Суды над ужо асуджанымі і над цэлымі сем’ямі


Рэпрэсіўная машына беларускага рэжыму не спыняе судовага канвееру. У Дзень Волі пачалася цэлая чарада судоў над беларусамі, якія прагнулі свабоды.  

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рукі Нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ў судзе.
Фота: sb.by

25 сакавіка стала вядома пра затрыманне гарадзенца Уладзіміра Ніканава. Паводле сілавікоў, ён пакідаў абразлівыя каментары пра Лукашэнку, прадстаўнікоў улады, а таксама міліцыянтаў і іх сем’і. На відэа, якое выставілі ў сваім тэлеграм-канале сілавікі, на затрыманым бачныя сляды збіцця.

Сёння ў Менскім гарадскім судзе прайшоў суд над Ларысай Катовіч, затрыманай напрыканцы жніўня 2023 года. Супраць жанчыны спачатку склалі адміністрацыйны пратакол за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», але пазней завялі крымінальную справу паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Рашэнне суду пакуль невядомае.

У судзе Цэнтральнага раёна Менска 25 сакавіка адбыўся суд над цэлай сям’ёй – Валерам, Валянцінай і Паўлам Мікшамі. Іх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Вынік суду пакуль невядомы.

У Гарадзенскім абласным судзе пачаўся суд над супрацоўнікам фонда «Вяртанне» Сяргеем Макарэвічам. Яго судзілі за данат паводле арт. 361-2 КК («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»).

У Цэнтральным судзе Менска прайшоў суд над беларусам Ягорам Клімовічам, які падчас пратэстаў даў інтэрв’ю каналу Навальнага. Пра затрыманне маладога чалавека стала вядома 18 студзеня 2024 года.

Берасцейца Ігара Варановіча затрымалі за тое, што ў 2020 годзе стаяў у «счэпцы». Затрымлівалі мужчыну пяцёра сілавікоў са зброяй, у бронекамізэльках і касках.

Сёння стала вядома, што ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 28 сакавіка па «народным» артыкуле (342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») будуць судзіць адразу дзевяць чалавек. На лаве падсудных апынуцца Хута Дзмітрый, Апановіч Эдуард, Арцюх Алег, Лескавец Аляксей, Абрамовіч Дзмітрый, Сяргееў Алег, Тадро Вольга, Шкуцько Вячаслаў, Стахейка Алена.

Праваабаронцы прызналі журналіста Ігара Карнея палітзняволеным. Ён працаваў пазаштатным карэспандэнтам «Радыё Свабода». Яго затрымлівалі ў лістападзе 2020-га падчас асвятлення акцый пратэсту. Наступным разам Ігара затрымалі 17 ліпеня 2023 года ў Менску і завялі супраць яго крымінальную справу. 22 сакавіка Мінскі гарадскі суд прызначыў Ігару 3 гады калоніі за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні».

Сёння ў Горках пачаўся суд па справе палітзняволенага Дзяніса Дзікуна, якога абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Мужчыну могуць дадаць яшчэ два гады зняволення да тэрміну ў 23 гады, прысуджанага па справе «рэйкавых партызанаў» са Светлагорску, яго і яшчэ дваіх мужчын абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі на чацвёрты дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве», рэгістрацыю ў плане «Перамога» і сувязь з BYPOL.

Сілавікі затрымалі Кірыла Гаўрылава за фота вайсковай тэхнікі. На «пакаяльным відэа» бачна, што ў маладога чалавека падбітае вока, ён гаворыць на камеру, што за грошы павінен быў сабраць інфармацыю пра беларускія вайсковыя аб’екты.

Стала вядома, што 26 лютага ў судзе Ленінскага раёна Менска прайшоў суд над мужчынам, які з акна кватэры крыкнуў «Жыве Беларусь!». Яго абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаваны пікет») і асудзілі на 13 содняў.

Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі мужчыну за каментар пра тэракт у Расеі. У допісе сілавікі здзекліва напісалі, што ў яго «пачаліся праблемы з вухам». Маладога чалавека абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Сёння стала вядома пра затрыманне блогеркі Жанны Волкавай, якая выклала ў сацсетках відэа з рэцэптам сасісак у цесце і «няправільна» пракаментавала, пашкадаваўшы «ўкраінскіх дзяцей». Прапагандысты гэта ўспрынялі як апраўданне тэракту ў Маскве. Жанчыну затрымалі. На відэа яна сазнаецца ва ўдзеле ў пратэстах і «шкадуе» пра тое, што запосціла відэа з рэцэптам. Блогерцы можа пагражаць да 7 гадоў зняволення.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў