Сілавікі забілі вяскоўца. Кажуць, ішоў на іх п'яны са стрэльбай


Здарэнне адбылося ў вёсцы Ліскі Рэчыцкага раёну.

Крыніца: МУС

Паводле прэс-службы МУС, у міліцыю звярнуўся мясцовы жыхар і заявіў, што аднавяскоўцы пагражалі яму зброяй.

«Высветлена, што заяўнік напярэдадні распіваў спіртное ў кампаніі прыяцеляў, затым пайшоў дадому. Пасля двое сабутэльнікаў 36 і 39 гадоў прыйшлі да яго дадому з абвінавачваннямі ў крадзяжы алкаголю. Падчас сваркі адзін з іх выказваў пагрозы расправы з гаспадаром дому і яго сямʼёй, зрабіў стрэл з паляўнічай стрэльбы ў плот. Мужчына адразу ж патэлефанаваў у міліцыю», – гаворыцца ў паведамленні.

Сілавікі выехалі па адрасах тых, хто нападаў. 36-гадовага мужчыну затрымалі па месцы жыхарства, а 39-гадовага знайшлі на адной з вуліцаў вёскі з паляўнічаю стрэльбай.

Паводле версіі сілавікоў, мужчына не рэагаваў на патрабаванні скласці зброю і «рухаўся са стрэльбай, накіраванай у бок міліцыянтаў і грамадзянскіх асобаў».

«Супрацоўнікі зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра, затым адзін на паражэнне», – дадалі ў МУС.

Гісторыі
Сілавікі пайшлі глядзець «OnlyFans»? Беларуска расказала пра пераслед за «распаўсюд порна»
2023.11.19 15:00

Прэс-служба апублікавала відэа з рэгістратара. Аднак яно не пацвярджае версіі сілавікоў: на ім не бачныя цывільныя асобы (тым больш на вуліцы была глыбокая ноч), а таксама тое, што вясковец ішоў на міліцыянтаў і пагражаў ім зброяй. З відэа зразумела, што мужчына атрымаў раненне. Чуваць, што адзін з міліцыянераў камандуе выклікаць хуткую. Аднак у больніцы вясковец памёр.

З месца здарэння канфіскаваныя паляўнічая стрэльба і больш за дзясятак патронаў да яе.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў