Колькасць занятых у беларускай эканоміцы за год скарацілася на адзін Светлагорск


У Беларусі працягвае зніжацца колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у снежні 2022 года такіх было каля 4 мільёнаў 189 тысяч 600 чалавек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На заводзе «БелАЗ» у Дзень машынабудаўніка. Жодзіна, Беларусь. 25 верасня 2021 года.
Фота: belaz.by

Снежаньская колькасць занятых у эканоміцы на 3,3 тысячы менш за тую ў лістападзе 2022 года, на 6 тысяч менш за кастрычнік і на 67,6 тысячы менш за лічбы снежня 2021 года. За год колькасць занятых скарацілася на 1,6%. Гадавыя страты параўнальныя з насельніцтвам Светлагорску, Рэчыцы або цэлага Пухавіцкага раёну разам з Мар’інай Горкай.

У дапандэмійны і давыбачы 2019 год у беларускай эканоміцы былі занятыя 4,33 млн чалавек (сярэднегадавая колькасць паводле Белстату) – на 140,5 тысячы больш, чым цяпер. За той год занятых стала менш усяго на 7,8 тысячы, за папярэдні 2018-ы – на 15,7 тысячы, за 2017-ы – на 52,1 тысячы…

Белстат лічыць занятымі ў эканоміцы ўсіх, хто займаецца працоўнай дзейнасцю, звязанай з вытворчасцю тавараў ці аказаннем паслугаў за ўзнагароджанне ці за аплату ў натуральным выражэнні, або проста дзеля атрымання прыбытку. Чаму колькасць такіх людзей пастаянна скарачаецца, Белстат не тлумачыць.

Статдазеныя не даюць падстаў меркаваць, што ў Беларусі проста павялічылася колькасць беспрацоўных.  У IV квартале 2022 года ўзровень беспрацоўя, паводле звестак Белстату,  складаў 3,6 % ад працоўнай сілы – на 0,2 адсоткавага пункта больш, чым у мінулым квартале, але на 0,1 адсоткавага пункта менш, чым год таму.

Імаверна, прычынамі могуць старэнне насельніцтва, нізкая нараджальнасць і эміграцыя. Аб чым ране неаднаразова гаварылі эксперты.  Беларускія ўлады змагаюцца за павелічэнне колькасці занятых праз  карныя метады –  падвышэння коштаў на камунальныя паслугі для незанятых у эканоміцы, абкладанне падаткам грошай ад сваякоў. Таксама плануецца распаўсюдзіць такі падыход на медычныя паслугі. Адначасова ўлады заклікаюць вяртацца тых, хто з’ехаў праз палітычныя рэпрэсіі, а тых, хто застаўся – самастойна заняцца выпраўленнем дэмаграфічнай сітуацыі.

Інфаграфіка
Як змянілася Беларусь за 30 гадоў. Аналізуем лічбы з афіцыйнай статыстыкі
2022.10.19 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў