Грамадзяніна Ізраілю не пусцілі ў Беларусь праз падпіску ў тэлеграме


У студзені Дзмітрый (прозвішча ён прасіў не называць) прыляцеў, каб наведаць родных. Але ў менскім аэрапорце яго «завярнулі назад» праз падпіску на «забаронены канал», паведамляе «Радыё Свабода».

Старонка пашпарт грамадзяніна Ізраілю, якога не пусцілі ў Беларусь праз падпіску на ТГ-канал. Крыніца: svaboda.org

Мужчына паходзіць з Беларусі, але ўжо каля 30 гадоў жыве ў Ізраілі, мае грамадзянства гэтай краіны. Летась пасля нападу на Ізраіль тэрарыстаў ХАМАС яго дачка з малымі дзецьмі паехала да сваякоў у Беларусь, «каб перабыць там небяспечны час». А 16 студзеня 2024-га ў Беларусь праз Грузію прыляцеў і сам Дзмітрый з жонкай.

Пасля размовы ў аэрапорце жонку ізраільцяніна памежнікі прапусцілі, а да яго ўзніклі пытанні ад «чалавека ў цывільнай вопратцы». Ён мяркуе, што гэта быў супрацоўнік КДБ. Ён запатрабаваў для праверкі тэлефон, інакш пагражаў «адправіць назад». І ў выніку знайшоў падпіску на тг-канал, забаронены ў РБ. Дзмітрый кажа, што нічога пра такія забароны не ведаў.

Невядомы ў цывільным заявіў, што не мае права ўпусціць грамадзяніна Ізраілю ў Беларусь. У пашпарт паставілі пячатку: «Уезд забаронены», але пры гэтым не патлумачылі, як доўга нельга будзе прыехаць на радзіму (на штампе аб забароне гэта не пазначана).

«Грошы засталіся ў мяне, рэчы – у жонкі, – расказвае мужчына. – Я ледзьве дабіўся, каб дазволілі перадаць частку грошай жонцы, мне ж – рэчы ад яе. Потым мяне правялі ў нейкі пакойчык і сказалі чакаць».

Чакаць размовы з іншым «чалавекам у цывільным» давялося некалькі гадзін.

«Ён пачаў мне казаць: «Ды хто ты такі? Хто цябе сюды клікаў? Табе тут ніхто нічога не павінен, чаго ты сюды прыехаў?», – расказвае ізраільцянін.

Пасля прадстаўнікі «Белавія» прапанавалі заплаціць за квіток 100 долараў. «Прычым не больш, не менш, менавіта сто, – расказвае Дзмітрый. – Я зазначыў, што мяне мусяць дэпартаваць бясплатна. Але яны пачалі намякаць, што ў самалёце можа не быць месцаў. Таму я нарэшце пагадзіўся і заплаціў».

Ніякай квітанцыі ці квітка яму не далі, пашпарт жа аддалі толькі па прылёце ў Тбілісі. Па вяртанні ў Ізраіль мужчына вырашыў напісаць скаргі ў беларускія дзяржаўныя органы. У Дзмітрыя склалася ўражанне, што Беларусь – «недружалюбная краіна, тут не рады гасцям».

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў