Калі з краіны з’язджаюць людзі, з гэтым трэба нешта рабіць. Якую міграцыйную палітыку прапануе новая Канцэпцыя


Улады Беларусі на афіцыйным узроўні прызадумаліся, як скараціць адток кадраў з краіны і стымуляваць беларусаў, якія з’ехалі за мяжу, пераводзіць на радзіму грошы. Пра гэта гаворыцца ў Канцэпцыі міграцыйнай палітыкі на 2024–2028 гады, апублікаванай 25 студзеня. Разам з экспертамі разбіраемся, што азначае гэты дакумент і якія эканамічныя ды палітычныя механізмы можа ўжыць дзяржава для яго рэалізацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Што гэта за Канцэпцыя

У Канцэпцыі прыводзіцца колькасць беларусаў, якія з 2018 да 2023 года паехалі працаваць за мяжу афіцыйна – іх было ўсяго каля 38 тысяч асобаў. У той жа перыяд у Беларусь афіцыйна заехалі 83 тысячы працоўных мігрантаў. То бок да пэўнага часу праблемаў у гэтым кірунку не было. Аднак сітуацыя змянілася за апошнія гады. У Канцэпцыі прызнаецца ўзнікненне праблемы з адтокам кадраў з Беларусі. Праўда, не называюцца яе прычыны.

«Міграцыйныя працэсы адыгрываюць значную ролю ў сацыяльна-эканамічным і дэмаграфічным развіцці Рэспублікі Беларусь.

На працягу доўгага часу міграцыйны прырост у значнай ступені кампенсаваў натуральнае змяншэнне насельніцтва. Аднак цяпер назіраецца міграцыйны адток за межы Рэспублікі Беларусь грамадзянаў, якія выязджаюць у мэтах заняцця працоўнаю дзейнасцю і на сталае месца жыхарства», – гаворыцца ў дакуменце.

У звязку з гэтым у Канцэпцыі ставіцца мэта забяспечыць станоўчае сальда вонкавай міграцыі і рэалізаваць захады, скіраваныя на «захаванне інтэлектуальнага, дэмаграфічнага і працоўнага патэнцыялу краіны, зніжэнне адтоку беларускіх грамадзянаў за мяжу, супрацьдзеянне незаконнай міграцыі, узмацненне асвятлення ў сродках масавай інфармацыі нацыянальных інтарэсаў у сферы міграцыі».

Для гэтага ўлады збіраюцца зрабіць пэўныя «захады для стварэння прывабных падатковых, сацыяльных ды іншых умоваў для ўзмацнення прытоку ў краіну высокакваліфікаванай замежнай рабочай сілы і ўдасканалення механізмаў яе адаптацыі ды інтэграцыі ў грамадства, зніжэння адтоку грамадзянаў за межы Рэспублікі Беларусь, захавання кадравага патэнцыялу краіны і стымулявання вяртання грамадзянаў на радзіму».

Сярод іншага, у дакуменце адзначаецца, што раней быў недаацэнены ўплыў грашовых пераводаў беларускіх грамадзянаў, якія працуюць за мяжою, на эканоміку Беларусі. Паводле звестак, за 6 месяцаў 2023 года асабістыя грашовыя пераводы беларусаў склалі каля $ 0,5 млрд (у 2022 годзе – больш за $ 1 млрд). У звязку з гэтым улады лічаць неабходным «стымуляваць павелічэнне іх аб’ёмаў».

Сярод захадаў, якія дзяржава збіраецца рабіць, каб прыцягваць у краіну працоўную сілу, называецца спрашчэнне доступу на рынак працы спецыялістаў, запатрабаваных у Рэспубліцы Беларусь, рэалізацыя міжнародных праектаў, прыцягненне інвестараў, правядзенне інфармацыйных кампаніяў пра магчымасць працаўладкавацца ў Рэспубліцы Беларусь дзеля вяртання беларускіх грамадзянаў, якія выехалі за межы краіны.

Што гэта ўсё азначае на справе ў эканамічным і палітычным выражэнні? Запыталі экспертаў.

Праблемы з працоўнымі рэсурсамі на фоне кепскіх дэмаграфічных паказнікаў

Экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна ў размове з «Белсатам» адзначае: гэты дакумент распрацоўваўся праз праблемы з працоўнымі рэсурсамі, якія нарастаюць у Беларусі.

«Варта разумець, што людзі, асабліва высакакласныя спецыялісты, ёсць удзельнікамі эканамічных працэсаў, і ў выніку іхнай працы ствараецца ВУП. Калі ў нас колькасць людзей у эканоміцы зніжаецца, адпаведна зніжаюцца магчымасці для яе росту. Трэнды зніжэння колькасці насельніцтва і занятых у эканоміцы Беларусі – доўгія працэсы, яны не могуць проста ўзяць і спыніцца.

Тут накладаецца не толькі міграцыя, але і дэмаграфічная сітуацыя. Апроч таго, што ў нас становіцца менш працаўнікоў – людзей, якія ствараюць ВУП, у нас становіцца менш людзей, якія плацяць у Фонд сацыяльнай бароны насельніцтва. То бок абвастраюцца праблемы з выплатамі пенсіяў. Усё гэта адбываецца на фоне старэння насельніцтва Беларусі і павелічэння працягласці жыцця, што адпавядае сусветным трэндам», – адзначае суразмоўца.

Менавіта таму і была прынятая канцэпцыя міграцыйнай палітыкі, адзначае Лузгіна. У дакуменце толькі агульныя рысы, цягам наступных трох месяцаў будзе распрацаваная праграма, што канкрэтна плануюць рабіць улады. Але пэўная палітыка ў гэтым кірунку ўжо праводзіцца. Напрыклад, быў пашыраны пералік прафесіяў, згодна з якім замежнікі могуць працаўладкавацца паводле спрошчанага варыянту. То бок для замежнікаў ствараецца больш лёгкі доступ да рынку працы ў дэфіцытных прафесіях.

Другі момант датычыць адтоку беларусаў з краіны. Для яго спынення павялічваецца колькасць гадоў адпрацоўвання пасля заканчэння ўніверсітэту для бюджэтнікаў, уводзіцца адпрацоўка для платнікаў. У дакуменце таксама пазначанае правядзенне інфармацыйнай кампаніі, скіраванай на беларусаў, якія выехалі. Пэўна, ім будуць трансляваць і рэкламаваць, якія магчымасці працаўладкавання ёсць у Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Як зацікавіць беларусаў, якія з’ехалі, ці замежнікаў ехаць працаваць у Беларусь, сказаць складана. Бо нават калі не глядзець на палітычны складнік, і паводле заробкаў, і паводле ўмоваў працы Беларусь прайграе заходнім суседзям», – дадала Настасся Лузгіна.

Улады хочуць стымуляваць беларусаў, якія зʼехалі, пераводзіць больш грошай на радзіму. У Беларусі лічаць недаацэненым уплыў грашовых пераводаў беларускіх грамадзянаў, якія працуюць за мяжою, на эканоміку краіны. У Канцэпцыі прыводзіцца статыстыка: за шэсць месяцаў 2023 года асабістыя грашовыя пераводы беларусаў склалі каля $ 0,5 млрд, а за ўвесь 2022 год – больш за $ 1 млрд.

Пры гэтым беларусы, якія жывуць ці працуюць за мяжой, абмежаваныя ў магчымасцях пераводзіць грошы ў Беларусь, і не толькі праз тое, што ўсё больш заходніх банкаў уводзяць абмежаванні і санкцыі, звязаныя з фінансавымі аперацыямі ў Беларусі. Гэтаму спрыяюць і ўлады – напрыклад, пасля ўступлення ў моц Закону аб плацежных сістэмах і плацежных паслугах дастаўцы плацежных паслуг могуць працаваць на беларускім рынку толькі пасля іх залучэння ў спецыяльны рэестр Нацыянальнага банку.

«У гэтым пытанні два бакі: першы – асабісты, як стымуляваць чалавека, які жыве за мяжою, пералічваць грошы ў Беларусь, і другі бок – тэхнічны. Адміністрацыйнымі захадамі гэтых пытанняў не развязаць. Санкцыі, накладзеныя на частку беларускіх банкаў, сур’ёзна абмяжоўваюць пералік грошай у валюце – доларах і еўрах, для фізічных і юрыдычных асобаў. Гэтыя праблемы завязаныя на вонкаваэканамічных працэсах, і іх проста так не развязаць. Трэба змяняць імідж краіны, здымаць санкцыі з Беларусі, то бок змены мусяць быць канцэптуальныя», – рэзюмавала нашая суразмоўца.

Агляд
На прадпрыемствах няма каму працаваць? Што адбываецца на рынку працы ў Беларусі
2023.12.27 16:50

«Забараняць выезд з краіны для рэжыму небяспечна»

Палітолаг, рэдактар «Беларусского ежегодника» Вадзім Мажэйка называе прыняцце Канцэпцыі міграцыйнай палітыкі цалкам чаканым:

«На мінулым тыдні кіраўнік дэпартаменту міграцыі МУС казаў, што за мінулыя гады Беларусь пакінула больш за 200 тысяч грамадзянаў. Адпаведна, калі людзі з тваёй краіны з’язджаюць, з гэтым трэба нешта рабіць.

Бо з’язджаюць акурат мабільныя, актыўныя і працаздольныя, то бок тыя, хто эканоміцы патрэбны і чый ад’езд ёсць праблемаю.

Усе звяртаюць увагу на ад’езд медыкаў, айцішнікаў, недахоп дальнабойшчыкаў. Але ў Беларусі гэта кранула практычна ўсе сферы грамадства і прафесіяў: камусьці прыходзіцца мяняць трэцяга майстра манікюру за год, бо ўсе паз’язджалі ў Польшчу».

Паводле эксперта, усе краіны так ці інакш мусяць выбудоўваць сваю міграцыйную палітыку. Для гэтага дзяржава можа ствараць як пазітыўныя, гэтак і негатыўныя стымулы:

«Можна скіроўваць сваю палітыку на дзве аўдыторыі: уласнае насельніцтва і людзей з іншых краінаў. Можна ствараць пэўныя прэферэнцыі, каб лепей жылося ў краіне, бо зразумела, што людзі не едуць туды, дзе горш. Калі краіне патрэбныя адмысловыя спецыялісты, то дзяржава думае, як прыцягнуць менавіта такіх людзей. Напрыклад, згадаем захады Польшчы для прыцягнення беларускіх і ўкраінскіх медыкаў, айцішнікаў. Умовы легалізацыі і працы ў Польшчы для іх значна больш ліберальныя, чымся ў іншых краінах. Гэта добры прыклад таго, як краіна таргетуе пэўную аўдыторыю, каб прыцягнуць да сябе адмысловых замежнікаў».

Hавiны
У Беларусі забараняюць рэкламу працы і навучання за мяжой
2023.12.30 10:05

Вадзім Мажэйка заўважае: дакумент Канцэпцыі кепска падрыхтаваны, бо там няма аналізу прычынаў цяперашняй сітуацыі. Вядома, такога аналізу няма, бо ў Беларусі нельга прыняць дакументу, у якім будзе сказана, што праз палітычныя рэпрэсіі значна пагоршылася сітуацыя, таму людзі з’язджаюць з краіны. Але калі няма аналізу прычынаў, то нельга выпрацаваць эфектыўныя крокі, каб сітуацыю палепшыць.

«Канцэпцыя ігнаруе палітычны кантэкст, хоць сам па сабе дакумент неблагі. Але ён нібыта ў вакууме, там прапісаныя разумныя, але стандартныя рэчы для ўсіх краінаў, няма ніякай адаптацыі для Беларусі», – падкрэсліў эксперт.

Ці можа дзяржава забараніць выезд некаторых катэгорыяў беларусаў за мяжу? Напрыклад, медыкаў? Эксперт адзначае, што пэўныя абмежавальныя крокі ўжо робяцца. Напрыклад, згадаем рэпрэсіі супраць курсаў польскай мовы ў Беларусі, пакаранне дырэктараў школаў, дзе шмат выпускнікоў з’язджае за мяжу, ці ўсе складанасці, якія маюць беларусы з атрыманнем таго ж апастылю. Усё гэта скіравана на тое, каб ускладніць ад’езд людзей з Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

«Але цалкам забараніць выезд з Беларусі амаль немагчыма, бо каб забараніць выезд з краіны, трэба фізічна перакрыць усе межы, у тым ліку з Расеяй.

Ад поўнай ізаляцыі краіны негатыўныя наступствы будуць значна большыя, чым ад міграцыі спецыялістаў. Дый для самога рэжыму гэта небяспечна. Палітычныя прычына ледзь не галоўная. Таталітарныя рэжымы кшталту Паўночнай Карэі ўспрымаюць людзей як рэсурс, такія краіны часцяком забараняюць выезд грамадзянаў за мяжу. А вось аўтарытарныя краіны, хутчэй, успрымаюць людзей як перашкоду, і выезд за мяжу – гэта магчымасць выпусціць пару: калі камусьці зусім невыносна жыць у краіне, ён можа проста з’ехаць.

І тыя, хто з’язджае, хоць і не задаволеныя рэжымам, але яны далёка. Таму забараняць выезд для рэжыму небяспечна, бо з’язджаюць самыя незадаволеныя людзі, якія могуць ствараць праблемы ўнутры», – канстатуе Вадзім Мажэйка.

Паводле суразмоўцы, у Канцэпцыі мала пунктаў, якія датычаць вяртання беларусаў у Беларусь, бо гэта стварае палітычную небяспеку для рэжыму. З большага Канцэпцыя сфакусаваная на прыцягненні людзей з іншых краінаў – з Расеі, Украіны, асабліва з усходніх раёнаў, якія найбольш пацярпелі ад вайны. Эксперт прыгадвае 2014 год: тады адбыўся прырост насельніцтва Беларусі якраз за кошт тых, хто прыехаў з Украіны. Магчыма, таксама будуць прыцягваць у Беларусь людзей з краінаў Цэнтральнай Азіі, кітайскіх студэнтаў.

«А ў Беларусі будуць перашкаджаць ад’езду моладзі, ціснуць на адукацыйныя курсы і ўстановы, каб не было магчымасці падрыхтавацца да такога ад’езду. Але, канечне, улады не пойдуць на развязанне галоўнай прычыны праблемы, бо гэта азначае спыненне рэпрэсіяў і дэмакратызацыю краіны. А гэта б прыцягнула ў Беларусь больш людзей і значна палепшыла б дэмаграфічную сітуацыю», – рэзюмаваў Вадзім Мажэйка.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў