Фільм беларускіх рэжысёраў «Радзіма» перамог на фестывалі дакументальнага кіно CPH:DOX у Даніі


З 15 па 26 сакавіка 2023 года ў Капенгагене праходзіць адзін з найбуйнейшых у свеце міжнародных кінафестываляў CPH:DOX. Галоўны прыз на ім узяла стужка «Радзіма», якую знялі беларусы Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка.

Беларускія рэжысёры Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка атрымліваюць галоўны прыз кінафестывалю CPH:DOX за сваю стужку «Радзіма». Капенгаген, 24 сакавіка 2023 года.
Фота: aol.com

Фільм-пераможца імкнецца праліць святло на культуру гвалту і жорсткага стаўлення ў беларускіх узброеных сілах.

Паводле сюжэту, галоўная гераіня, сын якой загінуў падчас тэрміновай службы ў войску, спрабуе распавесці праўду пра тое, што там адбываецца. Паралельна разварочваецца гісторыя групы сяброў з тэхна-андэграўнда прызыўнога ўзросту. «Яны ходзяць на рэйв-вечарыны ў майках і круглых сонцаахоўных акулярах, але праз імгненне вечарына можа скончыцца – яна працягваецца, пакуль на вуліцах не ўспыхнуць масавыя пратэсты супраць «перавыбрання» дыктатара-прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які спачувае Пуціну», – гаворыцца ў анатацыі да фільму на сайце кінафестывалю.

Паводле арганізатараў фестывалю, беларускія рэжысёры Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч стварылі маштабны фільм, які выходзіць далёка за межы Беларусі і аналізуе постсавецкае грамадства з непапулярнай кропкі погляду – моладзевай. У анатацыі асабліва адзначаецца сцэна стужкі, у якой пасярод ночы вызваляюць затрыманых на пратэстах.

«Дзякуючы выбітнай аператарскай працы і глыбокаму веданню культуры, «Радзіма» з’яўляецца адным з тых рэдкіх фільмаў, у якіх атрымліваецца захаваць вырашальны момант у гісторыі, пакуль яна яшчэ толькі разгортваецца», – апісваюць фільм арганізатары фестывалю.

Кадр са стужкі Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі «Радзіма».
Фота: aol.com

Журы абгрунтавала свой выбар стужкі-пераможцы наступным чынам:

«Гэта такі кінематаграфічны і змястоўны фільм, які не спяшаецца раскрываць складанасць жыцця ў дэспатычнай і несправядлівай сістэме. Ён ставіць пытанні аб ідэі індывідуальнага выбару ў загнаным у кут грамадстве. Назва фільму – гэта спосаб вярнуць уладу жанчынам, якія знаходзяцца на пярэднім краі гэтай барацьбы. Узнагарода дастаецца «Радзіме» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча».

У стужцы пазначана, што яна належыць да вытворчасці Швецыі, Украіны і Нарвегіі. Аднак рэжысёры – беларусы. Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч у 2018 годзе разам знялі дакументальны фільм «Мая бабуля з Марсу», у якой распавядалася пра жыццё бабулі Аляксандра Міхалковіча ў Крыму пасля 2014 году.

«Радзіму» можна будзе ўбачыць у кінатэатрах Капенгагену 27 і 29 сакавіка.

У фестывалі CPH:DOX удзельнічалі таксама беларускі рэжысёр Максім Швед, прадзюсарка, заснавальніца і дырэктарка кінафестывалю «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў