампаніі «Huawei», сцвярджае выданне «Washington Examiner».

Фота: Corinne Reichert / CNET / cnet.com

«Не менш за 33 рэспубліканцы і 13 дэмакратаў прынялі ахвяраванні на свае кампаніі, у сярэднім па $ 770, паміж вераснем 2016 года і чэрвенем 2022 года ад тых, каму плацяць за лабіяванне інтарэсаў «Huawei», – паведамляе выданне са спасылкай на профільныя дакументы.

Выданне называе імёны некалькіх ахвяравальнікаў, чые кампаніі звязаныя з кітайскім гігантам. Ад іх самыя значныя ўнёскі прыняў лідар меншасці ў Палаце прадстаўнікоў Кевін МакКарці (Kevin McCarthy): $ 2900 за паўтара года, яшчэ $ 17 900 паступіла ў ягоны фонд. Лідар большасці ў сенаце Чак Шумэр (Chuck Schumer) атрымаў на сваю кампанію $ 1000 у снежні 2020 года. «Huawei» таксама выдаткавала прынамсі $ 15 млн, лабіруючы ў кангрэсе пытанні тэлекамунікацыяў з 2021 года.

Пры гэтым некаторыя амерыканскія заканадаўцы, прымаючы ахвяраванні, працягваюць крытыкаваць кітайскага гіганта.

«У агульнай колькасці 46 рэспубліканскіх і дэмакратычных чальцоў Палаты прадстаўнікоў і сенатараў сабралі каля $ 35 600 ад пяці лабістаў «Huawei», паводле запісаў Федэральнай выбарчай камісіі і лабісцкай інфармацыі», – удакладняе «Washington Examiner».

Але гэтай жа транснацыянальнай карпарацыі са штаб-кватэрай у Кітаі ўрад ЗША можа неўзабаве забараніць прадаваць новыя вырабы ў Злучаных Штатах з меркаванняў нацыянальнай бяспекі адміністрацыі Джо Байдэна. І такая двудушнасць насцярожвае экспертаў выдання.

Разбор
Падзеі ў КНР: Сі Цзінь Пін збіраецца будаваць аднапалярны свет з Кітаем на чале
2022.10.25 11:00

«Насамрэч няма відавочных разрываў паміж кітайскім бізнесам і выведным ды вайсковым апаратам кітайскага ўраду», – сказаў «Washington Examiner» былы начальнік штабу дырэктара нацыянальнай выведкі Джона Рэткліфа Дастын Кармак (Dustin Carmack). Эксперт цяпер займаецца даследаваннямі ў галіне кібербяспекі, выведкі і новых тэхналогіяў у амерыканскім «Heritage Foundation»:

«Huawei і ZTE [Corporation] – свайго роду жамчужыны тэлекамунікацыйнага бізнесу Кітаю. Вы павінны разумець, што менавіта гэтыя кампаніі актыўна ўкараняюць культуру сачэння па ўсім Кітаі», – удакладняе Кармак.

Том Джоўнз (Tom Jones), выканаўчы дырэктар амерыканскага фонду падсправаздачнасці, кансерватыўнага назіральніка за этыкай, сказаў «Washington Examiner», што сябры Кангрэсу павінны вярнуць ахвяраванні, якія яны атрымалі ад лабістаў «Huawei».

«У Вашынгтоне няма двухпартыйнай дамовы, але лідары абодвух бакоў згодныя з тым, што «Huawei» уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы», – сказаў Джоўнз. «Той факт, што сябры Кангрэсу бяруць унёскі на перадвыбарчую кампанію ад прыхільнікаў варожага замежнага актара, ганебныя».

Hавiны
Амерыканскія кангрэсмены прыбылі на Тайвань на фоне напружанасці з Кітаем
2022.08.14 17:26

Беларус-«Huawei»

Дарэчы, у Беларусі «Huawei» працуе ўжо больш за 20 гадоў. Кітайская кампанія застаецца стратэгічным партнёрам тэлекамунікацыйных кампаніяў краіны і Міністэрства сувязі. Дырэктар дэпартаменту ў справе працы з дзяржаўнымі і карпаратыўнымі кліентамі ТАА «Бел Хуавэй Тэхноладжыс» Чжу Цянь Сін расказвае на афіцыйным сайце кампаніі, што «Huawei» вядзе ў Беларусі бізнес на трох напрамках.

Аператарскі бізнес. Кампанія працуе з усімі тэлекам-аператарамі, пастаўляе ім тэхналагічныя рашэнні, у тым ліку «пад ключ», а таксама займаецца будаўніцтвам сетак сувязі і апрацоўваннем звестак. На гэтым кірунку ў Беларусі кампанія мае найвышэйшую долю сярод усіх аператараў.

Спажывецкі бізнес. Кампанія прадае тэрміналы, гадзіннікі, кампʼютары, смартфоны, ноўтбукі. Гэта, паводле «Huawei», дазваляе кампаніі быць вядомай у свеце, павялічвае лаяльнасць карыстальнікаў, дапамагае прасоўванню брэнду.

Карпаратыўны бізнес. Лічбавізацыя энергетыкі, транспарту, фінансаў і іншага. Адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці на беларускім рынку звязаны з энергетыкай. «Huawei» як вядучая тэлекамунікацыйная кампанія можа дапамагчы павысіць эфектыўнасць аперацыйнай дзейнасці ўсіх арганізацыяў, якія ўваходзяць у склад канцэрну «Белнафтахім», і ў выніку палепшыць працу вялізнага сектару беларускай эканомікі», – адзначаецца ў паведамленні.

Hавiны
Кітайскія кампаніі «Huawei» і «Xiaomi» таксама пакідаюць расейскі рынак
2022.03.10 09:50

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў