«Boeing» ліквідуе сваю беларускую кампанію «Боінг БЛР»


Рашэнне аб ліквідацыі ТАА «Боінг БЛР» падраздзяленні аднаго з найбуйнейшага ў свеце авіявытворцы, «Boeing Europe» і «Boeing Netherlands», прынялі яшчэ 1 сакавіка 2023 года, піша «Интерфакс».

Самалёт «Boeing 737-800» у парку «Белавіі».
Фота: holiday.by

Цяпер ідзе працэс ліквідацыі. Прэтэнзіі прымаюцца да сярэдзіны траўня 2023 года.

ТАА «Боінг БЛР» было створанае ў кастрычніку 2020 года дзеля камунікацыі кампаніі «Boeing» з беларускімі кліентамі і ўладамі. На той момант «Boeing» меў планы павялічыць колькасць сваіх самалётаў у парку «Белавіі». Аднак праз санкцыі гэтыя намеры так і не былі рэалізаваныя.

У студзені 2022 года ТАА «Боінг БЛР» было ўключанае ў спіс кампаніяў, пазыкі замежных удзельнікаў якіх заблакаваныя рашэннем беларускага ўраду ў рамках контрсанкцыяў. Замежным інвестарам забаранілі прадаваць свой бізнес ці нейкім чынам выводзіць актывы.

«Boeing Company» – першая сусветная авіябудаўнічая карпарацыя, самалёты якой увайшлі ў тады яшчэ цалкам савецкі парк беларускай «Белавіі», піша «Office Life». У 2003 годзе «Белавія» ўвяла ў эксплуатацыю «Boeing 737-500».

На сённяшні дзень у парку «Белавіі» восем лайнераў «Boeing»: пяць «Boeing 737-800», два «Boeing 737-300» і адзін «Boeing 737-8».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў