Звыш 4 тысяч украінскіх дзяцей вывезлі з акупаванага Крыму ў Расею і Беларусь


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Чэхіі назвала на паседжанні «Крымскай платформы» колькасць дзяцей, вывезеных з акупаванага Расеяй украінскага Крыму: гэта больш як 4000 чалавек. Іхныя сляды згубіліся.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Наваполацку. 22 верасня 2023 года.
Фота: Наваполацкі гарадскі выканкам / sb.by

Чатыры дзясяткі прадстаўнікоў парламентаў розных краінаў свету 23 кастрычніка сабраліся ў Празе на Міжнародны парламенцкі саміт «Крымскай платформы» – кансультацыйнага форуму для ўладаў краінаў, якія падтрымваюць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, расказвае «Česká televize». На форуме праз відэасувязь выступіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які казаў пра стратэгію перамогі і патрэбу ў зброі і боепрыпасах.

Падчас форуму старшыня Палаты прадстаўнікоў Чэхіі Маркета Пэкарава Адамава расказала, што з надзейных крыніцаў вядома пра вываз з Крыму звыш чатырох тысяч украінскіх дзяцей – іх вывозілі на расейскую тэрыторыю або ў Беларусь, пасля іхныя сляды губляюцца.

Вываз дзяцей без згоды бацькоў або законных прадстаўнікоў з акупаваных тэрыторыяў незаконны, роўны выкраданню і ва ўмовах вайны можа лічыцца ваенным злачынствам.

Раней улады Беларусі сцвярджалі, што ўкраінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь толькі са згоды бацькоў, апазіцыя ў гэта не верыць – Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадало Міжнароднаму крымінальнаму суду доказы ўдзелу асабіста Аляксандра Лукашэнкі і ягонага рэжыму ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў.

За вываз украінскіх дзяцей Міжнародны суд ужо выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і ягонай падначаленай Марыі Львовай-Бяловай, якая арганізоўвала вываз і асіміляцыю дзяцей з Украіны. Такі ж ордар на арышт заклікаюць выдаць на Лукашэнку.

Крым быў у 2014 годзе акупаваны «зялёнымі чалавечкамі» – баевікамі без азнакаў, якія, як пазней прызнаў Пуцін, былі расейскімі вайскоўцамі. Расея анексавала Крым па выніках «рэферэндуму», не прызнаванага большай часткай свету. Лукашэнка прызнае Крым расейскім.

Як казаў на «Крымскай платформе» старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Руслан Стэфанчук, акупацыя Крыму стала «прыступкай» да поўнамаштабнай вайны ва Украіне, а міжнародная рэакцыя на акупацыю Крыму была недастаткова жорсткай, каб стрымаць Крэмль ад далейшай агрэсіі.

Разбор
Украінскіх дзяцей масава вывозяць у Беларусь. Што адбываецца – і чаму гэта ваеннае злачынства?
2023.07.12 07:07

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў