Гарадзенскі гандбольны клуб «Кронон» аштрафавалі за адсутнасць чырвона-зялёнага сцяга на форме двух галкіпераў, паведамляе прэс-служба Беларускай федэрацыі гандбола. Матч мужчынскага чэмпіянату Беларусі па гандболе паміж «Крононам» і менскім СКА прайшоў 23 верасня.
Рашэнне аб пакаранні за адсутнасць дзяржаўнага сцяга прыняла галоўная судзейская калегія і судзейска-тэхнічная камісія Беларускай федэрацыі гандбола. Рашэнне вынеслі пасля вывучэння відэазапісу з матчу і разгляду рапарта інспектара, які прысутнічаў на паядынку.
У Федэрацыі адзначаюць, што штраф сімвалічны – дзве базавыя велічыні (74 рублі). У выпадку ж паўторнага парушэння каманду чакае штраф «у поўным аб’ёме».
Нагадаем, у чэрвені гэтага года адбылася канферэнцыя Беларускай федэрацыі гандбола, якой было зацверджана Палажэнне аб XXXII чэмпіянаце і Кубку Рэспублікі Беларусі па гандболе сярод мужчынскіх і жаночых каманд. Так у пункт 59 Палажэння было дададзена новае правіла аб экіпіроўцы гульцоў. З новага сезону на кожным камплекце спартыўнай формы каманд павінен быць размешчаны дзяржаўны флаг. За адсутнасць пагражае штраф.
Алена Рувіна belsat.eu