Стаў вядомы змест дзясятага пакету санкцыяў ЕЗ у дачыненні Расеі


Кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жузэп Бурэль паведаміў на сваёй старонцы ў Twitter, што ў санкцыйны спіс уключана 121 фізічная і юрыдычная асоба.

Паводле Бурэля, уведзены значныя новыя абмежаванні адносна імпарту і экспарту, забаронены расейскія прапагандысцкія медыі.

«Мы па-ранейшаму адзіныя ў сваёй рашучасці спыніць расейскую ваенную машыну», – падкрэсліў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.

Санкцыі накіраваныя ў тым ліку на тых, хто нясе адказнасць за дэпартацыю і гвалтоўнае ўсынаўленне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў – гэтыя дзеянні зʼяўляюцца парушэннем міжнароднага права, зазначыў Бурэль.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе Рады Еўропы, у межах дзясятага пакету санкцыяў Еўразвяз уводзіць дадатковыя абмежаванні на экспарт тавараў двайнога прызначэння, электронных кампанентаў, крытычна важных тэхналогіяў і прамысловых тавараў, якія могуць выкарыстоўвацца расейскай арміяй. Акрамя таго, уводзіцца забарона на транзіт праз РФ экспартуемых з ЕЗ тавараў і тэхналогіяў двайнога прызначэння, каб пазбегнуць абыходу санкцыяў.

У чорны спіс трапілі 96 арганізацыяў, у тым ліку сем іранскіх прадпрыемстваў, што вырабляюць беспілотнікі. Санкцыі таксама ўведзены супраць трох расейскіх банкаў. Іх назвы ў прэс-рэлізе Рады Еўропы не паказваюцца, але раней Bloomberg паведамляў, што гаворка можа ісці пра «Альфа-Банк», «Тінькофф-Банк» і «Росбанк».

Дадатковыя абмежаванні накладаюцца на імпарт тавараў, якія прыносяць значны прыбытак Расеі – напрыклад, асфальт і сінтэтычны каўчук.

Уводзіцца забарона на трансляцыю расейскіх каналаў RT Arabic і Sputnik Arabic.

Грамадзянам РФ таксама забароняць займаць пасады ў важных органах крытычнай інфраструктуры і арганізацыях Еўразвязу.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў