Дзень Волі ў няволі


Вызваленне на Дзень Волі, як гэта адбылося ў выпадку з Анджэлікаю Борыс, найлепшы падарунак на 25 сакавіка і для яе, і для асобаў, якія змагаліся за ейную свабоду. Але 1356, паводле dissidentby, палітвязняў святкавалі сёння за кратамі. Як гэта было – даведаемся пазней з іхных лістоў. Але як святкавалі летась.

Маляваныч трымае плакат з партрэтамі беларускіх палітвязняў. Артыст Аляксандр Ждановіч прыняў удзел у святкаванні Дня Волі ў Тбілісі.
Фота: gypsynkov/Twitter

Зняволеныя актывісткі ўзялі звычайныя белыя сурвэткі, на якіх чырвоным фламастарам намалявалі кружочкі і зрабілі сабе святочныя банты.

Фізічна ў няволі, ментальна – свабодныя, актывісткі Ганна Сунгурава, Алана Гебрэмарыям і іхная сукамерніца Вераніка гэтак адзначылі 25 сакавіка ў СІЗА № 1.

Ганна Сунгурава ўзгадвае:

«Мы ўтраіх сустрэлі адміністрацыю ў банціках. Адчыняюцца дзверы і заходзіць такі нізкага росту вельмі злы дзядзька, якому трэба здаваць рапарт».

Актывістка моладзевага руху Алана Гебрэмарыям здала рапарт па-беларуску.

«Ён дачакаўся канца рапарту, потым тупнуў ножкаю і пракрычаў «каму тут весела?! У каго тут свята?! Усе – прозвішчы! Пазапісваў нашыя прозвішчы», – смяецца Ганна.

Карцару ўдалося пазбегчы, бо на Дзень Волі туды была чарга. Праваабаронцы і каардынатарцы валанцёрскай службы «Вясны» Марфе Рабковай, якая ўжо паўтары года застаецца ў СІЗА № 1, на леташні Дзень Волі пашчасціла менш.

«Гэта была пазіцыя ўсёй камеры. Яны зрабілі з паперы чырвоныя і белыя кветачкі, якія ўплялі ў вянкі на галаве, у валасы, і ў той дзень рапартавалі па-беларуску. Я не ведаю, можа яны [адміністрацыя] хваляваліся, што яны там занадта добра дамаўляюцца і нейкія акцыі робяць разам, таму іх расфармавалі».

У адным з лістоў палітвязень Максім Вінярскі напісаў, якія бел-чырвона-белыя торты яны згатавалі ў камеры на Дзень Волі.

«Нам удалося змайстраваць два торцікі ў колерах нацыянальнага сцягу. Выкарыстоўвалі для іх 2 камплекты бісквітных каржоў, згушчанку, шакалад, масла. Для афармлення падышлі згушчанка і апрацаваны мармелад чырвонага адцення», – распавядаў Вінярскі.

Пра галоўнае свята дэмакратычнай апазіцыі пісаў і старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

«Я проста перакананы, што Свята Волі 25 сакавіка заўсёды было той «чырвонай анучай», на якую вельмі нервова рэагаваў нелегітымны кіраўнік дзяржавы. Калі глядзець, пачынаючы з 1994 года, то большасць святаў на 25 сакавіка заўсёды праходзілі з затрыманнямі, з разгонамі. І мяне затрымлівалі таксама. […] Тым не менш, свята застаецца і яно святкуецца па-рознаму і ў розных умовах».

Калі няма магчымасці выйсці са сцягам ці заспяваць гімн дэмакратычнай часткі Беларусі, святкуюць у сэрцы.

Юлія Цяльпук «Белсат»

Стужка навінаў