Полк Каліноўскага: «Наступнае нашае паўстанне ўжо не будзе рымейкам 2020 года»


Аляксандр Лукашэнка 25 траўня ў Маскве заявіў , што «гатовы да паўстання ў Беларусі». Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук пракаментаваў «Белсату» ў «Студыі» выказванні Лукашэнкі і магчымасць нямірнай рэвалюцыі.

У Маскве расейскія дзяржаўныя медыі прасілі Аляксандра Лукашэнку пракаментаваць заяву былога камандуючага сухапутнымі войскамі Польшчы генерала Вальдэмара Скшыпчака адносна таго, што ў Беларусі магчымае паўстанне і што Польшчы трэба рыхтавацца да гэтага. Лукашэнка адказаў: некалькі месяцаў таму ён казаў пра тое, што ў Польшчы рыхтуюцца да паўстання ў Беларусі – нібыта палякі зацікаўленыя ў мяцяжы ў Беларусі. Ён дадаў, што «нават пайменна ведаем пра іх усё» і «няхай прыходзяць, мы гатовыя».

Што пра гэта думае полк імя Кастуся Каліноўскага – падраздзяленне беларусаў, якое ваюе на баку Украіны? Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук адказаў «Белсату»: тое, што ўлады ў Беларусі згадваюць полк кожны тыдзень, сведчыць, што пагрозу яны адчуваюць.

Кабанчук нагадаў, што Лукашэнка ў 2015 годзе «ведаў усіх 400 апазіцыянераў пайменна», а ў 2020 годзе гэтыя 400 ператварыліся ў сотні тысяч, якія пачалі мірнае паўстанне.

«І беларусы зрабілі свае высновы, і ў нас з’явілася збройная сіла – беларуская нацыянальная. Наступнае нашае паўстанне ўжо не будзе рымейкам 2020 года. Гэта ўжо будзе канчатковы акт вызвалення Беларусі, дэакупацыі», – сказаў Кабанчук пра наступствы выбараў-2020.

Аналітыка
КДБ пужае тэрарыстамі. Чаму беларусы не перайшлі ад мірнага пратэсту да гвалту і забойстваў?
2023.05.04 07:00

Што да словаў Скшыпчака аб магчымым паўстанні ў Беларусі, полк успрымае іх станоўча, патлумачыў Кабанчук: маўляў, Польшча таксама вызначылася з адзіным магчымым шляхам зменаў у Беларусі і рэгіёне, бо патуранне дыктатурам прыводзіць да войнаў і распаўсюду ядравай зброі.

«Я думаю, усе ўжо разумеюць (і нашыя суседзі, і ўсярэдзіне Беларусі), што падобнага кшталту рэжымы не скідаюцца з дапамогай заклапочанасцяў і глыбокіх заклапочанасцяў, розных адозваў і заяваў, – мяркуе ён. – Яны скідаюцца канкрэтнай кінетычнай сілай. Пра якую і сказаў генерал».

Палітолаг Павел Усаў у эфіры «Белсату» гэтак каментаваў заяву Скшыпчака: у былых генералаў не можа быць проста папулісцкіх думак, бо «не бывае былых генералаў», а заява сведчыць, што польскі бок сур’ёзна разглядае магчымасць паўстання ў Беларусі. Найважней, дадаў Усаў, каб беларусы былі да такога гатовыя.

Полк Каліноўскага тым часам стварае адмысловы рэзерв з беларусаў, якія жывуць у краінах Еўразвязу. Кабанчук расказвае, што праз полк прайшлі сотні добраахвотнікаў, якія з розных прычынаў паехалі ў Еўразвяз – хто да сем’яў, хто вярнуўся да працы. Полк жа цяпер мае магчымасць праводзіць вышкалы з інструктарамі, якія прайшлі баявыя дзеянні, непасрэдна ў Еўразвязе для ўсіх ахвочых – і ахвочых таксама сотні.

Гэтыя вышкалы не абавязваюць ехаць ваяваць проста зараз – беларусы ідуць на вайну ва Украіну выключна добраахвотна. Кабанчук кажа, што нават на асобныя місіі ваяры ідуць або не ідуць на ўласнае жаданне, а не паводле абавязку.

«Насамрэч ва Украіну, безумоўна, едуць самыя рызыкоўныя, самыя смелыя хлопцы і дзяўчаты, – тлумачыць ён. – Большасць з беларусаў, якія хацелі б зменаў у сваёй краіне, – яны ўсё ж такі жывуць з такой думкай: мы гатовыя ваяваць, але мы гатовыя ваяваць за вольнасць Беларусі. Дзеля гэтага мы і абвясцілі стварэнне рэзерву ў Еўразвязе».

А як зрабіць, каб беларусы ў самой Беларусі не спалохаліся ў «час ікс» і падтрымалі паўстанне, нягледзячы на пастаянныя рэпрэсіі і прапаганду? Кабанчук адказвае: у сцэнары паўстання асноўныя страхі мінуць, бо самае жахлівае, чаго баяцца беларусы, – гэта вайна, а Лукашэнка ўжо фактычна прывёў яе ў Беларусь праз саўдзел у расейскай агрэсіі і патэнцыйнае размяшчэнне расейскай ядравай зброі.

«Вы паглядзіце на твар дыктатара! – заклікае Кабанчук. – Гнеў і нянавісць мільёнаў адбіліся на ягоным і псіхічным, і фізіялагічным стане».

Беларусь чакаюць «дынамічныя, на жаль, трагічныя падзеі», рэзюмуе Кабанчук. Ён заклікае быць да іх гатовымі і абяцае ў належны час даць інструкцыі грамадскасці і сілавікам, каб усе разумелі, што рабіць і куды ісці.

Інтэрв’ю
«Беларусы не могуць змагацца паміж сабой». Польскі генерал пра будучыню палка Каліноўскага
2023.05.26 12:30

belsat.eu

Стужка навінаў