Якія наступствы будзе мець расейска-ўкраінская вайна для Беларусі?


Belsat.eu спрабуе разабрацца, з чым можа сутыкнуцца Беларусь, падтрымаўшы расейскую агрэсію супраць Украіны.

Пагроза чалавечых стратаў

Сёння лукашэнкаўская Беларусь – суўдзельніца пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. З тэрыторыі Беларусі наносяцца ракетныя і, імаверна, авіяцыйныя ўдары, адсюль разгортваецца маштабны наземны наступ расейскіх войскаў, які пагражае Кіеву. Такім чынам, дзеянні беларускага боку цалкам трапляюць пад вызначэнне панятку «агрэсія», згодна з рэзалюцыяй 3314 Генеральнай асамблеі ААН ад 14 снежня 1974 года (арт. 3 пункт f).

Пакуль вайскоўцы Беларусі беспасярэдне ў баявых дзеяннях не бяруць удзелу. Але сітуацыя можа ў любы момант змяніцца. Лукашэнка 24 лютага адкрыта заявіў, што, «калі гэта будзе неабходна Беларусі і Расеі», беларускіх жаўнераў таксама накіруюць на вайну супраць Украіны. Можна меркаваць, што апошняе слова тут застаецца якраз за Масквой. Аналагічным чынам Лукашэнка раней выказваўся пра лёс расейскіх вайскоўцаў у Беларусі пасля вучэнняў «Саюзная рашучасць», рыхтуючы аўдыторыю да таго, што яны тут застануцца.

УВАГА! ШАКАВАЛЬНЫЯ ЗДЫМКІ. Збіты ваенны ўкраінскі самалёт у раёне Асакаркі. Ёсць ахвяры. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Чым больш расейская армія будзе несці стратаў ва Украіне, тым больш Крэмль будзе мець патрэбу ў рэзервах і новых падраздзяленнях на фронце. У гэтай сітуацыі заканамерна можа паўстаць пытанне пра беспасярэдні ўдзел беларускай арміі ў вайне. А ўлічваючы маштабы ваеннай кампаніі, бяскроўным такі ўдзел быць дакладна не можа – армія Беларусі будзе несці страты.

Дарэчы, страты магчымыя не толькі ў тым выпадку, калі вайскоўцы пяройдуць мяжу з Украінай. Паколькі Беларусь і так суўдзельнічае ў агрэсіі, а яе тэрыторыя выкарыстоўваецца для нападу на Украіну, украінская армія мае законнае права наносіць контрудары (ракетныя або авіяцыйныя, а таксама ладзіць дыверсіі) супраць расейскіх войскаў у Беларусі або вайсковай інфраструктуры, якую яны выкарыстоўваюць. Аднак пакуль на гэтыя крокі Украіна не пайшла.

Аналітыка
Расея год рыхтавала напад на Украіну. Хроніка падзеяў
2022.02.24 13:16

Абмежаванне суверэнітэту

Выкарыстанне беларускай тэрыторыі для нападу на Украіну прадэманстравала ўсю глыбіню залежнасці Беларусі ад Расеі. Усяго за паўтара года Беларусь з міратворчай пляцоўкі данбаскага канфлікту ператварылася ў плацдарм для расейскай агрэсіі. Прычым гэтая трансфармацыя суправаджалася поўнаю стратаю суб’ектнасці і самастойнасці.

З каментара Лукашэнкі наконт гэтых падзеяў вынікала, што Пуцін раніцаю 24 лютага проста праінфармаваў яго пра свае намеры правесці «спецаперацыю» супраць Украіны, а зусім не прасіў дазволу выкарыстаць тэрыторыю Беларусі. Цалкам магчыма, што ў гэтым выпадку Лукашэнка штучна дыстанцуецца ад гэтага рашэння.

Але цяпер Беларусь у любым выпадку выглядае краінай, якая цалкам растварылася ў імперскім курсе Крамля і не здольная праводзіць самастойнай палітыкі, распараджацца сваёй тэрыторыяй і арміяй. Нават пытанне ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у вайне Лукашэнка публічна ўвязвае з тым, ці будзе гэта неабходна Расеі.

Аднак выкарыстанне беларускай тэрыторыі для ўварвання не толькі прадэманстравала залежнасць ад Крамля, але і паглыбіла яе, бо ўцягнула краіну ў яшчэ больш жорсткую канфрантацыю з Захадам і выбіла з рук афіцыйнага Менску апошні аргумент для перамоваў.

Карэспандэнт «Белсату» перадае, што людзі працягваюць кіравацца ў бок кіеўскага метро, дзе месцяцца сховішчы. Некаторыя ідуць у напрамку вакзалу, кагосьці падбіраюць машыны і падвозяць. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Раней рэжым Лукашэнкі неаднаразова спекуляваў на нежаданні Захаду дапусціць пашырэнне ўплыву Расеі, якое можа прывесці да паглынання Беларусі. У тым ліку афіцыйны Менск выкарыстоўваў гэты аргумент, крытыкуючы санкцыі.

«Беларусь рызыкуе страціць дзяржаўнасць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца… Еўразвяз назаўсёды страціць Беларусь», – казаў Уладзімір Макей у снежні 2021 года, звяртаючыся да заходніх палітыкаў. Але цяпер, калі Беларусь стала плацдармам для расейскай агрэсіі, гэты аргумент цалкам страціў сэнс – Захад больш няма чым шантажаваць.

За апошнія паўтара года і так склалася тэндэнцыя, калі заходнія лідары абмяркоўвалі праблемы Беларусі з Крамлём. Цяпер жа ў гэтым пытанні будзе пастаўлена кропка: Захаду няма пра што размаўляць з Лукашэнкам, калі на тэрыторыі краіны знаходзяцца расейскія войскі.

Расея ў сваю чаргу ў гэтых умовах будзе яшчэ больш настойліва абмяжоўваць суверэнітэт Беларусі па ўсіх напрамках: вайна дае Маскве фактычна неабмежаваныя рычагі ціску на Лукашэнку.

Падзенне ўзроўню жыцця

За падтрыманне расейскага ўварвання рэжым Лукашэнкі нарваўся на новую хвалю санкцыяў. Ужо ў першы дзень вайны ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да шэрагу вайскоўцаў, бізнесоўцаў, банкаў і абаронных прадпрыемстваў Беларусь.

«Беларусь сталася суўдзельніцай, дазволіўшы выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для вядзення вайны. Мы ясна давалі зразумець Беларусі, што ў гэтым выпадку яна сутыкнецца з наступствамі новага ўзроўню. Гэтыя наступствы пачынаюцца», – заявіла амбасадарка ЗША Джулі Фішэр.

Праз вайну новыя санкцыі супраць Беларусі плануе ўвесці Еўразвяз і Вялікая Брытанія. Прычым наўрад ці справа абмяжуецца адным пакетам: санкцыі, хутчэй за ўсё, будуць дадавацца з цягам часу. Натуральна вялізарныя страты панясуць і гандлёва-эканамічныя сувязі ўласна з Украінаю.

Уцекачы пераходзяць украінска-польскую мяжу ў пункце пропуску Мэдыка на тэрыторыі Польшчы. 24 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Пры гэтым цяпер спраўляцца з санкцыйнымі абмежаваннямі (як новымі, так і папярэднімі) Беларусі будзе значна цяжэй, бо адначасова беспрэцэдэнтныя санкцыі ўводзяцца супраць Расеі. З аднаго боку, магчымасці Крамля фінансава дапамагчы рэжыму Лукашэнкі з аб’ектыўных прычынаў скароцяцца. З другога – усе тыя эканамічныя праблемы, з якім сутыкнецца Расея пасля цяперашніх падзеяў, ускосна будуць адбівацца і на беларускай эканоміцы, бо яна шчыльна звязаная з расейскаю.

Усё гэта ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве непазбежна прывядзе да значнага падзення ўзроўню жыцця.

Hавiны
Нават без візы і пашпарта: суседзі Украіны адкрываюць свае межы для ўцекачоў
2022.02.25 10:35

Рэпрэсіі і лёс палітвязняў

Любая вайна мае ўласцівасць адсоўваць на другі план усе іншыя тэмы і праблемы. Напад Расеі на Украіну выключэннем не будзе. Тэма палітычнага тэрору ў Беларусі ды лёсу палітычных вязняў страціла прыярытэт і цяпер непазбежна будзе прыцягваць значна менш увагі як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Рэпрэсіі пры гэтым нікуды не знікнуць. Больш за тое, атмасфера вайны (цяпер цалкам рэальнай, а не выдуманай прапагандыстамі, як гэта было раней) можа прывесці да таго, што рэпрэсіі стануць яшчэ больш брутальнымі, бо апошнія абмежавальнікі будуць знятыя.

Пашырыцца і «тэматыка» рэпрэсіяў: пад пераслед, імаверна, будуць трапляць тыя, хто выступае супраць вайны і падтрымлівае Украіну. Ужо цяпер з’яўляецца інфармацыя пра першыя затрыманне і «пакаянныя» відэа беларусаў, якія крытыкавалі ў сеціве расейскую агрэсію.

Хаця ўвагі да палітычных рэпрэсіяў на міжнароднай арэне цяпер будзе менш, але з парадку дня Беларусь дакладна не знікне. Паколькі краіна выступае ў гэтай вайне саюзнікам Расеі, Беларусь таксама будзе ўспрымацца як пагроза бяспекі ў рэгіёне і таму прыцягваць увагу.

Другая за дзень шматлікая акцыя пратэсту каля амбасады Расеі ў польскай сталіцы. Сотні чалавек выказваюць падтрыманне Украіне. Варшава, Польшча. 24 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Раскол сярод прыхільнікаў Лукашэнкі

Напярэдадні вайны Лукашэнка выкарыстоўваў надзвычай жорсткую мілітарысцкую рыторыку, якая часам перасягала нават тое, што казала расейскае кіраўніцтва. Але беспасярэдне пасля пачатку вайны мілітарызм з заяваў Лукашэнкі амаль знік. 24 лютага на нарадзе з сілавікамі ён хоць і апраўдваў дзеянні Расеі, крытыкаваў афіцыйны Кіеў, але дайсці да Ла-Маншу, разбіць Украіну за 3-4 дні і вярнуць яе ў «лона славянства» не абяцаў. «Нам ні ў якім разе нельга ўцягнуцца ў дзярмо», – эмацыйна заключыў ён. 24 лютага, наведваючы Менскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, Лукашэнка фактычна абмінуў тэму вайны, толькі даволі мякка заўважыўшы ў звязку з украінскім пытаннем, што Украіна яшчэ з савецкага часу прытрымлівалася асаблівага курсу.

Усё гэта тлумачыцца тым, што Лукашэнка разумее: вакол тэмы вайны (рэальнай, а не віртуальнай прапагандысцкай) не аб’яднаецца нават ягоны ядравы электарат.

Паводле нядаўняга апытання «Chatham House», толькі 5 % грамадзянаў Беларусі гатовыя пагадзіцца з тым, што жаўнеры тэрміновай службы будуць гінуць у вайне з Украінаю. Толькі 12 % апытаных могуць пагадзіцца з тым, што ваяваць будуць беларускія вайскоўцы-кантрактнікі. Не лічаць удзел Беларусі ў вайне катастрофай усяго 11 %. Лічбы вельмі паказальныя: паводле папярэдняга апытання «Chatham House», Лукашэнку найбольш годным кандыдатам на пасаду прэзідэнта назвалі 27 %.

То бок нават большасць прыхільнікаў Лукашэнкі не гатовыя падтрымліваць удзел Беларусі ў расейскай агрэсіі. Калі дойдзе да таго, што беларускія вайскоўцы будуць гінуць на фронце, сітуацыя можа пагоршыцца настолькі, што ў грамадстве сфармуецца новая пратэставая большасць. Аднак пакуль, на другі дзень канфлікту, няма ніякіх прыкметаў таго, што ў Беларусі могуць выбухнуць вялікія антываенныя пратэсты, якія б маглі пагражаць рэжыму Лукашэнкі.

РР belsat.eu

ВІДЭА
Расея наносіць па Кіеве ракетныя ўдары. Другі дзень вайны ва Украіне. ОНЛАЙН
2022.02.25 07:13
Абноўлена
Расея напала на Украіну. Першы дзень вайны
2022.02.24 06:49
Стужка навінаў