Улады Беларусі задумаліся над стымуляваннем грашовых пераводаў і скарачэннем адтоку кадраў


На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваная Канцэпцыя міграцыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2024–2028 гг.

Пра тое, што пасля 2020 года ў выніку масавых рэпрэсіяў з Беларусі зʼехалі сотні тысячаў асобаў, у дакуменце нічога не гаворыцца. У Канцэпцыі толькі прыводзіцца колькасць беларусаў, якія з 2018 да 2023 года паехалі працаваць за мяжу афіцыйна, пры дапамозе юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў – іх было ўсяго каля 38 тысячаў асобаў. У дакуменце дадаецца, што ўлік беларусаў, якія самастойна выязджаюць на працу за мяжу, весці цяжка, бо яны не перадаюць адпаведнай інфармацыі ў аддзелы грамадзянства і міграцыі МУС. Адначасова ў той жа перыяд у Беларусь афіцыйна заехалі 83 тысячы працоўных мігрантаў.

Разам з тым праблема адтоку кадраў з Беларусі ўсё-ткі прызнаецца. У Канцэпцыі падкрэсліваецца, што краіна мае патрэбу ў «павышэнні эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання міграцыяй, забеспячэнні нацыянальных інтарэсаў у гэтай сферы».

«Міграцыйныя працэсы адыгрываюць значную ролю ў сацыяльна-эканамічным і дэмаграфічным развіцці Рэспублікі Беларусь. На працягу доўгага часу міграцыйны прырост у значнай ступені кампенсаваў натуральнае змяншэнне насельніцтва.

Аднак цяпер назіраецца міграцыйны адток за межы Рэспублікі Беларусь грамадзянаў, якія выязджаюць у мэтах заняцця працоўнай дзейнасцю і на сталае месца жыхарства», – гаворыцца ў дакуменце.

У сувязі з гэтым у Канцэпцыі ставіцца мэта забяспечыць станоўчае сальда вонкавай міграцыі і рэалізаваць мерапрыемствы, накіраваныя на «захаванне кадравага патэнцыялу краіны і зніжэнне адтоку беларускіх грамадзянаў за мяжу».

Сярод іншага ў дакуменце адзначаецца, што раней быў недаацэнены ўплыў грашовых пераводаў беларускіх грамадзянаў, якія працуюць за мяжой, на эканоміку Рэспублікі Беларусь. Паводле наяўных звестак, за 6 месяцаў 2023 года асабістыя грашовыя пераводы беларусаў склалі каля $ 0,5 млрд (у 2022 годзе – больш за $ 1 млрд). У сувязі з гэтым улады лічаць неабходным «стымуляваць павелічэнне іх аб’ёмаў».

У сферы міжнароднай супрацы ўлады плануюць фармаваць адзіную міграцыйную прастору Беларусі і Расеі для дасягнення мэтаў Саюзнай дзяржавы, а таксама паглыбляць супрацу ў межах ЕАЭС, АДКБ і СНД.

У Канцэпцыі таксама прыводзяцца дадзеныя наконт колькасці ўцекачоў у Беларусі. Гэтак, на 1 ліпеня 2023 года статус уцекача ў Беларусі атрымалі 1008 замежнікаў з 30 краінаў. З іх амаль чвэрць у выніку атрымалі беларускае грамадзянства. Дадатковую абарону атрымалі 6960 асобаў з 18 краінаў свету. З іх 3384, станам на 1 ліпеня, працягвалі пражываць у Беларусі.

Hавiны
За паўгода колькасць беларусаў, якія афіцыйна пражываюць у Польшчы, вырасла на 30 %
2024.01.11 16:13

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў