Настаўнікі ў Смаленскай вобласці выйшлі на акцыю з партрэтам беларускага пранкера Уладзіслава Бохана


Беларускі актывіст і мастак Уладзіслаў Бохан працягвае «троліць» настаўнікаў расейскіх школ. Гэтым разам ён разаслаў у школы Смаленскай вобласці ліст з заклікам выйсці на акцыю з ягоным партрэтам.

Настаўнікі ў Смаленскай вобласці выйшлі на акцыю з партрэтам беларускага пранкера Уладзіслава Бохана.
Фота: Уладзіслаў Бохан/Telegram

Уладзіслаў, як і папярэднія разы, выступаў ад імя партыі «Адзіная Расея». Ён прапанаваў настаўнікам зрабіць агульнае фота нібыта з «героем Перамогі», што загінуў ва Украіне і якому надалі званне героя Расеі. Разам з інструкцыяй Уладзіслаў даслаў у школы свой фотаздымак.

У выніку настаўнікі некалькіх школаў Смаленскай вобласці сфатаграфаваліся з партрэтам Уладзіслава і плакатамі «У вас верыць уся Расея» і «Уладзіслаў – наш герой».

Настаўнікі ў Смаленскай вобласці выйшлі на акцыю з партрэтам беларускага пранкера Уладзіслава Бохана.
Фота: Уладзіслаў Бохан/Telegram

Гэты свой пранк сам Уладзіслаў назваў «Стварэнне куміра».

«Кожная аўтакратыя пачынаецца з культу асобы. Людзі ўвогуле схільныя культываваць герояў. Так ім здаецца, што можна скінуць з сябе адказнасць, узваліць на іншага. Жыць зробіцца лягчэй і весялей, – піша Уладзіслаў у сваім Telegram-канале. – І на прыкладзе маёй акцыі вы можаце назіраць, як лёгка стварыць нявольнікам героя. Усяго толькі сказаць, што я – герой з важным тварам такі, вось і вуаля! <…> А ці шмат хто, хто падтрымлівае таго ці іншага лідара ці «героя», могуць растлумачыць сабе, чаму так?»

Некалькі дзён таму Уладзіслаў Бохан даслаў у школу-інтэрнат гораду Абаянь Курскай вобласці загад правесці малебен. Настаўнікі выканалі загад. У лісце Уладзіслаў выступаў ад імя партыі «Адзіная Расея» і патрабаваў правесці хрэсны ход «Усерасейскі малебен аб Перамозе». Удзельнікам акцыі загадвалася ўзяць плакаты з перафразаванымі нацысцкімі лозунгамі.

У 2022 годзе Уладзіслаў гэткім жа чынам даслаў ліст у школу ў расейскім горадзе Клін з патрабаваннем правесці акцыю «Праца вызваляе», і настаўнікі выканалі загад.

Раней актывіст рассылаў падобныя лісты ў беларускія школы і патрабаваў арганізаваць «дыялогавыя пляцоўкі для абмеркавання паправак да Канстытуцыі», а потым даслаць фотасправаздачу.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў