Амбасадар Беларусі ў РФ: Вываз украінскіх дзяцей адбываецца са згоды бацькоў


Амбасадар Беларусі ў Расеі Дзмітрый Круты, выступаючы на «круглым стале» ў Маскве, паспрабаваў апраўдацца за вываз украінскіх дзяцей у Беларусь з акупаваных Расеяй тэрыторый. Ён заявіў, што ўсё было са згоды бацькоў ці законных прадстаўнікоў дзяцей.

Прыбыццё цягніка з дзецьмі Данбасу на вакзал у Менску. 3 красавіка 2023 года.
Фота: Ягор Ермаліцкі / sb.by

Дзмітрый Круты заявіў, што з пачатку 2021 года больш за 3,5 тысячы дзяцей з Данбасу прайшлі ў Беларусі «курс рэабілітацыі», у тым ліку іх вазілі ў лагер «Зубренок».

Паводле ягоных словаў, усе дзеці прыязджаюць у Беларусь са згоды бацькоў або законных прадстаўнікоў.

«У асноўным – гэта дзеці-сіроты, бацькі якіх загінулі падчас баявых дзеянняў, альбо выхадцы з няпоўных, малазабяспечаных сем’яў. Таксама адзначу, што насуперак нахабнай хлусні заходняй і ўкраінскай прапаганды выезд дзяцей на аздараўленне ў Беларусь ажыццяўляўся толькі са згоды іх бацькоў і законных прадстаўнікоў. Хачу падзякаваць за гэтую самаадданую працу Дабрачынны фонд нашага паралімпійскага чэмпіёна Аляксея Талая, Беларускі Саюз Моладзі, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, педагогаў, медычных работнікаў і ўсіх, хто мае дачыненне», – сказаў Круты.

У ліпені доказы таго, што ў Беларусь незаконна вывозяць украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, былі перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення спадзяюцца, што дзеянні рэжыму Лукашэнкі будуць кваліфікаваныя як ваеннае злачынства.

Еўрапарламент у рэзалюцыі ад 13 верасня заявіў, што дзеянні Лукашэнкі і ягонага рэжыму можна кваліфікаваць як злачынствы супраць чалавечнасці і заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Лукашэнкі.

На 15 верасня Украіна афіцыйна пацвердзіла дэпартацыю 19 546 дзяцей, вярнуць удалося толькі 386 з іх. Аднак упаўнаважаная ў справе правоў дзіцяці ва Украіне Дар’я Герасімчук заяўляла, што на акупаваных украінскіх тэрыторыях, да якіх няма доступу, лік выкрадзеных дзяцей можа даходзіць да некалькіх соцень тысячаў. Гэтак, у ліпені Марыя Львова-Бялова заяўляла, што з пачатку ўварвання ва Украіну расейскі бок вывез на тэрыторыю РФ больш за 700 тысячаў украінскіх дзяцей.

Каментар
«Дэстабілізоўны чыннік для рэжыму». Павел Латушка пракаментаваў рэзалюцыю Еўрапарламенту
2023.09.14 20:28

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў