Пуцін вырашыў пачаць поўнамаштабны напад на Украіну ў лютым 2021 года: расследаванне выдання «Вёрстка»


«Апошняй кропляй» у рашэнні Уладзіміра Пуціна напасці на Украіну сталі прэтэнзіі да бізнесаў ягонага кума Віктара Медведчука, расказвае «Вёрстка» са спасылкай на крыніцы ў атачэнні кіраўніка Расеі.

Уладзімір Пуцін на вучэннях «Захад-2021» – калі верыць расследаванню «Вёрстки», ён ужо плануе напад на Украіну. Муліна, Расея. 13 верасня 2021 года.
Фота: kremlin.ru

Расейскае выданне «Вёрстка» апублікавала вялікае расследаванне аб расейска-ўкраінскіх стасунках і перадумовах да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Як згадвае выданне, у часы Леаніда Кучмы, да памаранчавай рэвалюцыі 2004 года між Масквой і Кіевам былі адзінкавыя спрэчкі. У выніку рэвалюцыі ўкраінцы дамагліся перамогі Віктара Юшчанкі і не пусцілі да ўлады Віктара Януковіча, якога актыўна падтрымліваў Крэмль і асабіста Уладзімір Пуцін.

Той Майдан быў «разбурэннем правілаў гульні» з гледзішча Пуціна, як згадаў блізкі да яго чалавек. Ужо тады Крэмль спрабаваў справакаваць аддзяленне ад Украіны асобных рэгіёнаў у асобную дзяржаву са сталіцай у Харкаве, але план сарваўся без расейскай вайсковай падтрымкі.

Калі Юшчанка згубіў папулярнасць, а Януковіч прыйшоў да ўлады на выбарах 2012 года, нападаць не было сэнсу, бо «нашыя спецслужбы сядзелі ў кіраўніцтве Украіны, кіравалі ёй і асобнымі бізнес-адзінкамі», расказаў чалавек, блізкі да адміністрацыі Пуціна.

Фільмы
Рэвалюцыя. Слёзы Майдану, рэпартаж
2014.10.13 17:01

Стаўленне Пуціна да Украіны мянялася разам са стаўленнем да Захаду. Ды яшчэ ў пачатку 2014 года, калі трывалі новыя пратэсты супраць Януковіча, Пуцін не збіраўся нападаць. Толькі ў лютым, калі стала зразумела, што «Еўрамайдан» перамагае, Крэмль арганізаваў з’езд дэпутатаў з аддзяленнем часткі Украіны – ды і той праваліўся праз адмову ўдзельнічаць у ім кіраўнікоў Харкава і Харкаўскай вобласці, куды Януковіч уцёк з Кіева.

Рашэнне аб нападзе на Крым Пуцін прыняў з 22 на 23 лютага 2014 года – пасля ўцёкаў Януковіча з Кіева. Нарада ў Сочы, дзе толькі завяршылася Алімпіяда, трывала сем гадзінаў. Пуцін сказаў, што гэта «апошні шанец» анексаваць паўвостраў. Выразнага плану захопу Данбасу не было: у пачатку сакавіка-2014 рэгіён сталі таемна наведваць расейскія чыноўнікі, «прамацваць глебу».

Ініцыятыва ўзброенай аперацыі на Данбасе, сцвярджаюць суразмоўцы «Вёрстки», была ўжо не ініцыятывай Пуціна, а ідэяй Федэральнай службы бяспекі, якую Пуцін падтрымаў. Пасля малапаспяховай вайны Пуцін асабіста пісаў пункты «менскіх пагадненняў» з разліку на тое, што яны дазволяць змяніць палітыку астатняй Украіны праз уплыў непадкантрольных Кіеву «ДНР» і «ЛНР».

Аб’ектыў
Постнармандскі прэзідэнт: сустрэча з Пуціным змяніла Зяленскага
2019.12.10 23:15

Калі Уладзімір Зяленскі ў 2019 годзе перамог на выбарах ва Украіне, ён разлічваў «перазагрузіць» дамовы з Масквой – і Пуцін разлічваў «абыграць недасведчанага палітыка» і дамагчыся выканання выгадных яму «менскіх пагадненняў». Але Пуцін недаацаніў Зяленскага і ягоную каманду. Прэс-канферэнцыю ў Парыжы ў канцы 2019 года, дзе Зяленскі кепска хаваў усмешку ад словаў Пуціна, успрынялі як поўху – пасля гэтага Пуцін не сустракаўся з Зяленскім.

Пасля гэтага ключавой даверанай асобай Пуціна ва Украіне стаў колішні кіраўнік адміністрацыі Кучмы Віктар Медвядчук (Пуцін меў з ім блізкія стасункі і нават стаў хросным бацькам ягонай дачкі – то бок кумам).

Партыя Медведчука, «Апазіцыйная платформа – За жыццё», на рэгіянальных выбарах 2020 года заняла першае месца ў шасці вобласцях Украіны. У лютым 2021 года Украіна ўвяла санкцыі за антыўкраінскую прапаганду супраць звязаных з Медведчуком тэлеканалаў «112 Україна», «NewsOne» і ZIK, а самога Медведчука ўключылі ў расследаванне аб фінансаванне тэрарызму.

Аналітыка
Расея год рыхтавала напад на Украіну. Хроніка падзеяў
2022.02.24 13:16

«Тры крыніцы ў асяроддзі расейскага прэзідэнта пацвердзілі, што менавіта гэтая гісторыя са знішчэннем інфармацыйнага рэсурсу Мядзведчука і тым, што яго пачалі «кашмарыць», стала апошняй кропляй у прыняцці Пуціным рашэння аб падрыхтоўцы да ваеннай аперацыі, – піша «Вёрстка». – Да інструментаў «мяккай сілы» ў Крамлі вырашылі больш не звяртацца».

Пуцін успрыняў атаку на Медведчука як «асабісты выпад», кажа адзін з даўніх знаёмых Пуціна, бо той быў надзеяй на змену сітуацыі палітычнымі метадамі. Ды і сам Медведчук расказваў Пуціну аб прарасейскіх настроях ва Украіне: блізкі да адміністрацыі Пуціна чалавек кажа, што Медведчук Пуціну «расказваў казкі, асвойваў гэтыя грошы, якія яму плацілі за арганізацыю палітычнага супраціву, і не верыў, што хтосьці калі-небудзь праверыць».

Рэпартаж
Кіеў пад абстрэламі як аксюмаран: пабылі з кіяўлянамі, якія ўдома прызвычаіліся да вайны
2023.04.25 12:18

У рашэнні напасці на Украіну, кажуць крыніцы выдання, Пуцін ні з кім не раіўся – хіба са сваім сябрам Юрыем Кавальчуком, які пераканаў Пуціна, што «Еўропа раздзеленая», таму самы час для нападу.

Падрыхтоўка да нападу сакрэтна вялася з вясны 2021 года, піша «Вёрстка». Ужо ў красавіку-2021 Расея правяла пад украінскімі межамі падазроныя вучэнні. Пра будучы напад здагадваліся многія, шэраг сілавікоў быў супраць, але міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу нават радаваўся рашэнню, бо «не разумеў, у якім стане знаходзіцца армія». А «несілавыя» эліты проста паставілі перад фактам, кажа адзін са старых сяброў Пуціна.

Фота
А заўтра пачалася вайна… Як выглядаў Кіеў у апошні дзень перад нападам Расеі
2022.02.24 09:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў