«Я ганаруся тым, што вам дапамагаюць беларусы». Святлана Ціханоўская павіншавала Украіну з Днём незалежнасці


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з віншавальнай прамовай з нагоды Дня незалежнасці.

«Прайшло ўжо паўтара года ад поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Увесь гэты час вы бароніце сваю незалежнасць са зброяй у руках і агнём у сэрцы. Мы схіляем галовы перад вашай мужнасцю і стойкасцю.

Вашая барацьба за сваю свабоду – натхняе ўвесь свет. Я ганаруся тым, што ў гэтай барацьбе дапамагаюць беларусы», – сказала ў сваёй прамове Святлана Ціханоўская.

Яна выказала гонар за подзвігі, якія здзяйсняюць ваяры палка Каліноўскага і беларускія добраахвотнікі іншых падраздзяленняў, за валанцёраў, якія аднаўляюць украінскія гарады і дасылаюць інфармацыю ў «Беларускі Гаюн», за ўсіх вольных беларусаў, якія дапамагаюць украінскай арміі фінансава, набліжаючы яе перамогу.

«Мы адновім добрыя стасункі паміж нашымі народамі, а тыя, хто ўвязаў нашую краіну ў вайну, – абавязкова панясуць адказнасць. Дарагія ўкраінцы, зычу вам сустрэць наступны Дзень незалежнасці ў мірнай і свабоднай Украіне. Слава Украіне! Жыве Беларусь!» – закончыла прамову Святлана Ціханоўская.

Дзень незалежнасці – галоўнае дзяржаўнае свята Украіны, якое штогод адзначаецца 24 жніўня. У гэты дзень – 24 жніўня 1991 года – Вярхоўная Рада прыняла Акт абвяшчэння незалежнасці Украіны.

Аналітыка
Ад 100 да 500 тысячаў. Якія страты зазнала Расея і Украіна за 1,5 года вайны
2023.08.24 09:32

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў