На маладзёна, параненага міліцыянтам у Менскай вобласці, завялі крымінальную справу


Следчы камітэт завёў крымінальную справу супраць двух братоў, якіх затрымалі нібыта за захоўванне зброі і боепрыпасаў. Адзін з іх, паводле версіі сілавікоў, «размахваў нажамі» і быў паранены агнём на паражэнне.

Штурм дому ў Крупскім раёне, дзе, імаверна, незаконна захоўвалася зброя. 21 лістапада 2023 года. Здымак з відэа: МВД Беларуси / Telegram

Братоў 19 і 36 гадоў абвінавацілі ў гвалце і пагрозе яго ўжывання ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў. Следчыя будуць прасіць суд арыштаваць фігурантаў, паведамляе ўпраўленне СК па Менскай вобласці.

Інцыдэнт адбыўся 21 лістапада ў вёсцы Вялікі Лес Крупскага раёну. Губазікаўцы разам з амапаўцамі уварваліся ў хату, дзе, як меркавалася, захоўвалася зброя і боепрыпасы.

Удома быў 62-гадовы бацька з двума сынамі. Старэйшы, як сцвярджае СК, «ударыў міліцыянта, спрабуючы пазбегчы арышту». А малодшы сын «размахваў нажамі» і «выкрыкваў пагрозы іх ужывання ў дачыненні міліцыянтаў». Хлопца не спыніў папераджальны стрэл, у выніку сілавікі «былі вымушаныя адкрыць агонь на паражэнне».

Следчы камітэт сцвярджае, што жыццю хлопца, якога шпіталізавалі, нічога не пагражае.

Паводле афіцыйных паведамленняў, «у доме знойдзены і сканфіскаваны цэлы арсенал агнявой і халоднай зброі».

Hавiны
Міліцыянты ў Беларусі зноў стралялі ў вяскоўцаў. Адзін чалавек паранены
2023.11.21 11:53

Гэта не першае за апошні час здарэнне, калі сілавікі стралялі ў цывільных асобаў: 20 лістапада ў Рэчыцкім раёне супрацоўнікі паранілі 39-гадовага жыхара, які нібыта не рэагаваў на патрабаванні скласці зброю і «рухаўся са стрэльбаю, скіраванай у бок міліцыянтаў і цывільных асобаў». Мужчыну шпіталізавалі, але ў лякарні ён памёр.

Hавiны
Сілавікі забілі вяскоўца. Кажуць, ішоў на іх п’яны са стрэльбай
2023.11.20 12:24

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў