Звольнены за пратэст супраць гвалту лепшы беларускі шахматыст заняў чацвёрты раўнд на Кубку свету


Уладзіслаў Кавалёў – найлепшы шахматыст Беларусі, які мае самы высокі рэйтынг у свеце сярод беларускіх шахматных гульцоў. Летась у жніўні ён адным з першых паставіў свой подпіс пад лістом спартоўцаў за вольныя выбары ды супраць гвалту. За гэта Уладзіслава звольнілі з Рэспубліканскага цэнтру алімпійскага рыхтавання, бо адмовіўся браць удзел у чэмпіянаце краіны на знак пратэсту супраць парушэння канстытуцыйных правоў. І вось мінуў год, як Уладзіслаў з’ехаў з Беларусі. Мы пагутарылі са спартоўцам пра жыццё ўдалечыні ад радзімы, удзел у турнірах і магчымую змену грамадзянства, але пакуль толькі шахматнага.

Уладзіслаў Кавалёў.
Фота: Уладзіслаў Кавалёў / Instagram

Уладзіслаў, добры дзень. Пасля вядомых падзеяў вы пастанавілі, што будзе спакайней за межамі радзімы, і пакінулі Беларусь. Цяпер ужо не сакрэт, што вы ў Расеі. Чаму менавіта там і як вы сябе адчуваеце пасля таго, як год правялі ўдалечыні ад Сінявокай?

– Мая жонка нарадзілася ў Расеі, плюс шэраг сямейных абставінаў, таму мы вымушаныя жыць тут. Але мы цалкам не шкадуем, усё ў парадку. Аднак я хацеў бы прынамсі наведваць сяброў, знаёмых і сваякоў у Беларусі, а цяпер гэта не найлепшая ідэя. Таму я застануся тут.

– Найлепшага беларускага шахматыста Уладзіслава Кавалёва звольнілі з нацыянальнай каманды на пагадненне бакоў. Што вы адчувалі: спусташэнне, радасць, страх нязведанага, развітанне з мінулым?

– Спачатку было трохі страшна, бо я застаўся насамрэч без якога-кольвек падтрымання, гэта было цяжка. Але потым я зразумеў, што мяне не цанілі наагул. Калі казаць шчыра, то я зрабіў шмат для беларускіх шахматаў, для міністэрства, РЦАРу і ўсіх кантораў. Але затым я адчуў палёгку, што цяпер не трэба будзе гуляць у любых турнірах, у якіх я не хачу браць удзелу, але быў вымушаны гэта рабіць. Цягам усёй кар’еры былі такія варыянты, дзе трэба было рабіць выбар. У прыярытэтах былі інтарэсы федэрацыі альбо міністэрства, праз гэта я пакутаваў, не трапляў на турніры, у якіх я хацеў гуляць, прапускаў іх. Цяпер такога няма.

Уладзіслаў Кавалёў.
Фота: Уладзіслаў Кавалёў / Instagram

– Ці складана было рыхтавацца ў Беларусі, знайсці тых жа спарынг-партнёраў? Як гэта выглядае цяпер, калі ўлічваць, што ковід працягвае крочыць па планеце?

– У Беларусі ў цэлым шахматаў ніколі асабліва не было, дый цяпер яны мёртвыя. Са спарынгам у краіне цяжкавата: ёсць некалькі добрых хлопцаў, але выбар малы, на жаль. Аднак у плане рыхтавання мне асабліва не дапамагалі ні федэрацыі, ні міністэрства, ні РЦАР.

– Насупраць прозвішча Уладзіслава Кавалёва ў афіцыйным рэйтынгу ФІДЭ па-ранейшаму напісаная не краіна Беларусь, а Міжнародная федэрацыя шахматаў.

– Так, гэта нейтральны сцяг ФІДЭ. У шахматах ён даволі рэдкі, але дазваляе выступаць пад ім. Я не ведаю, што будзе далей. Магчыма, перайду ў іншую федэрацыю, пакуль я яшчэ не пастанавіў, няма дакладных планаў. Краіну, грамадзянства мяняць не абавязкова, і шахматнае грамадзянства можна. Гэта цяжкая працэдура, якая займае шмат часу і выдаткаў. Я пакуль не ведаю, паглядзім пазней.

– Як вы рыхтуецеся да турніраў? Любыя спаборніцтвы для вас – гэта вялікі стрэс? А можа, атрымліваеце асалоду, своеасаблівы кайф над шахматнаю дошкаю?

– Найперш, безумоўна, я атрымоўваю задавальненне. Шахматы – гэта маё жыццё. Рыхтаванне ідзе па-рознаму, у залежнасці ад таго, якія турніры. У асноўным гэта проста спарынг, звычайна шукаю партнёра, каб падрыхтавацца разам. Калі я гуляю ў гэтым турніры адзін, то гэта самастойная праца ўдома за камп’ютарам, за шахматнаю дошкаю. Працэс не самы захапляльны, гуляць больш цікава, чымся рыхтавацца.

Hавiны
Футбольны чэмпіянат Беларусі масава пакідаюць легіянеры, некаторыя – праз палітыку
2021.12.22 18:01

– Просты прыклад – скажам, тэніс. Гульцы на корце застаюцца некалькіх гадзінаў, яны знясіленыя фізічна, а ў перапынках паміж геймамі пʼюць адмысловыя кактэйлі, ядуць бананы. Вось вы падчас матчу колькі траціце калорыяў?

– У шахматах усё тое самае. Урэшце шахматы не толькі разумовы, але і фізічны від спорту. Гэта ўжо даўно вядома: за партыю шахматыст траціць шмат калорыяў і павінен іх аднаўляць. Некаторыя любяць харчавацца на турніры проста за дошкай, але я не вялікі аматар такога. Лепш вады ці гарбаты пап’ю.

– Па якім часе за шахматнаю дошкаю вы адчуваеце стомленасць і ўжо не зручна гуляць? Колькі максімальна працягвалася партыя ў шахматы з вашым удзелам?

– Максімальная працягласць маёй партыі была 8 гадзінаў 15 хвілінаў (працоўны дзень), было вельмі цяжка ў канцы. Сярэдняя партыя з нармальным класічным кантролем ідзе прыблізна 4 гадзіны, але ёсць і павольныя – можна скончыць за некалькіх гадзінаў. Але пасля 4–5 гадзінаў фізічная падрыхтоўка адыгрывае важную ролю, вельмі часта памыляюцца ненатрэнаваныя спартоўцы ды трацяць канцэнтрацыю ў гульні. Таму важна займацца рознымі відамі спорту, каму як зручней. Мне падабаецца плаваць, гуляць у футбол, зімою шмат прагулянак пешшу. Наш знакаміты суайчыннік, шахматыст Барыс Гельфанд распавядаў, што перад партыяй некалькі гадзінаў гуляў у настольны тэніс.

Уладзіслаў Кавалёў.
Фота: Уладзіслаў Кавалёў / Instagram

– Як пасля турніру вам удаецца разгрузіць сябе, адпачыць? Колькі часу і якому адпачынку аддаяце перавагу? Саўна, дыскатэка, рыбалка, кнігі, шопінг?..

– Усё залежыць ад таго, як хутка вы будзеце мець наступны турнір. Калі ёсць час, то, вядома, можаце мець розныя тыпы адпачынку. Але цяпер у мяне няма часу, каб расслабіцца. Прыехаў 17 снежня з аднаго туру, 25-га – наступны, а ўвесь гэты тыдзень будзе ісці аднаўленне і рыхтаванне да наступнага этапу спаборніцтваў.

– Давайце ўспомнім нядаўні чэмпіянат свету за шахматную карону. Чарговы раз Магнус Карлсэн даказаў, што не мае сабе роўных на планеце. У 2013 годзе нарвежац як перамог Вішўанатана Ананда, гэтак і працягвае. Ці апраўдаліся вашыя чаканні ад матчу Карлсэна і прэтэндэнта Яна Няпомняшчага? Расяянін апрыёры быў нашмат слабейшы?

– Шчыра кажучы, я меркаваў, што будзе менавіта так: гульня будзе ісці да першай паразы. Ян Няпомняшчы – гэта моцны, але псіхічна няўстойлівы гулец, яму вельмі цяжка справіцца з сабою пасля паразы. Як правіла, ён не можа спакойна гэтага перанесці, для яго матч канчаецца. У прынцыпе, усё так і адбылося. Адна партыя, важная шостая партыя, у якой Ян саступіў, а ў выніку яна аказалася яшчэ і самаю доўгаю, больш за 8 гадзінаў. Далей у Няпомняшчага не было ніякіх шанцаў, а Карлсэн – малайчына, чарговы раз даказаў, што ён самы моцны шахматыст. Магнус быў значна мацнейшы і фізічна, і псіхалагічна.

Інтэрв’ю
Экс-капітан зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна – пра спорт, трэнераў і заробкі
2021.12.22 16:10

 

– Якія крытэры прафесіяналізму шахматыста? Нацыянальны, сусветны рэйтынг, колькасць выгуляных турніраў, колькасць заробленых прызавых…

– Найперш, вядома, сусветны рэйтынг. На другую пазіцыю выходзяць тытулы. Вы можаце быць на вышыні рэйтынгу, але калі нічога не заваявалі ў сваім жыцці на сур’ёзных спаборніцтвах, то вас ніхто не будзе памятаць.

– Колькі ў сярэднім можна зарабіць шахматысту вашага ўзроўню за спаборніцтвы ці за год цалкам?

– Сярэднюю суму прыбытку цяжка разлічыць. Гэта можа быць так, што 5 гульняў запар у выніку ў цябе нуль, а затым можа быць адзіны нармальны турнір, які акупіць усе папярэднія спаборніцтвы. Да пандэміі за год можна было зарабіць і 50 тысяч долараў, сёлета такіх буйных турніраў не было.

– Як праходзіць ваш працоўны дзень? А якой падымаецеся і што адбываецца далей?

– Я прачнуўся, пайшоў на сняданак (калі да гэтага была доўгая партыя, то можна і праспаць). Далей рыхтуюся да наступнай партыі, як правіла, кожны дзень – тур. Аналіз матчу праходзіць адразу пасля гульні, каб не адцягваць на потым. Пасля гэтага адпачынак, сон, а раніцай зноў рыхтаванне. І так кола за колам. За дзень я ўжо ведаю, з кім буду гуляць: вывучаю суперніка, я магу бачыць ягоныя хады ў базе. Белымі фігурамі пачынаць лягчэй, бо ты робіш першы ход, а на высокім узроўні гэта безумоўная перавага.

– Ці можна сказаць, што шахматы ў свеце ў цэлым робяцца ўсё больш папулярнымі? Ёсць такая тэндэнцыя? Калі гэта так, то чаму?

– Так, шахматы робяцца папулярнымі апошнім часам. Добра паспрыяў гэтаму выхад серыялу «Ход каралевы», які пакінуў вельмі добрае ўражанне. Раю ўсім паглядзець, хто не бачыў. Яшчэ ў міжнароднай федэрацыі змяніўся прэзідэнт, які стаў папулярызаваць гэты від спорту.

Уладзіслаў Кавалёў.
Фота: Уладзіслаў Кавалёў / Instagram

– Якія ў вас цяпер стасункі з Беларускаю федэрацыяй шахматаў? Яе прадстаўнікі робяць выгляд, што вас не існуе і не заўважаюць?

– Я абсалютна не маю якіх-кольвек стасункаў з імі. Каб усе разумелі: мінуў больш за год, калі мяне звольнілі з федэрацыі, і ніхто не напісаў мне ніводнага слова, як быццам для іх я больш не існую.

– На Кубку свету вы дасягнулі чацвёртага раўнду, які не скараўся ніводнаму беларускаму шахматысту. Вы выступалі пад сцягам ФІДЭ. Была нейкая рэакцыя з нашай федэрацыі?

– Не, не было ніякай рэакцыі. Аднак пакуль я прыносіў ім нейкую карысць, кожны атрымліваў зарплату, узнагароды за мяне, то ўсё ў парадку. І як толькі чалавека не стала, ён сышоў, з’ехаў – усё, для іх ён перастае існаваць.

– Я ведаю, што вы стварылі сваю шахматную онлайн-школу. Вам спадабалася трэнерская праца? Атрымліваеце задавальненне ад яе ці ўсё ж адрэналіну больш, калі выступаеш сам?

– Год таму я заснаваў сваю шахматную школу. Усё мне цяпер па душы, я рады поспехам сваіх вучняў, якіх цяпер у мяне нямала. Яны ўжо выгульвалі асобныя турніры, прывозяць медалі, я вельмі гэтаму рады. Але я хацеў бы больш гуляць сам, асабіста. Аднак на гэты момант няма такой магчымасці праз пандэмію. Хачу запрасіць усіх ахвочых у онлайн-школу. Прыходзьце ўсе, любога ўзросту: ёсць усе ўзроўні рыхтавання, мы будзем вас радыя бачыць і навучым гуляць у шахматы.

Інтэрв’ю
«Беларусь уцягваецца ў архаіку.». Гендырэктар «Tribuna Digital» пра перспектывы беларускага спорту
2021.12.04 12:36

– Наколькі я ведаю, вашая жонка таксама і вашая менеджарка. Вы ўвесь час разам, нават на турнірах? Гэта не перашкаджае канцэнтрацыі? А можа, наадварот, яе павялічвае?

– Жонка дапамагае, падтрымлівае мяне, палягчае працу, агулам – правая мая рука ўва ўсім. За падзеямі ў Беларусі больш сочыць жонка, а пасля ўжо распавядае мне навіны. Я крыху стаміўся ад інфармацыі.

– У канцы інтэрвʼю прынята казаць пра планы на будучыню. Мы не зменім традыцыі: што ў вашым спісе на бліжэйшы час ці, скажам, на доўгатэрміновую перспектыву?

– Цяпер мы выязджаем на чэмпіянат свету па рапідзе і бліцы, што традыцыйна ладзяць у канцы года. Мінулы раз мы яго прапусцілі праз пандэмію. Сёлета ён будзе праходзіць у Варшаве, дзе збяруцца найлепшыя гульцы планеты. Таксама чакаецца, што прыедзе на турнір і чэмпіён свету Магнус Карлсэн. Вельмі моцны складам турнір, вялікія прызавыя. Буду рыхтавацца, каб паказаць добры вынік, аднак і без фартуны не абысціся.

– Наперадзе святы. Што пажадаеце беларусам, усім, хто прачытае гэтае інтэрвʼю ў рэжыме рэальнага часу, і тым, хто, магчыма, цяпер за кратамі і пабачыць яго крыху пазней?

– Дарагія беларусы, жыхары Беларусі і тыя, хто за межамі краіны! Будзьце здаровымі, беражыце сябе – гэта вельмі важна цяпер. Не адчайвайцеся, усё ў нас будзе добра. Я ўпэўнены, што ў наступным годзе нас чакаюць добрыя навіны. Трымайцеся разам, я таксама з вамі. З Новым годам і Калядамі!

Размова
Беларускіх футбалістаў звольняць за пратэст супраць гвалту
2021.11.26 13:37

МФ belsat.eu

Стужка навінаў