NATO ўпершыню праверыла сцэнар калектыўнай абароны на марскіх вучэннях


Арганізацыя Паўночнаатлантычнай дамовы (NATO) паведаміла 23 верасня, што ўпершыню правяла марскія вучэнні паводле сцэнару, у якім актывуецца артыкул 5 гэтай самай дамовы: узброены напад на аднаго чальца лічыцца нападам на ўсе дзяржавы альянсу.

Northern Coasts 2023
Вучэнні NATO «Northern Coasts 2023».
Фота: Nato.int

Вучэнні «Northern Coasts 2023» праводзіліся ў Балтыйскім моры і ў тэрытарыяльных водах Латвіі і Эстоніі яшчэ 11–22 верасня. Вялікія марскія вучэнні ладзілі, каб збудаваць сумяшчальнасць войскаў на высокім узроўні і паказаць рашучасць краінаў-чальцоў у стрымліванні агрэсіі.

Такія вучэнні праводзяць штогод з 2007-га, але сцэнар актывацыі артыкулу 5 на такіх вучэннях не адпрацоўвалі. Сёлета ў «Northern Coasts» бралі ўдзел 14 чальцоў NATO (вядучую ролю мела Нямеччына) і Швецыя, што не ўваходзіць у альянс, але лічыцца партнёрам.

У вучэннях выкарысталі амаль тры дзясяткі караблёў і паўтара дзясяткі самалётаў, звыш 3000 марскіх пехацінцаў, маракоў і лётчыкаў. Другая фаза вучэнняў была пра праблемы тактычнага ўзроўню, а сітуацыяй кіравалі з нямецкага Ростаку, што амаль у тысячы км ад месца вучэнняў. Акрамя таго, у час вучэнняў супрацьмінная група выявіла і абясшкодзіла больш за дзясятак рэальных марскіх мінаў часоў Другой сусветнай вайны.

Вучэнні па сцэнары, што ўключае артыкул 5, сёлета былі таксама ў паветры: «Air Defender 2023» у NATO называлі найбуйнейшымі паветранымі вучэннямі ў гісторыі альянсу, і яны ўключалі сцэнар дапамогі паводле механізму калектыўнай абароны.

Фінляндыя і Швецыя пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне сабраліся адначасова ўступіць у NATO – тое было яшчэ ў 2022 годзе, аднак праз пратэсты Вугоршчыны і Турэччыны працэс зацягнуўся. Фінляндыя далучылася да NATO 4 красавіка 2023 года, а Швецыя чакае канчатковага ўхвалення заяўкі ад Турэччыны – тая заяўляла, што ўхваліць заяўку не раней за кастрычнік.

Беларусь уваходзіць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспекі (АДКБ) – фактычна, саюз вакол Расеі. Гэтая арганізацыя мае артыкул 4 аб калектыўнай абароне, падобны да натаўскага артыкулу 5. Але гэты артыкул не ўжывалі, калі на Арменію (чальца АДКБ) нападаў Азербайджан (які з АДКБ выйшаў), а таксама калі ваявалі Кыргызстан і Таджыкістан (абодва – чальцы АДКБ).

Hавiны
Лукашэнка раскрытыкаваў АДКБ. Чаго ён ад яе хоча
2023.06.20 15:26

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў